Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў

Цэнтра́льная ра́да белару́скіх арганіза́цыяў (ЦРБА) — каардынацыйны орган беларускіх нацыянальных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Створаная на Зьездзе беларускіх арганізацыяў і партыяў, дзейнічала ў ліпені — кастрычніку 1917 году.

Цэнтральная рада беларускіх арганізацыяў
Абрэвіятура ЦРБА
Наступнік Вялікая беларуская рада
Дата ўтварэньня ліпень 1917 году
Дата спыненьня існаваньня 12 кастрычніка 1917 году

ЦРБА імкнулася аб’яднаць усе нацыянальна-дэмакратычныя сілы на тэрыторыі Беларусі і за ейнымі межамі. Друкаваны орган — газэта «Вольная Беларусь».

У склад выканаўчага камітэту абраныя правадзейныя сябры: У. Галубок, Я. Лёсік, А. Лявіцкі (Ядвігін Ш.), А. Смоліч (фактычны кіраўнік), У. Фальскі. Даміноўнае становішча ў Радзе займалі прадстаўнікі Беларускае сацыялістычнае грамады.

Рада дзейнічала ва ўмовах, калі паглыбленьне сыстэмнае крызы ў Расеі спрыяла далейшаму разгортваньню беларускага нацыянальнага руху. Насуперак масіраванаму ціску агульнарасейскіх партыяў і арганізацыяў, ідэі беларускага нацыянальнага самавызначэньня і аўтаноміі Беларусі знаходзілі ўсё болей прыхільнікаў у беларускай вёсцы, абуджалася цікавасьць да гэтых ідэяў у гарадах і мястэчках.

Дзейнасьць рэдагаваць

На 1-й сэсіі ЦРБА ў пачатку жніўня 1917 году быў прыняты статут, у якім абвешчаныя палітычныя й сацыяльныя прынцыпы дзейнасьці: «поўны дэмакратызм, перадача ўсёй зямлі без выкупу працоўнаму народу і абарона інтарэсаў работнікаў». Цэнтральная рада была прызнана сесіяй як адзіны кіраўніцкі і прадстаўнічы орган «усея беларускае справы». Згодна са статутам, Рада складалася з дэпутатаў, якіх дэлегавалі палітычныя беларускія арганізацыі, гарады, мястэчкі, бежанскія арганізацыі і вайсковыя часьці. Сэсія абрала новы склад выканаўчага камітэту, правадзейныя сябры: Я. Лёсік, Я. Дыла, Р. Астроўскі, П. Галавач, Ф. Шантыр, А. Смоліч, С. Курчыловіч-Сяўрук (сакратар), П. Бадунова, З. Жылуновіч.

ЦРБА патрабавала прызнаць патрэбу аўтаноміі Беларусі, роднае мовы і развіцьця беларускае нацыянальнае культуры. Ва ўмовах нарастальных супярэчнасьцяў у краіне кіраўніцтва Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў актывізавала дзейнасьць ў стварэньні нацыянальнага беларускага фронту на аснове рэалізацыі ідэі нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў межах дэмакратычнай Расеі.

Дзейснай формай выхаваньня беларускае нацыянальнае самасвядомасьці сталі шматлікія грамадзкія, культурна-асветніцкія, літаратурныя, тэатральна-мастацкія суполкі й арганізацыі, якія кантактавалі з ЦРБА. Агульная колькасьць чальцоў розных беларускіх згуртаваньняў, якія мелі прадстаўніцтва ў ЦРБА, у кастрычніку 1917 году складала больш за 27 тыс. чалавек[1].

Ва ўмовах татальнага эканамічнае крызы, асабліва выяўленай пад восень 1917 року, беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы правялі на 2-ой сэсіі ЦРБА (праходзіла зь 5 па 12 кастрычніка) яе рэарганізацыю. Новы кіроўны цэнтар беларускіх сілаў зьявіўся пад назвай Вялікая беларуская рада.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ С. С. Рудовіч, Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе, Мн., 1994, с. 133.