Францішак Градоўскі

Францішак Градоўскі (к. 1545 — 1591) — дзяржаўны дзяяч ВКЛ, паэт-лацініст.

Францішак Градоўскі
Род дзейнасьці паэт-лацініст, дзяржаўны дзяяч
Дата нараджэньня 1545(1545)
Дата сьмерці 1591(1591)
Грамадзянства Вялікае Княства Літоўскае
Месца вучобы Вітэнбэргскі ўнівэрсытэт
Занятак паэт-лацініст, дзяржаўны дзяяч

Біяграфічныя зьвесткі рэдагаваць

Паходзіў са шляхецкай сям’і гэрбу «Паўкозіч». Продкі яго ў пачатку XVI ст. перасяліліся зь Малой Польшчы ў Жамойць. Па веравызнаньні Ф. Градоўскі быў кальвіністам. Зь 1565 р. вучыўся ў Вітэнбергскім унівэрсітэце, атрымаў гуманістычную адукацыю.

У 1578 і 1580 гадох прызначаўся Соймам паборцам падаткаў у Ковенскім павеце. Служыў сакратаром каралёў Стэфана Баторыя й Жыгімонта III Вазы, зь 1588 р. маршалак гаспадарскі. У 1588 р. дэпутат ад шляхты ў пасольстве саслоўяў ВКЛ да новаабранага караля Жыгімонта III Вазы, што засьведчыла прызнаньне ў Вялікім Княстве яго абраньне. У 1589 р. пасол на Сойме ад Троцкага ваяводзтва. Магчыма, удзельнічаў у Інфлянцкай вайне, у рэйдзе 1581 р. польнага гетмана Крыштафа Радзівіла Перуна з-пад Пскову ў глыб Расеі.

Літаратурная творчасьць рэдагаваць

Напісаў на лацінскай мове паэму «Апісаньне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла» (Вільня, 1582), у якой услаўлялася выправа 1581 р., ваенныя подзьвігі Крыштафа Радзівіла Перуна й яго бацькі Мікалая Радзівіла Рудога, пераможцы ў Вульскай бітве (1564). У творы апісаны рэальныя падзеі й гістарычныя асобы, назіраецца насьледаваньне ўзорам антычнага гераічнага эпасу.

Менш року спатрэбілася Ф. Градоўскаму, каб у 790 радках дактылічнага гэкзамэтру ўславіць ваеньныя подзьвігі Крыштофа Радзівіла й яго паплечнікаў, стварыць велічны гімн вайсковай мужнасьці й гераізму. Некаторыя заслугі Крыштофа ў 1560—70-х гадох Ф. Градоўскі пералічвае ў канцы твора, асноўная ж увага зьвернута на яго паход па тылах расейскіх войскаў. Менавіта падчас маскоўскае выправы Крыштоф Радзівіл Пярун яскрава выявіў здольнасьці ваеначальніка й якасьці жаўнера. Пачаткова перад конным корпусам стаяла задача прыкрываць правы флянг наступаючай на Пскоў арміі Стэфана Баторыя. Па меры таго як пасоўвалася наперад войска Баторыя, задача корпуса зьмянялася: каб ацьцягнуць увагу ад асноўных сілаў і выклікаць зьбянтэнаннасьць сярод расейских ваеначальнікаў, гетман польны літоўскі ўварваўся ў глыб маскоўскіх уладаньняў. Імклівы й манэўраны атрад Радзівіла двойчы перасякаў Волгу, дасягнуў возера Ільмень, пад Старыцай напалохаў самога Івана Жахлівага, які знаходзіўся там зь сям’ёй і дваром. У другой палове кастрычніку экспэдыцыйны корпус К. Радзівіла з багатай здабычай зьявіўся пад сьценамі Пскову ў лагяры Стэфана Баторыя, дзе быў сустрэты зь вялікай пашанай.

Зразумець пункт гледжаньня на радзівілаўскую выправу Ф. Градоўскага як паэта й грамадзяніна дапамагаюць першыя ж радкі паэмы:

Не цешце сябе надзеяй, маскавіты, не думайце,

Што беспакарана будзеце парушаць нашыя межы,

Што магутныя ліцвіны нічога не зробяць у адказ

I будуць цярпець ваш гвалт.

Паход К. Радзівіла ў глыб маскоўскіх земляў зьяўляецца, на думку Ф. Градоўскага, справядлівай помстай, пакараньнем маскавітаў за наньесьеныя крыўды. У «Апісаньні маскоўскага паходу…» аўтар падрабязна прасочвае шлях атрада К. Радзівіла, твор насычаны назвамі невялікіх гарадоў, вёсак, маленькіх рачулак; геаграфічныя зьвесткі, гістарычныя экскурсы чаргуюцца зь апісаньнямі вайсковых сутыкняньняў і карных акцыяў. Тут няшмат разгорнутых батальных сцэн, але напісаны яны зь відавочным майстэрствам, маляўніча й жыва, як, напрыклад, сцэна сутычкі ля ракі Схаломы:

...Шум і лямант усчыняюцца ў цемры,

Без разбору гінуць маскавіты,

I не могуць адолець моцных шыхтоў нашых:

Частка з іх гіне ад мяча, іншыя топяцца ў імклівых хвалях,

Частка ўцякае і намагаецца знайсці надзейнае сховішча,

Нібыта пастух, які, пабачыўшы, што

Па небе разносіцца грукат і надыходзіць навальніца,

Пакідае поле і хаваецца пад дрэвам.

Асаблівасьцю твора зьяўляецьца прысутнасьць побач з галоўным гэроям мноства іншых герояў і пэрсанажаў. Шмат радкоў прысьвечана каралю Стэфану Баторыю, зь імём якога зьвязаны, на думку паэта, шчасьлівыя зьмены ў ходзе Лівонскае вайны. Прысутнічаюць у творы вобразы Філона Кміты-Чарнабыльскага й Гальяша Пельгрымоўскага, згадваюцца браты Каспар і Габрыэль Бекешы, Міхайла Гарабурда, многія расейскія баяры й ваяводы.

На гістарычны, фактаграфічны матэрыял арганічна нарошчваюцца літаратурныя, уласнамастацкія элемэнты. «Апісаньне маскоўскага паходу…» зьяўляецца й гістарычнай крыніцай, і паэтычным творам, сьведчыць як пра інфармацыйную дасьведчанасьць аўтара, так і пра яго пісьменьніцкія здольнасьці, высокі агульнакультурны ўзровень.

Ф. Градоўскі быў, безсумньеву, добрым знаўцам антычнага гэраічнага эпасу, уважлівым чытачом «Іліяды» Гамэра й «Энэіды» Вэргіліюса, насьледаваньне якім плёна паўплывала на яго працу над уласным эпічным творам. Паэт увёў у паэму шэраг міталягічных вобразаў і клясічных літаратурных сцэн, тыповых для антычнага эпасу фармальных прыёмаў, што ўзбагаціла мастацкі зьмест. Ваеначальнікі ў паэме зьвяртаюцца зь патрыятычнымі прамовамі да сваіх жаўнераў (Стэфан Баторыяў, Мікалай Радзівіл, Крыштоф Радзівіл) і адзін да аднаго (Крыштоф Радзівіл і Філон Кміта-Чарнабыльскі), да маскоўскага ваяводы князя Сярэбранага прамаўляе рака Дняпро, просьбы-маленьні Крыштофа адрасуюцца Марсу, Бялоне, Дыяне. Перад трэцьцяй выправай Стэфана Баторыя зьяўляецца знаменьне, якое Мікалай Радзівіл у сваім прароцтве называе знакам будучай перамогі над войскамі Івана Жахлівага. За апісаньнем бітвы на рацэ Уле йдзе, у паэме маўклівая, журботная сцэна пахаваньня забітых жаўнераў, ахвяраў бога вайны Марса. Перад пачаткам наступу войска Стэфана Баторыя на Пскоў адбываецца нарада ваеначальнікаў, дзе абмяркоўваецца плян вайсковых дзеяньняў і разьмяркоўваюцца абавязкі й задачы кожнага. Традыцыйныя атрыбуты клясічнага гераічнага эпасу ўведзены Ф. Градоўскім у эпічную паэму, прысьвечаную рэальным падзеям канца XVI ст.

Аўтар ахвотна параўноўваў сучасныя яму падзеі й подзьвігі герояў зь падзеямі й подзьвігамі старажытных часоў. Так, пачынаючы апісваць заключны этап Лівонскае вайны (трэцюю выправу Стэфана Баторыя), ён згадвае правадыра рымлянаў Лукула, вайну зь Мітрыдатам; дзёрзкі рэйд Крыштофа Радзівіла параўноўвае зь легендарным пераходам Ганібала праз Альпы й са знакамітым паходам Ксэркса на Грэцыю. Адзначаючы мужнасьць і храбрасьць расейскіх жаўнераў, абаронцаў Тарапца, паэт кажа, што яны, падобна рымскім Фабіям, паклалі сваё жыцьцё за Бацькаўшчыну.

Уславіўшы ў сваёй паэме вайсковыя подзьвігі К. Радзівіла й яго паплечнікаў, Ф. Градоўскі выказвае шчырае жаданьне, каб у далейшым яму давялося складаць толькі гімны міру:

...О маўчы, самая тужлівая муза,

Пра чорныя войны і вярні добрыя часы светлага міру,

Я ж тады лепш і ахвотней праспяваю гімны міру.

Адзіны мір магутнейшы за шматлікія трыумфы,

Хай выпраўляюцца лютыя войны пад іншае неба.

Паэма Ф. Градоўскага стала ўзорам для аналягічных твораў Я. Каханоўскага, А. Рымшы, Я. Радвана.

Літаратура рэдагаваць

  • Кавалёў С. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мн., 1993.