Хрысьціна Пізанская

француская паэтка і аўтарка

Хрысьцíна Пізáнская (па-італійску: Cristina da Pizzano, па-француску:Christine de Pizan; 1364, Вэнэцыя ― 1430, кляштар Пуасі, цяпер дэпартамэнт Івэлін, Іль-дэ-Франс, Францыя) ― француская пісьменьніца, філёзафка, паэтка, рытарыца італійскага (вэнэцыянскага) паходжаньня. За сваю 30-гадовую кар'еру (1399-1429) яна напісала 41 твор, прызнаная першай прафэсійнай пісьменьніцай сярод жанчынаў у Эўропе[1].

Хрысьціна Пізанская
італ. Cristina da Pizzano, франц. Christine de Pizan
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Cristina da Pizzano
Нарадзілася 1364(1364)
Вэнэцыя
Памерла 1430(1430)
Пуасі, Францускае каралеўства
Пахаваная Кляштар Пуасі, Францускае каралеўства
Бацькі Thomas de Pisan[d]
Дзеці Jean Castel[d] і магчыма Mattheus de Pisano[d][2]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Паэтка, пісьменьніца, філёзафка, рытарыца, перакладніца
Гады творчасьці 1399-1429
Мова Француская
Дэбют 1399
Значныя творы La Cité des dames, 1404-1405, Le Ditié de Jehanne d'Arc, 1429
Подпіс Выява аўтографу

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Хрысьціна Пізанская нарадзілася ў Вэнэцыі ў 1364 годзе. У той час ейны бацька, Тамаза дзі Бэнвэнута дэ Пізана (будучае прыдворнае імя - Тамас дэ Пізан; прозьвішча паходзіць ад назвы места Пізана каля Балёньні), быў лекарам, астролягам і радцам Вэнэцыянскай рэспублікі. Неўзабаве пасьля нараджэньня дачкі бацька прыняў запрашэньне караля Францыі Карла V, які прапанаваў яму пасаду каралеўскага астроляга, альхіміка і лекара. Прыдворная атмасфэра найбольш спрыяла інтэлектуальным запытам Хрысьціны. Яна пасьпяхова займалася самаадукацыяй, паглыбляючыся ў вывучэньне моваў, адкрываючы для сябе клясыкаў і гуманістаў Раньняга Адраджэньня, у раскошным каралеўскім архіве Карла V, які зьмяшчаў велізарную колькасьць рукапісаў[3].

Ва ўзросьце пятнаццаці гадоў Хрысьціна выйшла замуж за дваццаціпяцігадовага Эт'ена Кастэля, судзьдзю каралеўскага суду. Наступнае дзесяцігодзьдзе становіцца для яе трагічным: памірае кароль Карл V і даходы сям'і значна памяншаюцца. Памірае бацька Хрысьціны (1387 г.), а затым, у ад'ездзе, памірае ад эпідэміі ейны муж (восень 1390 г.). Удава засталася з трыма дзецьмі, абцяжараная даўгамі мужа, і гэта вымушае яе пачаць працаваць. Інтэлектуальныя здольнасьці і аўтарытэт адкрываюць ёй шлях да творчасьці. Сьвядомае дзяцінства і жыцьцё пісьменьніцы прайшло ў Парыжы і абацтве Пуасі, таму мовай яе твораў стала сярэднефранцуская[4].

У 1397 годзе дачка Мары, атрымаўшы ад караля пасаг, пакінула Хрысьціну - пайшла ў абацтва і прыняла пострыг. Сын Хрысьціны паступіў на службу да знатнага ангельскага лорда. Сама Хрысьціна атрымала запрашэньне пажыць у Ангельшчыне, пры двары, але адхіліла яго і праз некаторы час пакінула Парыж і правяла 11 гадоў у кляштары, маючы больш часу на літаратурную працу і вывучэньне гісторыі, філязофіі, міталёгіі і твораў айцоў царквы. Яна лічыла сябе шчасьлівіцай, бо бог даў ёй дар «любові да навукі».

Дакладная дата сьмерці Хрысьціны Пізанскай невядомая. Прынята лічыць, што яна памерла ў Пуасі ў 1430 годзе[5].

Творчасьць рэдагаваць

Першапачаткова Хрысьціна Пізанская - паэтка[6].

Раньнія куртуазныя творы Хрысьціны Пізанскай сьведчаць аб высокай дасьведчанасьці і веданьні ёю звычаяў і моды тагачаснага арыстакратычнага грамадзтва, у прыватнасьці формы каханьня паміж жанчынай і ейным рыцарам, якая атрымала назву «галянтнага каханьня»[7].

Ейныя алегарычныя і павучальныя трактаты ўтрымліваюць біяграфічныя зьвесткі пра жыцьцё і думкі, інтымныя і фэмінісцкія разважаньні набліжаюцца да традыцыяў вучоных схалястаў, міталёгію, легенды і гісторыю якіх яна ўспадкавала ад сьвятароў, а ў жанрах вытанчаных або схалястычных узьнімаюцца да майстэрства францускіх і італьянскіх паэтаў таго часу, якімі яна захаплялася[8].

На пачатку творчага шляху Хрысьціна зьвяртаецца да жанру любоўнай баляды, што прыцягвае ўвагу заможных мэцэнатаў: мужчынаў інтрыгуе фэномэн жанчыны-пісьменьніцы і яны зьвяртаюцца да яе з просьбамі-замовамі аб паэтычным апісаньні іх рамантычных прыгодаў. Плённым быў пэрыяд прыдворнай творчасьці: у пэрыяд з 1393 па 1412 г. Хрысьціна напісала больш за трыста балядаў і мноства невялікіх паэтычных твораў розных формаў: ронда, вірэле і інш[9].

Ейны ўдзел у літаратурнай палеміцы 1401-1402 гадоў дазволіў Хрысьціне выйсьці па-за межы статусу прыдворнай пісьменьніцы ў статус пісьменьніцы, якая займаецца пытаньнямі становішча жанчыны і арганізацыі грамадзтва: Хрысьціна разьвязвае вострую грамадзкую дыскусію на літаратурнай асновай вакол тагачаснага высокамастацкага твора «Раман пра Ружу», пачаўшы дыскусію аб літаратурнай вартасьці ўкладу аднаго з аўтараў — Жана дэ Мёна. Напісаны ў XIII стагодзьдзі, раман у частцы, даданай дэ Мёнам, высьмейваў традыцыі куртуазнага каханьня, паказваў жанчынаў як спакусьніцаў, утрымліваў мноства непрыстойных выказваньняў, накіраваных супраць жаноцкасьці, зьяўляючыся маніфэстам жанчынаненавісьніцтва. Хрысьціна асабліва падкрэсьліла недапушчальнасьць выкарыстаньня вульгарных алегорыяў, якія ўнёс у паэму дэ Мён, сьцьвярджаючы, што такія атаясамленьні зьяўляюцца абразай прыроднай сутнасьці сэксуальнасьці, што такая мова недапушчальная для апісаньня герояк. Хрысьціна сьцьвярджала, што шляхетныя дамы такой мовай не карыстаюцца[10].

Творы Хрысьціны ўражваюць сваёй колькасьцю і жанравай разнастайнасьцю: лірыка, парафразы лацінскіх аўтараў (Сэнэка, Плютарх, Валер Максімус), дыдактыка, літаратурная крытыка, хатнія рэкамэндацыі для рыцараў і дамаў, міратворчыя звароты да ўладных і каранаваных асобаў, парады, трактаты аб кіраваньні грамадзтвам і па іншых важных сацыяльных праблемах: аб рэфармаваньні войска, аб шкодзе царкоўнага расколу, міжусобіцаў, грамадзянскай вайны і інш[11]. Ейныя эрудыцыя, глыбокія веды і дзелавая працавітасьць яскрава праяўляюцца ў тэкстах: напрыклад, у творы «Кніга баявых і рыцарскіх дзеяньняў» рэкамэндацыі па вядзеньні баявых дзеянняў дэталізаваныя аж да колькасьці неабходных гарматаў і вагі снарадаў[12].

Аднак цэнтральным творам пісьменьніцы зьяўляецца трактат «Кніга пра Град Кабечы»[13]. Твор лічыцца прадвесьнікам сучаснага фэмінізму, напісаны першай аўтарытэтнай жанчынай, якая кінула выклік жанчынаненавісьніцтву, пагрозьлівым і прыніжальным клішэ пра жанчынаў, распаўсюджаным у сярэднявечнай культуры. Першы з твораў, які апісвае ўклад жанчынаў мінулых стагодзьдзяў у фармаваньне грамадзтва. У «Кнізе пра Град Кабечы» апісваецца сымбалічне места-мара, дзе жанчыны атрымаюць належную ацэнку і абарону, тут Хрысьціна выводзіць тры алегарычныя постаці: Разважлівасьці, Справядлівасьці і Прыстойнасьці. Дыялягуючы з кожнай з музаў па чарзе, аўтарка дэкляруе жаночы погляд на арганізацыю тагачаснага грамадзтва. Разам яны абмяркоўваюць пытаньні, важныя для ўсіх жанчынаў[14].

Фэмінізм Хрысьціны Пізанскай рэдагаваць

У літаратурнай творчасьці Хрысьціны Пізанскай выразна дамінавалі дзьве асноўныя тэмы: патрыятызм у адносінах да Францыі і правы жанчынаў. Прыхільніца парадку ў грамадзтве, Хрысьціна Пізанская адной з першых пераасэнсавала ўстойлівыя нэгатыўныя стэрэатыпы, якія існавалі ў культуры Сярэднявечча, бяручы свой пачатак у пэрыяд барацьбы за зацьвярджэньне царкоўнага шлюбу. Пісьменьніца крытыкуе антыфэмінісцкую па сваёй сутнасьці царкоўную ідэалёгію папярэдніх стагодзьдзяў, надаючы ўласнай пазіцыі анталягічнае гучаньне, разьвенчвае асновы мізагініі, замацаваныя, у прыватнасьці, у зводах кананічнага права[15].

Цяжка пераацаніць унёсак Хрысьціны Пізанскай у мысьленьне таго часу і важнасьць супрацьстаяньня панаваньню мужчынскага дыскурсу. Ейныя рытарычныя стратэгіі былі прадметам навуковых дасьледаваньняў на працягу стагодзьдзяў. Удасканальваючы ўласную рытарычную тэхніку, Хрысьціна заахвочвала жанчынаў вучыцца крытычнаму мысьленьню і майстэрству разважлівага дыялёгу, каб супрацьстаяць фэномэну жанчынаненавісьніцтва, які меў месца ў культуры позьняга Сярэднявечча[16].

У 1949 годзе ў эсэ «Другі пол» Сымона дэ Бавуар пісала пра творы Хрысьціны Пізанскай: «...упершыню мы бачым, як жанчына ўзьняла пяро ў абарону свайго полу»[17]. І менавіта гэта робіць Хрысьціну Пізанскую першай фэміністкай Захаду[18].

Творы рэдагаваць

• Poésies diverses: Cent ballades, Virelays, Balades d'estrange façon, Ballades de divers propos, Les complaintes amoureuses, Lays, Rondeaux, Jeux à vendre, composées entre 1399 et 1402

• Epistre au Dieu d'amours, 1399

• Le Débat de deux amans, c. 1400

• Le Livre des trois jugemens, c. 1400

• Le Livre du dit de Poissy, 1400

• Epistre Othea, 1401

• Epistres du Débat sur le Roman de la Rose, 1401

• Le Dit de la rose, 1402

• Oraison Nostre Dame, 1402-1403

• Oraison de Nostre Seigneur, 1402-1403

• Cent Ballades d'amant et de dame, 1402-1410

• Les Complaintes amoureuses, 1402-1410

• Le Chemin de longue estude, 1403

• Le Dit de la pastoure, 1403

• Le Livre de la Mutation de fortune, 1403

• Le Livre des Fais et bonnes meurs du sage roy Charles V, 1404

• Epistre à Eustache Morel, 1404

• Le Livre du Duc des vrais amants, 1404-1405

• La Cité des dames, 1404-1405

• Le Livre des trois vertus à l'enseignement des dames, 1405

• Epistre à Isabelle de Bavière, 1405

• L'Advision Christine, 1404

• Le Livre de la Prod'homie de l'homme ou Le Livre de Prudence, 1405-1406

• Le Livre du Corps de Policie, 1406-1407

• Les Sept Psaumes allégorisés, 1409

• Les Lamentations sur les maux de la France, 1410

• Le Livre des Faits d'armes et de chevalerie, 1410

• Le Livre de la Paix, 1412-1413

• Epistre de la Prison de Vie Humaine, 1416-1418, dédié à Marie de Berry, duchesse de Bourbon, à la suite de la bataille d'Azincourt

• Les Heures de la contemplation de la Passion, 1420

• Le Ditié de Jehanne d'Arc, 1429.

Манускрыпты рэдагаваць

• Chantilly, bibliothèque du musée Condé, ms. 494, Livre de la mutacion de Fortune, 1404-1405

• Paris, bibliothèque Sainte-Geneviève, ms. 2879 / 5 (fol. 44), Cent proverbes moraux.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Rose Rigaud, Les idées féministes de Christine de Pisan, Neuchatel, 1911.
  2. ^ Identifiants et Référentiels (фр.)ABES, 2011.
  3. ^ Cerquiglini-Toulet, J., Christine de Pizan et le pouvoir du nom, in: Le Moyen Français 75 (2014), p. 3-17.
  4. ^ Marie-Josèphe Pinet, Christine de Pisan. 1364-1430. Étude biographique et littéraire, Paris, Honoré Champion, 1927.
  5. ^ Régine Pernoud, Christine de Pisan, Calmann-Lévy, 1982.
  6. ^ Marie-Josèphe Pinet, Christine de Pisan. 1364-1430. Étude biographique et littéraire, Paris, Honoré Champion, 1927.
  7. ^ Le Livre des trois vertus de Christine de Pizan et son milieu historique et littéraire, Paris, Honoré Champion, 1912, 375 pages, collection Bibliothèque du xve siècle.
  8. ^ Joël Blanchard et Michel Quereuil (éd.), Livre des faits et bonnes moeurs du sage roi Charles V; présentation, notes et index de Joël Blanchard; traduction [du français moyen] de Joël Blanchard et de Michel Quereuil, Paris, Pocket, 2013, 377 p.
  9. ^ Liliane Dulac (éd.), Desireuse de plus avant enquerre, actes du VIe colloque international sur Christine de Pizan, Paris, Honoré Champion, 2009.
  10. ^ Mathilde Laigle (éd.), Le livre des trois vertus de Christine de Pisan et son milieu historique et littéraire, Paris, Honoré Champion, 1912.
  11. ^ Raymond Thomassy, Essai sur les écrits politiques de Christine de Pisan: suivi d'une notice littéraire et de pièces inédites, p. 97, éd. Debécourt, 1838.
  12. ^ Maurice Roy (éd.), Œuvres poétiques de Christine de Pisan, Paris, Firmin-Didot, 1886-1896.
  13. ^ Thérèse Moreau (éd.), La Cité des Dames, texte traduit par Thérèse Moreau et Éric Hicks, Stock, collection Moyen Âge, 2005.
  14. ^ Françoise Autrand, Christine de Pizan: une femme en politique, Paris, Fayard, 2009, 506 p.
  15. ^ Rose Rigaud, Les idées féministes de Christine de Pisan, Neuchatel, 1911.
  16. ^ M. Albistur et D. Armogathe, «Christine de Pisan et le féminisme au XVe siècle», dans Histoire du féminisme français du Moyen Âge à nos jours, Artigues-près-Bordeaux, 1977, p. 53-67.
  17. ^ Снежана Рогач. Кристина Пизанская: первая женщина, вооружившаяся пером ради защиты своего пола // Женщины в политике: новые подходы к политическому. Феминистский образовательный альманах. : вып. 3. Публичное: приватизация приватного. — 2013. — 30 августа. — С. 107, http://www.fempol.com/sites/default/files/archives/issue03/rogach_WiP03.pdf
  18. ^ Alan Farber, Christine de Pizan and Establishing Female Literary Authority, 2003.