ASBIS

кіпрская кампанія

ASBIS (бел. «АСБІС») — заснаванае ў 1990 годзе ў Менску кіпрскае транснацыянальнае прадпрыемства, што з 1995 году мае галаўную сядзібу ў кіпрскім горадзе Лімасоле і ажыцьцяўляе збыт вылічальных прыладаў і праграмнага забесьпячэньня ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Зьяўляецца афіцыйным дыстрыб’ютарам такіх брэндаў, як Intel, Advanced Micro Devices, Seagate Technology, Western Digital, Samsung, Microsoft, Toshiba, Dell, Acer, Hitachi і Apple. Амаль чвэрць прыбытку кампанія атрымлівае ад продажу спажывецкай электронікі пад уласнымі гандлёвымі маркамі Prestigio і Canyon[1].

ASBIS
Тып публічная кампанія
Лістынг на біржы WSE: ASB
Дэвіз Распаўсюд для вашага посьпеху
Заснаваная 1990
Заснавальнікі Сяргей Касьцевіч
Разьмяшчэньне Лімасол, Кіпр
Галіна электроніка
Прадукцыя апраграмаваньне, ноўтбук, пляншэт, смартфон, цьвёрды дыск, цэнтральны працэсар
Абарачэньне $1 551 млн (2014)
Апэрацыйны прыбытак $16,3 млн
Чысты прыбытак $0,98 млн
Лік супрацоўнікаў >1700 (2013)

Мінуўшчына рэдагаваць

 
Смартфон Prestigio Multiphone PAP5430

У 1990 годзе былы навуковы супрацоўнік Менскага радыётэхнічнага інстытуту Сяргей Касьцевіч (нар. 1965 г.; Менск, Беларуская ССР, СССР) адчыніў прадпрыемства «АСБІС» (анг. Advanced Storage and Business Integrated Solutions — Перадавое захоўваньне і ўлучаныя ў прадпрыемства рашэньні) для рамонту кампутараў. У 1991 годзе прадпрымальнік распрацаваў першы ў СССР цьвёрды дыск. У 1992 годзе прадпрыемства заключыла першы кантракт на дыстрыбуцыю сыстэмаў захоўваньня зьвестак з амэрыканскай кампаніяй Seagate Technology. Да 1994 кампанія выйшла на расейскі і ўкраінскі рынкі.

У 1995 ASBIS Enterprises Limited была зарэгістраваная на Кіпры як холдынгавая кампанія. Да 1997 року прыбытак кампаніі перавысіў 100 млн даляраў, і ASBIS быў прызнаны самым хутка растучым дыстрыбутарам кампутарных кампанэнтаў у Эўропе, Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

Цягам 1998 року даччыныя кампаніі ASBIS былі адкрытыя ў Чэхіі, Харватыі, Югаславіі, Вугоршчыне, Польшчы, Румыніі, Баўгарыі і Славеніі.

У 2002 року ASBIS дасягнуў прыбытку ў 540 млн дал., што на 44% болей у параўнаньні з 2001 року. Прадукты ўласнай гандлёвай маркі кампаніі — Canyon — сталі дасяжныя для болей як 10 000 пакупнікоў у 20 краінах сьвету. У 2002 року інвэстарамі кампаніі сталі «Greek Black Sea Fund» і Альфа-Банк.

У 2007 ASBIS выйшла на IPO на Варшаўскай фондавай біржы. У 2011 року 36,7 % акцыяў кампаніі было прададзена. З 2011 року ASBIS пачала прадаваць пляншэтныя кампутары, а з 2012 — смартфоны пад уласнай гандлёвай маркай Prestigio.

У 2014 г. збыт у асноўным прыпадаў на смартфоны ($305 млн, 20%), цэнтральныя працэсары ($256 млн, 17%), пляншэты ($216 млн, 16%), ноўтбукі ($170 млн, 11%), цьвёрдыя дыскі ($159 млн, 10%) і апраграмаваньне ($114 млн, 7%). У тым ліку выручка ад продажу вылічальных прыладаў пад уласнымі таварнымі знакамі, пераважна пляншэтаў і смартфонаў Prestigio, склала $349,7 млн (23% ад агульнай выручкі). На 2015 г. гуртовы збыт вёўся празь сядзібы ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (Дубай), Кітаі (Шэньчжэнь, правінцыя Гуандун) і Чэхіі (Прага). Прадпрыемства валодала 31 таварным складам у 26 краінах, у тым ліку ў 20 краінах Эўропы (Ангельшчына, Баўгарыя, Беларусь, Вугоршчына, Ірляндыя, Кіпр, Латвія, Летува, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Расея, Румынія, Славаччына, Славенія, Сэрбія, Украіна, Харватыя, Чэхія і Эстонія), 5 краінах Азіі (ААЭ, Казахстан, Кітай, Саудаўская Арабія і Турэччына) і 1 краіне Афрыкі (Марока). На пачатак 2015 г. асноўным акцыянэрам заставаўся заснавальнік Сяргей Касьцевіч (41%). 48% паёў знаходзіліся ў вольным продажы на Варшаўскай фондавай біржы[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Валерий Кодачигов. (30 верасьня 2014) Гендиректор Prestigio Юрий Антошкин покинул компанию (рас.). Ведомости. Праверана 23 красавіка 2015 г.
  2. ^ Канстантынас Тзямаліс, Марыёс Крыстоў. Справаздача за 2014 год (анг.) // АСБІС, 26 лютага 2015 г. Праверана 24 красавіка 2015 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць