Філіп Вішніч

сэрбскі музыка

Філіп Вішніч (па-сэрбску: Филип Вишњић; 1767—1834) — сэрбскі эпічны паэт і гусьляр, народжаны ў паўночнай Босьніі. Стаў сьведкам найбольш значных падзей сэрбскай гісторыі, складаў паэмы пра падзеі, якія цяпер займаюць значную частку традыцыйнага сэрбскага эпасу. Вук Караджыч адклікаецца пра яго як пра лепшага аўтара баляд і сьпевака свайго часу. Часта Вішніча завуць «сэрбскім Гамэрам» за яго сьлепату і такі ж выдатны паэтычны талент.

Філіп Вішніч
па-сэрбску: Филип Вишњић
Дата нараджэньня 1767[1][2][3]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1834[1][2][3]
Месца сьмерці
Занятак музыка, гусляр, пісьменьнік, паэт
Інструмэнты гусьле[d]

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў 1767 годзе ў вёсцы Трнова недалёка ад гораду Ўглевік Басьнійскага эялету Асманскай імпэрыі (цяпер Босьнія і Герцагавіна). Вядома, што яго сапраўднае прозьвішча Віліч. Па дадзеных некаторых дасьледчыкаў, Вішнічам яго празвалі па імені маці Вішня, альбо па кварталу Вішніца ў вёсцы Меджяшы, дзе ён пражываў да пераезду ў Сэрбію.

У роднай вёсцы ён жыў ўсяго толькі тры гады, пасьля чаго ўсю яго сям’ю зьнішчылі туркі, якія туды ўварваліся. Яго маці выжыла і паўторна выйшла замуж, далучылася да сям’і Мірканавіч і пераехала ў Меджяшы ў нізінах Сэмбэрыі, узяўшы Філіпа з сабой. Тут ён навучыўся граць на гусьле, галоўным інструмэнце сэрбскіх эпічных паэтаў, і напісаў свае першыя вершы. Па ўсёй верагоднасьці, першыя яго выступы маглі адбывацца ў царкве Сьвятых Пятра і Паўла ў Бродац-Доні. Паколькі з-за перанесенай воспы Філіп з раньняга дзяцінства быў сьляпым, складаньне і выкананьне народных песень заставалася для яго адзіным магчымым сродкам заробку.

Падчас першага сэрбскага паўстаньня супраць Асманскай тыраніі, ня маючы магчымасьці пайсьці ў бой, Вішніч спрабаваў падняць баявы дух суайчыньнікаў і складаў мноства патрыятычных песень, апісаў бітвы, якія адбываліся, у выглядзе эпічных хронік. Калі ў 1813 годзе туркі задушылі паўстаньне, пераехаў у вёску Грк у Срэме, дзе сустрэў Вука Караджыча, які ўзяў яго з сабой у манастыр Шышатовац і запісаў там некалькі песень. Пасьля Караджыч апублікаваў трынаццаць песень Вішніча, сярод іх «Почетак буне против дахия», «Бой на Чокешини», «Бой на Мишару», «Кнез Иво Кнежевич» і інш. Паэзія Вішніча часьцяком выходзіць за рамкі традыцыйнага народнай творчаьці: ён з дакладна апісвае бітвы і зьявы, якія адбываюцца, але пры гэтым таксама вялікую ўвагу надае складаньню псыхалягічных партрэтаў асобных удзельнікаў гэтых падзей, як то лідэр вызвольнага руху Карагеоргі або князь Іван Кнежавіч, якія ахвяравалі ўсім дзеля вызваленьня свайго народа ад турэцкай дыктатуры.

Філіп Вішніч памёр у 1834 годзе ў той жа вёсцы Грк, якая пазьней у яго гонар была перайменаваная ў Вішнічава, недалёка ад гораду Шыд, які ў той час зьяўляўся часткай Аўстрыйскай імпэрыі.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Swartz A. Filip Višnjić // Open Library (анг.) — 2007.
  2. ^ а б Filip Višnjić // Faceted Application of Subject Terminology
  3. ^ а б Filip Višnjić // CONOR.SR

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць