Філарэт (Феадосі Яўграфавіч Раменскі; 25 сакавіка 1880, в. Старая Рудня, Рагачоўскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Жлобінскі раён, Гомельская вобласьць — 1 лістапада 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі рэлігійны й грамадзкі дзеяч.

Япіскап Філарэт
2-і Прадстаяцель Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы
1931 — 1 лістапада 1937
ЦаркваБеларуская аўтакефальная праваслаўная царква
ПапярэднікМэльхісэдэк
НаступнікПанцеляймон(be)

АдукацыяМаскоўскі ўнівэрытэт(be) (1911)
ПрафэсіяВыкладнік
Дзейнасьцьсьвятар
Сапраўднае імяФеадосі Яўграфавіч Раменскі
Нарадзіўся25 сакавіка 1880
вёска Старая Рудня, Рагачоўскі павет, Магілёўская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская Імпэрыя
Памёр1 лістапада 1937
Менск, Беларуская ССР, СССР
БацькаЯўграф Раменскі
Прыняцьце сьвятога сану1921
Прыцяцьце манаства1921
Япіскапская хіратоніясакавік 1923
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (1911). Служыў сакратаром епархіяльнае вучыльнае рады ў Менску. У 1916—1917 гадах памочнік Аляксандра Панова, інспэктара Менскае духоўнае сэмінарыі. З 1918 году выкладаў у Менскай чыгуначнай гімназіі, іншых навучальных установах. У 1921 годзе пастрыжаны ў манашаскі сан зь імем Філарэт і рукапаложаны ў іераманаха. Служыў у Аляксандра-Неўскім храме ў Менску. Узнагароджаны санам протаіерэя.

У сакавіку 1923 мітрапалітам Мелхіседэкам (Паеўскім) хіратанісаны ў епіскапа Бабруйскага. Старшыня зьезду прадстаўнікоў духавенства і вернікаў Беларускай праваслаўнай епархіі (9—10 жніўня 1927; прынялі ўдзел прадстаўнікі 333 прыходаў), на якім было абвешчана аб стварэньні аўтакефаліі Беларускай царквы. Да 1930 году служыў у Мікалаеўскім саборы ў Бабруйску. Потым у Екацярынінскім саборы на Нямізе ў Менску, Сьвята-Іаанаўскай царкве в. Вялікая Сляпянка (цяпер у межах Менску). З 1934 году ў храме сьв. Марыі Магдаліны на вул. Старажоўскай. У сярэдзіне 1935 году даў згоду архіепіскапу Магілёўскаму Паўліну (Крошачкіну) на аб’яднаньне з кананічнай Царквой, прынёс пакаяньне і мітрапалітам Сергіем (Страгародзкім) прыняты ў зносіны з РПЦ. Пасьля закрыцьця вясной 1937 году ў Менску апошняга каталіцкага храма дазволіў вернікам-каталікам маліцца ў царкве сьв. Марыі Магдаліны.

Арыштаваны 28 ліпеня 1937 году ў Менску па адрасе: вул. Пажарная, д. 8. 3 верасьня 1937 году тамасама была арыштаваная ягоная сястра Марыя (нарадзілася 24 кастрычніка 1882). Асуджаныя 25 кастрычніка 1937 году разам з шэрагам сьвята- і царкоўнаслужыцелей і актыўных прыхаджанаў тройкай НКВД за «антысавецкую дзейнасьць» да вышэйшае меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Расстраляныя 1 лістапада 1937 году. Сястра рэабілітаваная 11 сакавіка 1958 году трыбуналам БВА, сам япіскап — 31 сакавіка 1989 году пракуратурай БВА.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць