Уладзімер Бабраўніцкі

Уладзімер Сьцяпанавіч Бабраўніцкі (1905, мястэчка Койданава, Менскі павет, Менская губэрня — 1969, Менск) — навуковец, дзяржаўны дзяяч.

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1923 годзе скончыў сямігодку. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Менску. У 1925 г. паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. У 1929 г. атрымаў дыплём інжынэра-лесагаспадарніка і паступіў у асьпірантуру Гомельскага лесатэхнічнага інстытуту. З 1932 дацэнт. У жніўні 1934 г. пераехаў у Менск, паступіў у асьпірантуру БелАН. У 1936 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Са студзеня 1938 г. рэктар БДУ.

Арыштаваны адпаведнымі органамі 12 ліпеня 1938 г. на працы. Пасьля шматлікіх катаваньняў прызнаўся ў «шпіянажы і шкодніцтве», але потым ад сваіх словаў адмовіўся.

10 сакавіка 1940 г. справа Бабраўніцкага была спыненая і праз тыдзень яго вызвалілі. Да 2-й Усясьветнай вайны дацэнт катэдры арганічнай хіміі БДУ. У час вайны ў эвакуацыі, да 26 лістапада 1943 г. працаваў дырэктарам Мензялінскага пэдагагічнага вучылішча ў Татарскай АССР, са сьнежня 1943 г. па сакавік 1947 г. працаваў у Наркамаце асьветы БССР у Маскве.

З 1947 ізноў у Менску, чытаў лекцыі ў БДУ. З 1 траўня 1947 г. па сакавік 1950 г. намесьнік дырэктара НДІ хіміі БДУ, у 1950—1955 гг на выкладчыцкай працы. Спрабаваў абараніць доктарскую дысэртацыю, але ў чэрвені 1952 г. на сходзе катэдры арганічнай хіміі абвінавачаны ў «адсутнасьці неабходных друкаваных прац» ды не атрымаў рэкамэндацыі. У 1955 г. з шэрагам іншых выкладчыкаў БДУ звольнены «ў сувязі са скарачэньнем штатаў».

Памёр у 1969 годзе. Пахаваны на Ўсходніх могілках.

Літаратура рэдагаваць

  • Яноўскі А., Зельскі А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў, 1921-2001. — Мінск: БДУ, 2001. — С. 68-77. — 1000 ас. — ISBN 985-445-541-6
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.
Папярэднік
Ануфрый Андрушчанка
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
студзень — ліпень 1938
Наступнік
Парфён Савіцкі