Францішак Станкар

італьянскі багаслоў

Франці́шак Станка́р (па-італьянску: Francеsco Stancaro, па-лацінску: Franciscus Stancarus; 1501, Мантуя, Італія — 12 лістапада 1574, Стопніца(pl), Рэч Паспалітая) — італьянскі пратэстант, тэоляг. Заснавальнік кальвінісцкіх і антытрынітарскіх грамадаў у Рэчы Паспалітай.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Каталік, быў высьвячаны на ксяндза[1]. Быў прафэсарам Падуанскага ўнівэрсытэту, выкладаючы іўрыт, стаў прыхільнікам пратэстанцтва[1].

Вымушаны быў зьбегчы з Мантуі, калі там у 1540-х пачаліся ганеньні на асобаў, западозраных у спагадзе новым рэлігійным вучэньням, накіраваўшыся спачатку ў Швайцарыю, а адтуль у Трансыльванію. Аўтар вядомай граматыкі габрэйскай мовы «Ebreae grammaticae institutio» (Базэль, 1547; 2-е выд. 1555).

У 1549 г. Францішак ужо ў Польшчы, дзе кароль Жыгімонт II Аўгуст прапанаваў яму катэдру габрэйскай мовы ў Кракаўскім унівэрсытэце. Пратэстанцкія погляды, якія Станкар праводзіў на лекцыях, прывялі да таго, што ён неўзабаве быў зьняволены ў турму. Пратэстанты дапамаглі яму зьбегчы і далі ў сябе прытулак, даручыўшы яму арганізацыю іхніх цэркваў у Малой Польшчы.

З прычыны перасьледу з боку каталіцкай царквы Станкар у 1551 г. пакінуў Польшчу і накіраваўся ў герцагства Прусію. Вучэньне яго, быццам Ісус Хрыстос быў пасярэднікам паміж Богам і людзьмі толькі ў сілу сваёй чалавечай прыроды, выклікала моцны адпор з боку лютэранскіх прапаведнікаў. Калі праз два гады Станкар вярнуўся ў Польшчу, стаўленьне да яго тамтэйшых пратэстантаў неўзабаве моцна зьмянілася, бо яго вінавацілі ў ерасі.

Ягонае вучэньне знайшло сабе пасьлядоўнікаў толькі ў некалькіх магнатаў. Ён быў адным зь перакладчыкаў Бібліі, надрукаванай у 1563 г. у Берасьці высілкамі Мікалая Радзівіла Чорнага. Вылучаючыся вялікай настойлівасьцю і задзірлівым характарам, Станкар нястомна вёў са сваімі супернікамі багаслоўскую палеміку, уладкоўваючы і публічныя дыспуты. Быў знаёмы з Кальвінам.

Па сьмерці свайго апекуна Станіслава Стадніцкага пераехаў у Стопніцу, дзе й жыў да сваёй сьмерці. У 1569 року атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста шляхецкія прывілеі. Пад канец жыцьця вярнуўся да кальвінізму і асудзіў свае ранейшыя погляды.

Ад шлюбу з Барбарай Маршэўскай пакінуў чатыры дачкі і двух сыноў. Ягоную справу працягнуў сын ад ягонай другой жонкі Магдалены з Лосяў — Францішак Станкар малодшы (1562—1621), кальвінскі міністар, супэрінтэндант Малапольскай правінцыі. Унучка Францішка Станкара па сыне Пятры выйшла замуж за Веспасіяна Сяніцкага.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Pietro Martire Vermigli, John Patrick Donnelly, Frank A. James, Joseph C. McLelland. The Peter Martyr Reader. — Truman State Univ Press, 1999. — С. 128. — ISBN 978-0-943549-75-0

Літаратура рэдагаваць

  • Stankar (Franciszek) // Encyklopedyja powszechna. T. 23. Warszawa. 1866. S. 969—970.
  • Станкар Франциск // Еврейская энциклопедия. Свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем. Том 14. Москва. 1991. С. 556.
  • Gmiterek H. Stankar Franciszek. // Polski słownik biograficzny. Warszawa-Kraków. Tom XLII/2. Źeszyt 173. 2003. S. 158—164.