Флярыя́н Арэ́шка (Ажэшка) гербу «Кораб» (па-польску: Florenty Orzeszko; 9 сакавіка 183529 сакавіка 1904, паводле іншых зьвестак у 1911[1], Томск, Расейская імпэрыя) — лекар, удзельнік Паўстаньня 1863—1864 гадоў, грамадзкі дзяяч. Стаў прататыпам літаратурных герояў некалькіх твораў Элізы Ажэшка.

Флярыян Арэшка
Florenty Orzeszko
Кораб[d]

герб «Кораб»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 сакавіка 1835
Кобрынскі павет, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 29 сакавіка 1904 (69 гадоў)
Томск, Расейская імпэрыя
Пахаваны
Род Арэшкі
Бацькі Фэлікс
Флярэнтына
Жонка Гелена зь Мількевічаў
Люцыя Пацалуеўская
Дзеці з Геленай:
Улазіслаў
Браніслаў
зь Люцыяй:
Дамінік
Вінцэнт
Антаніна
Дзейнасьць лекар

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў заможнай шляхецкай сям’і Фэлікса і Флярэнтыны, якія пражывалі ва ўласным маёнтку ў Кобрынскім павеце Гарадзенскай губэрні. Скончыў гімназію ў Мітаве, а ў 1861 року з адзнакай — Пецярбурскую мэдыка-хірургічную акадэмію(ru).

Пасьля жыў у Закозелі Кобрынскага павету, непадалёк ад маёнтку Людвінова свайго старэйшага брата Пётры. У Флярыяна часта гасьцявалі сябры-аднадумцы, ад якіх паўстанцкімі ідэямі захапілася й жонка Пятра Ажэшкі Эліза. Пісьменьніца ўшанавала памяць пра свайго швагра ў зборніку апавяданьняў «Gloria victis», прысьвечаных паўстанцам 1863 году.

У часе падрыхтоўкі да паўстаньня Флярыян Арэшка ўваходзіў у кобрынскую арганізацыю паўстанцаў, зьбіраў зброю і боепрыпасы, якія захоўваў у братавым маёнтку Оўзічы (цяпер у Янаўскім раёне). Пасьля таго, як гэтая схованка была выкрытая, знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У красавіку 1863 далучыўся да атраду Рамуальда Траўгута, дзе лекаваў параненых. 5 ліпеня 1863 арыштаваны, 2 студзеня 1864 асуджаны на катаргу, пазбаўлены маёнтку Закозель і права практыкаваць па спэцыяльнасьці.

У Сыбір пайшоў пешкі разам з сваёй нарачонай Гэленай Мількевіч, зь якой ажаніўся ўжо ў Цюмені. Дарога на Сыбір заняла 18 месяцаў. У 1864 року дайшлі да Томску, дзе Флярыян застаўся да канца жыцьця. Спачатку працаваў разам зь іншымі сасланымі, пасьля памочнікам у аптэцы. У 1872 року дзякуючы высілкам губэрнатара Томску атрымаў права на дзяржаўную службу і стаў лекарам у Томскай турме.

Пасьля адбыцьця тэрміну пакараньня пасяліўся па-за мурамі «пасяленьня» і атрымаў магчымасьць прыватнае практыкі. Пражываў у Томску на вуліцы Мільённай, 38 (хата захавалася). Са згоды цара ў 1872 року ўзначаліў кіраўніцтва томскімі лякарнямі, а ў 1873 яму даручана таксама кіраваньне шпіталём у духоўнай сэмінарыі.

З жонкай мелі двух сыноў — Уладзіслава і Браніслава, пасьля нараджэньня якога 11 лістапада 1870 Гэлена памерла.

Другі раз Флярыян Арэшка ажаніўся зь Люцыяй Пацалуеўскай, дачкой томскага лекара. Дзякуючы іх намаганьням у Томску паўсталі польскія чытальні і бібліятэкі, Таварыства дабрачыннасьці, дом для польскіх сіротаў, а ў хаце Арэшкаў ладзіліся літаратурныя і музычныя вечары.

Зь Люцыяй мелі яшчэ двух сыноў (Дамініка і Вінцэнта) і дачку (Антаніну).

Памёр 29 сакавіка 1904/1905 року і пахаваны на каталіцкіх могілках Томску (не захаваліся).

Крыніцы і заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Wiktor i Maciej Orzeszko. Rodzina Orzeszków (пол.) Historia Orzeszków. Радзіма майго духуПраверана 30 сьнежня 2011 г.

Літаратура рэдагаваць

  • АЖЭШКА (АРЭШКА) Фларыян Феліксавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Мендрина Г.И. Медицинская деятельность политических ссыльных в Сибири. — Томск: Изд-во ТГУ, 1962. — С. 21—22.
  • Удзельнікі паўстання 1863—64 гг. на Пружаншчыне // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 43—44.
  • Gabriela Pauszer-Klonowska. Zwykłe sprawy niezwykłych ludzi. — Lublin: Wydawnictwo Lubelskie, 1978. — 290 с.
  • Powstanie styczniowe i zesłańcy syberyjscy. Katalog fotografii ze zbiorów Muzeum Historycznego m.st. Warszawy / Oprac. E. Kamińska. — Warszawa: 2005 Т. II.
  • Zembrzuski, Ludwik. Złota księga Korpusu Sanitarnego Polskiego, 1797-1918. — Warszawa: Min. Spraw Wojsk. Depart. Sanitarny, 1927.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць