Яўген Кулік

беларускі мастак

Яўге́н Сярге́евіч Кулі́к (31 кастрычніка 1937, Менск, БССР — 12 студзеня 2002, Менск, Беларусь) — беларускі мастак, кніжны графік, бібліяфіл. Мастацкі рэдактар часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка». Аўтар рэканструкцыяў беларускіх замкаў, партрэтаў дзеячоў Беларушчыны. Адзін з заснавальнікаў суполкі «Пагоня»[1]. Аўтар эталёну гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гг.[2]

Яўген Кулік
Аўтапартрэт
Дата нараджэньня 31 кастрычніка 1937
Месца нараджэньня Менск
Дата сьмерці 12 студзеня 2002
Месца сьмерці Менск
Месца пахаваньня
Адукацыя Менская мастацкая вучэльня (1957), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1963)
Месца вучобы
Занятак жывапіс, графіка
Плынь этнаграфізм
(«На Паддашку»)
Працы «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны» (1974), малюнкі-рэканструкцыі «Замкі Беларусі» (1977), аркушы «На куцьцю» (паводле паэмы Янкі Купалы (1982)) і «Памяці Алены Кіш» (1983)

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Па вайне скончыў Менскую мастацкую вучэльню (1957), а пасьля Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1963). Ад 1963 году браў удзел у мастацкіх выставах. Яго майстэрня, што знаходзілася ў Менску насупраць будынку КДБ, стала ў 1960-я гады нацыянальным асяродкамі сталіцы і атрымала назоў «На паддашку».

Сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1965 году. Старшыня камісіі БСМ па народным мастацтве.

Ня быў сябрам камсамолу й камуністычнай партыі, ён гаварыў выключна па-беларуску.[3]

Апошнія гады жыцьця Яўгена Куліка былі надзвычай цяжкімі. З гадамі ў яго пачала праяўляцца рэдкая хвароба суставаў. Мастака нібыта скручвала, косткі рабіліся крохкімі. Раз, пасьлізнуўшыся ўзімку, Кулік атрымаў дванаццаць пераломаў.[3]

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску. У лістападзе 2005 году на могілках быў адкрыты помнік Куліку.[4]

 
Эталён «Пагоні» ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гг. аўтарства Яўгена Куліка

Творчасьць рэдагаваць

Вельмі вядомыя яго графічныя нізкі «Помнікі дойлідзтва Гарадзеншчыны», «Замкі Беларусі», «Храмы Беларусі», «Сьцяжынамі Язэпа Драздовіча», «Паўстаньне 1863 г. у Беларусі». У 1970—80-я гады займаўся кніжнай графікай, аформіў дзясяткі кніжак, і найлепшымі зь іх былі: «Слова аб палку Ігаравым», «Ад гоману бароў» Александровіча, «Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык» М. Багдановіча, «Сонечны клубочак» В. Зуёнка. Сапраўдным шэдэўрам мастака сталася кніга «Песьня пра зубра» М. Гусоўскага.

Разам са сваім аднадумцам Л. Баразной Кулік стварыў цэлую нацыянальна-рамантычную плынь у беларускім паваенным мастацтве.[3]

У 1991 годзе, разам з Уладзімерам Крукоўскім, стаў адным з аўтараў эталёну гербу «Пагоня», які выкарыстоўваўся як дзяржаўны герб Беларусі да 1995 году.

Асоба рэдагаваць

  Яўген Кулік [быў нібы] ганец, якога ў старажытныя часы высылалі з княскага войска несьці на Бацькаўшчыну добрыя весткі. Кулік прынёс беларусам вестку пра Адраджэньне.  

Уладзімер Басалыга[5]

  Гэты невысокі, згорблены чалавек з кароткім порсткім прозьвішчам быў з тае вялікае жменькі людзей, якія ўзгадавалі адраджэньне, адваявалі незалежнасьць. Зь вялікае жменькі нацыяналістаў-заснавальнікаў.  

—Эдвард Людовіч[5]

  Калі гаворыш пра Куліка, цяжка пазьбегнуць патасу. …Гэтая постаць як гара, будзе вырастаць з году ў год, чым далей мы будзем ад яе адыходзіць. Чалавек згуртаваў вакол сябе бліскучую плеяду беларускае інтэлігенцыі — мастакоў, літаратараў, гісторыкаў, стварыў дзяржаўны герб незалежнае Беларусі. Кулік быў ідэйным цэнтрам супольнасьці інтэлігенцыі. …Тут ён рабіў працу, падобную да той, якую ў Польшчы выконваў рэдактар парыскай «Культуры» Ежы Гедройц. …Кулік назаўжды застанецца сымбалям непадкупнасьці і нязломнасьці, няскоранасьці духу.  

Сяргей Харэўскі[3]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ «Мастак, які ў душы нёс сьцяг Беларушчыны» Радыё Свабода Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
  2. ^ http://www.svaboda.org/content/article/24756568.html
  3. ^ а б в г Гаспадар «Паддашка» Наша Ніва Праверана 31 кастрычніка 2012 г.
  4. ^ Альгерд Невяроўскі, На Кальварыйскіх могілках Менску адкрыты помнік мастаку Яўгену Куліку // Радыё Свабода, 6 лістапада 2005 г.
  5. ^ а б Стаў часткай гісторыі Наша Ніва Праверана 31 кастрычніка 2012 г.

Літаратура рэдагаваць

  • Харэўскі С. Мастацтва таталітарызму. // У кн. Таталітарызм. Курс лекцыяў. Рэд. А. І. Анціпенка. — Мн: Беларускі Калегіюм, 2007.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць