Тэхніка

спосаб ці мэтад правядзеньня дзеяньня

Тэ́хніка (па-старажытнагрэцку: τεχνικός ад па-старажытнагрэцку: τέχνη — мастацтва, майстэрства) — сукупнасьць сродкаў чалавечай дзейнасьці, створаных для ажыцьцяўленьня працэсаў вытворчасьці і абслугоўваньня невытворчых патрэбаў грамадзтва.

Таксама азначае навыкі і прыёмы ў нейкім відзе дзейнасьці — тэхніка шахматнай гульні, тэхніка танца, тэхніка ігры на фартэпіяна і падобнае.

У тэхніцы матэрыялізаваныя веды і вытворчы досьвед, набытыя чалавецтвам у працэсе разьвіцьця. Тэхніка аблягчае працоўныя намаганьні чалавека і павышае іх эфэктыўнасьць, дае магчымасьць пераўтвараць прыроду. Па меры разьвіцьця тэхніка замяняе чалавека ў выкананьні тэхналягічных функцый, зьвязаных зь фізычнай і разумовай працай. Тэхніка ўдзейнічае на прадметы працы пры стварэньні матэрыяльных і культурных даброт; выкарыстоўваецца для атрыманьня, перадачы і ператварэньня энэргіі; дасьледаваньня законаў разьвіцьця прыроды і грамадзтва; перамяшчэньня і сувязі; збору, зьбераганьня і перадачы інфармацыі; кіраваньня грамадзтвам; бытавога абслугоўваньня; вядзеньня вайны і забесьпячэньня абароны.

Агульнапрынятай клясыфікацыі тэхнікі няма. Паводле функцыянальнага прызначэньня адрозьніваюць тэхніку вытворчую, бытавую, навуковых дасьледаваньняў, адукацыі і культуры, ваенную, мэдыцынскую і іншую. Асноўную частку тэхнічных сродкаў складае вытворчая тэхніка, да якой належаць машыны, мэханізмы, інструмэнты, апаратура кіраваньня машынамі і тэхналягічнымі працэсамі, вытворчыя будынкі і збудаваньні, чыгункі, масты, рухомы састаў, сродкі камунікацыі, сувязі. Паводле галіновай структуры вытворчасьці адрозьніваюць тэхніку прамысловасьці, транспарту, сельскай гаспадаркі; паводле прыналежнасьці да асобных структурных падразьдзяленьняў вытворчасьці — авіяцыйную, мэліярацыйную, энэргетычную; паводле прыроднай асновы асобных галін тэхнікі — атамную, халадзільную, вылічальную й іншае.

Літаратура рэдагаваць

  • Пархоменка А. А., «Тэхніка» // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.10. Сошна — Фут / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел. Сав. Эн., 1974. — 656 с.: іл., карты. С.405-406.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  •   Тэхнікасховішча мультымэдыйных матэрыялаў