Юлія Бібіла

беларуская бібліятэкарка, бібліёграф

Ю́лія Во́сіпаўна Бібі́ла (10 студзеня 1897, Поразава Ваўкавыскі павет Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя — 9 сьнежня 1974, Менск, Беларуская ССР) — беларуская бібліятэкарка, бібліёграф. Стаяла ля вытокаў дзяржаўнай рэгістрацыі беларускіх друкаваных выданьняў, стваральніца першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі.

Юлія Восіпаўна Бібіла
Дата нараджэньня 10 студзеня 1897(1897-01-10)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 9 сьнежня 1974(1974-12-09) (77 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак бібліятэкарка, бібліёграф
Месца працы
Вядомая як стаяла ля вытокаў дзяржаўнай рэгістрацыі беларускіх друкаваных выданьняў, стваральніца першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзілася ў сям’і валаснога пісара ў мястэчку Поразаве Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер у Сьвіслацкім раёне Гарадзенскай вобласьці). Навучалася ў Ваўкавыскай, пасьля ў Бабруйскай жаночай гімназіі. Брала ўдзел у працы Бабруйскага аддзелу Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

У 1915 року паступіла на Бястужаўскія вышэйшыя жаночыя курсы ў Петраградзе. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 року вярнулася ў Бабруйск. Працавала настаўніцай. Арганізавала ў мескай бібліятэцы аддзел краязнаўчай літаратуры, была сяброўкай Беларускага культурна-асьветнага таварыства.

З 1921 року — у Менску. У 1922—1937 працавала загадчыцай беларускага аддзелу Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Леніна. Скончыла этноляга-лінгвістычнае аддзяленьне факультэту грамадзкіх навук БДУ (1925). Выкладала ў дасьледчыцка-паказальнай школе-сямігодцы пры пэдагагічным факультэце, працавала сакратаркай бібліяграфічнай камісіі Інбелкульту.

У 1937 рэпрэсаваная і высланая зь Беларусі. Працавала майстрыхай у саратаўскай арцелі «Каруначніца» (1937—1938). У 1938—1939 зьняволеная ў турму. У 1939—1959 роках — галоўная бібліёграф бібліятэкі Саратаўскага ўнівэрсытэту.

Вярнулася ў Менск у 1959 року. Працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР.

Дзейнасьць рэдагаваць

Распачала бібліяграфічную рэгістрацыю друку БССР, разам з калегамі ўдзельнічала ва ўкладаньні першай беларускай краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі.

Арганізавала выданьне «Летапісу беларускага друку» (з 1924). Апублікавала бібліяграфію твораў Цішкі Гартнага (зборнік «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы», 1928), матэрыялы да біяграфіі Цёткі (часопіс «Запіскі аддзела гуманітарных навук», 1928). Падрыхтавала сыстэматычны паказальнік «Беларускі пэрыядычны друк, 1917—1927» (1929).

Аўтарка-складальніца шэрагу бібліяграфічных паказальнікаў «Русская дореволюционная книга о Белоруссии (1802—1916 гг.)» (1964), «Беларуская ССР у друку сацыялістычных краін, 1946—1965» (1966), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: феадалізм і капіталізм» (1969), «Асьвета ў Беларускай ССР за 50 гадоў Савецкай улады» (1973) ды інш. Пакінула ўспаміны пра Янку Купалу, пра Дзяржаўную бібліятэку БССР, пра Саратаўскую бібліятэку.

Самадзейная майстрыха мастацкага ткацтва (паясы, гальштукі, закладкі для кніг), удзельніца выставаў, зьбіральніца ўзораў беларускага народнага ткацтва.

Літаратура рэдагаваць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
  • Адрасы талентаў зямлі роднай: [пра беларускага бібліёграфа Ю. І. Бібілу, ураджэнку г.п. Поразава Свіслацкага раёна] // Свіслацкая газета. — 1998. — 21 ліпеня. — С. 3
  • Бібіла Ю. В.: [беларускі бібліёграф, ураджэнка г.п. Поразава Свіслацкага раёна] // Гарадзенскія запісы. Вып. 2. — Гародня, 1996. — С. 193—194
  • Ватацы Н. Б. Бібіла Юлія Іосіфаўна: [(1897, г.п. Поразава Свіслацкага раёна — 1974), беларускі бібліёграф. Прыведзены кароткія бібліяграфічныя звесткі] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т.1. — Мн., 1984. — С.433 — 434
  • Юлія Бібіла: [біяграфічныя звесткі] // Пяткевіч А. Літаратурная Гродзеншчына. Мн., 1996. — С. 24

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць