Швайпольт Фіёль

нямецкі друкар

Швайпо́льт Фіё́ль (па-нямецку: Schweipolt Fiol), таксама Сьвятаполк, Сэбальд, Файль, Фэйль (каля 1460, Нойштадт-на-Айшы — 1525/1526, Кракаў) — заснавальнік славянскага кнігадруку кірылічным шрыфтам.

Швайпольт Фіёль
Дата нараджэньня каля 1460[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці каля 1525[1] або 1526
Месца сьмерці
Занятак book printer, друкар, выдавец, ювэлір, графік, вынаходнік, гандляр, мастак-гравэр

Па паходжаньні немец з Франконіі, каталік.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў месьце Нойштадт-на-Айшы ва Франконіі. У Кракаве зьявіўся ў 1479 року і неўзабаве быў залічаны ў цэх залатых справаў майстрам. Працаваў гафцяром(pl) (па-нямецку: perlenhaftir)[2][3].

9 сакавіка 1489 року вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімер выдаў Фіёлю прывілей на вынайдзеную ім машыну для адпампоўкі вады з шахтаў[3]. Вынаходніцтва зацікавіла заможнага купца і банкіра Яна Турзо (1437—1508), які валодаў шматлікімі шахтамі, у тым ліку сьвінцовымі руднікамі ў Олькушы. У 1483 року Турзо разам з кракаўскім патрыцыем Янам Тэшнарам сталі фундатарамі Швайпольтавай друкарні(pl)[4].

Для пачатку кнігадрукаваньня неабходна было выразаць падыходзячы кірылічны шрыфт. 26 кастрычніка 1489 року Фіёль уклаў дамову зь Якабам Карбесам, які абавязаўся «выгравіраваць і юстыраваць літары рускага шрыфту». У той самы час ён накіроўваецца ў Нюрнбэрг, верагодна, для таго, каб там вырабіць пуансоны для наступнага адцісканьня матрыцаў[4].

Наступнае дакумэнтальнае сьведчаньне пра Фіёля адносіцца да 18 верасьня 1490 року: Фіёль абвінаваціў бакаляўра Ёгана і Мікаляўса Сьведлера з Нойбурга ў выкраданьні паперы, якая захоўвалася ў кракаўскай майстэрні. Тыя ж, у сваю чаргу, падалі на Фіёля ў суд за паклёп. Доказаў Фіёль прадаставіць ня здолеў, аднак давёў, што бачыў крадзеж на ўласныя вочы. Вырак суду па гэтай справе невядомы[4].

Канчатковы варыянт кірылічнага шрыфту «выразаў для названага Швайпольта некаторую колькасьць ліцераў і перадаў іх у цалкам гатовым і юсьціраваным выглядзе гэтам же Швайпольту, а таксама выканаў іншыя ягоныя даручэньні»[5] студэнт Кракаўскага ўнівэрсытэту Рудольф Борсдарф з Браўншвайга (Ludolfus Ludolfi de Brunszwyczk)[3]. Рудольф абавязаўся не вырабляць падобных шрыфтоў нікому, акрамя Фіёля, нават самому сабе, а таксама нікага не навучаць гэтаму прадмету[6]. Агулам Рудольф выканаў 230 ліцераў і надрадковых знакаў[6].

У сваіх творах выдавецкую дзейнасьць Фіёля падтрымліваў знакаміты нямецкі паэт-гуманіст Конрад Цэльтыс, які жыў у 1489—1491 у Кракаве[4].

Вядома, што ў ліпені 1491 року Фіёль судзіўся зь нейкім спадаром Отта з-за грошай. 1 жніўня 1491 року кнігадрукар быў асуджаны і 21 лістапада кінуты ў вязьніцу. Быў адпушчаны пад заклад у 1000 вугорскіх флёрынаў, прад’яўленых ягонымі апекунамі[4].

13 студзеня 1492 року арцыбіскуп гнезьненскі раіў Яну Турзо ўстрымацца ад распаўсюджаньня і друкаваньня рускіх кніг[4]. Існуе вэрсія[4], што ананімнасьць чацьвёртага выданьня («Трыёдзі каляровай») Швайпольта Фіёля выкліканая забаронай гнезьненскага капітула на выданьне кірылічных кніг.

22 сакавіка 1492 Фіёль быў асуджаны, відаць, за ерэтычныя выказваньні. 27 сакавіка апраўданы царкоўным судом.

З 1502 року жыў у сылескім месьце Райхенштайн, пазьней пераехаў у Левачу[6], дзе займаўся горнай справай[3]. Апошнія рокі знаходзіўся ў Кракаве[3], жывучы на пэнсію, прызначаную яму сямействам Турзо. Сканаў у канцы 1525 або пачатку 1526 року[4].

Быў жанаты з Маргарытай, старэйшай дачкой багатага кракаўскага месьціча, старшыні цэху мясьнікоў Мікалая Любчыца.

Выданьні рэдагаваць

 
«Актоіх» выданьня Фіёля

Агулам у кракаўскай друкарні Фіёля было надрукавана 4 выданьні на царкоўнаславянскай мове[3][4][7].

У «Актоіху» і «Часаслове» прысутнічае наступны каляфон: «Докончана быс сия книга у великомь градЂ оу Крако†при держа†великаго короля полскаго Казимира, и докончана быс мЂщанином краковьскымь Шваиполтомь, Феоль, из нЂмець немецкого родоу, Франкь. И скончашас по божием нарожениемь. 14 съть девятьдесят и 1 лЂто»[6][8]. Паколькі тэкст каляфону набраны бяз пропустаў, магчымыя некалькі варыянтаў ягонага тлумачэньня[8]. Так, напрыклад, прачытаньне «мЂщанином краковьскымь Шваиполтомь, Феоль и з нЂмець немецкого родоу, Франкь» дазволіла польскаму літаратуразнаўцу К. Эстрайхеру казаць пра тое, што выдаўцамі былі два чалавекі: славянін Сьвятаполк і нейкі немец, родам франк[9]. Пасьля таго, як былі знойдзеныя архіўныя дакумэнты пра пражываньне ў 1478—1499 у Кракаве Швайпольта Фіёля, які называў сябе франкам, такое прачытаньне згубіла сэнс[6]. Ва ўкраінскай гістарыяграфіі дагэтуль часам Швайпольта Фіёля называюць Сьвятаполкам зь лемкаў, што ня мае ніякіх дакумэнтальных пацьверджаньняў[6].

«Актоіх» надрукаваны ў фармаце in folio, выкананы ў тэхніцы двухфарбавага друку і складаецца з 22 васьміаркушавых[10] сшытку. Агулам аркушаў 172, 3 апошнія аркушы пустыя. Некаторыя старонкі ўпрыгожаныя складаным арнамэнтам, у пачатку кожнага разьдзелу вялікія літары расфарбаваныя цынобраю. Арнамэнтацыя сьціплая. На другім аркушы кнігі перад пачаткам тэксту адлюстраваная плеценая застаўка, ніжэй — плецены ініцыял. Акрамя таго, інкунабула ўтрымлівае 12 радкоў вязі і простыя па малюнку і невялікія з пункту гледжаньня памераў ініцыялы-лямбарды[8].

Захаваліся 8 асобнікаў «Актоіха». Два знаходзяцца ў Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы, два ў Дзяржаўным гістарычным музэі, два ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы, адзін у зборах А. Я. Лабанава-Растоўскага, месцазнаходжаньне якога невядомае. Апошні вядомы асобнік быў знойдзены Э. С. Сьмірновай у 1965 року ў вёсцы Заазер’е Халмагорскага раёну Архангельскай вобласьці і захоўваецца ў Навуковай бібліятэцы Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Аркуш з каляфонам (169 адваротны) захаваўся толькі ва ўроцлаўскім асобніку кнігі, які зараз знаходзіцца ў Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы[8].

У «Трыёдзі каляровай» каляфону няма, але прысутнічае друкарская марка Швайпольта Фіёля. Тым самым шрыфтам аддрукаваная ананімная «Трыёдзь посная». Захаваліся 28 асобнікаў «Трыёдзяў каляровых», зь іх прынамсі 4 поўных. «Трыёдзь каляровая» складаецца з 366 аркушаў, найбольш поўны асобнік быў знойдзены ў кастрычніку 1971 року ў царкве сьв. Мікалая ў Шкея і месьціцца ў Музэі румынскай культуры ў Брашаве (Румынія), агулам захаваўся 21 асобнік[4].

У брашаўскім асобніку «Трыёдзі каляровай» захаваўся найстаражытнейшы ў кірылічным кнігадрукаваньні дрэварыт — раскрыжаваньне[6].

Крыніцы і заўвагі рэдагаваць

  1. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118925326 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ Майстры гафцярскай справы вышывалі тканіны золатам і срэбрам і ўпрыгожвалі іх каштоўнымі камянямі.
  3. ^ а б в г д е Галенчанка Г. Фіёль // Вялікае Княства Літоўскае. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005. — 788 с.: іл. — с. 702. ISBN 985-11-0378-0.
  4. ^ а б в г д е ё ж з і Голденков М. Швайпольт Фиоль – первый русский книгопечатник // Аналитическая газета «Секретные истории».
  5. ^ Цытата з акту ад 4 лютага 1491 року.
  6. ^ а б в г д е ё Ісаєвич Я. Початки кириличного друкарства // Українське книговидання: витоки, розвиток, проблеми. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича НАН України, 2002. — С. 88-91.
  7. ^ Прынамсі, пэўна вядома толькі пра чатыры выданьні. Некаторыя дасьледнікі пішуць і пра пятае — «Псалтыр з усьледваньнем», але яно пакуль ня знойдзена. Адзіная згадка пра яго зьмяшчаецца ў працы ніжагародзкага біскупа Пітырыма «Пращица, новосочиненная противо вопросов раскольнических» (СПб., 1721).
  8. ^ а б в г Первенец славянского книгопечатания - Октоих 1491 г.. Книжные памятники Архангельского Севера. Праверана 27 сьнежня 2009 г.
  9. ^ Estreicher K. Gunter Zainer i Świętopołk Fioł. — Warszawa, 1867. — S. 52-56. (odb. z «Biblioteka Warszawka»)  (пол.)
  10. ^ Акрамя апошняга 22-га сшытку.

Літаратура рэдагаваць

  • Ісаєвич Я. Початки кириличного друкарства // Українське книговидання: витоки, розвиток, проблеми. — Львів: Інститут українознавства ім. І. Крип’якевича НАН України, 2002. — 520 с.
  • Немировский Е. Л. Начало славянского книгопечатания. — М.: 1971.
  • Немировский Е. Л. Описание изданий типографии Швайпольта Фиоля // Описание старопечатных изданий кирилловского шрифта. — М.: 1979.
  • Немировский Е. Л. Начало славянского книгопечатания кирилловским шрифтом // Исследования и материалы. — М.: 1991.
  • Szwejkowska H. Książka drukowana XV - XVIII wieku // Zarys historyczny. — Wyd. 3 popr. — Warszawa: PWN Wrocław, 1980.