Тэрытарыяльнае грамадзкае самакіраваньне

дзейнасьць грамадзянаў на частцы земляў адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі дзеля вырашэньня пытаньняў мясцовага значэньня

Тэрытарыя́льнае грама́дзкае самакірава́ньне (ТГС) — дзейнасьць грамадзянаў на добраахвотнай аснове па месцы іх жыхарства на частцы земляў адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі дзеля вырашэньня пытаньняў мясцовага значэньня.

Можа ахопліваць мікрараён, жыльлёвы комплекс, квартал, вуліцу, двор, аграгарадок, пасёлак і вёску. Ажыцьцяўляецца непасрэдна мясцовым сходам або праз орган ТГС, які можа быць толькі адзін на адпаведнай плошчы ахопу. Калегіяльны орган (камітэт, рада, грамада) ТГС, створаны ў выглядзе юрыдычнай асобы, ёсьць некамэрцыйнай арганізацыяй. Улік старастаў ажыцьцяўляе выканаўчы орган першаснага ўзроўню. Орган ТГС падсправаздачны ў сваёй дзейнасьці мясцоваму сходу, які стварае яго і выбірае яго сябраў са свайго складу. Рашэньні мясцовага сходу ёсьць абавязковымі для органа ТГС[1].

Задачы рэдагаваць

Паводле 26-га артыкула Закону «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» 2010 году, задачамі ТГС ёсьць: 1) ажыцьцяўленьне норматворчых пачынаньняў грамадзянаў; 2) папярэджаньне правапарушэньняў, 3) захаваньне культурных каштоўнасьцяў, народных звычаяў і традыцыяў; 4) разьвіцьцё мастацкай і тэхнічнай творчасьці; 5) падтрымка нядобранадзейных сем’яў, зьнявечаных і пажылых людзей; 6) ладжаньне адпачынку грамадзянаў; 7) рамонт жылых дамоў і ўпарадкаваньне прыдамавых земляў; 8) вывучэньне меркаваньня грамадзянаў наконт выкарыстаньня і аховы навакольнага асяродзьдзя; 9) дапамога мясцоваму Савету дэпутатаў; 10) ажыцьцяўленьне правоў, свабодаў і законных зацікаўленасьцяў грамадзянаў[1].

Мясцовы сход рэдагаваць

Паводле 5-га артыкула Закону Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» 2000 году, «мясцовы сход правамоцны, калі ў ім прымаюць удзел ня менш за 25% грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у гэтым мясцовым сходзе, або ня менш за 2/3 упаўнаважаных удзельнічаць у мясцовым сходзе ўпаўнаважаных». Згодна з 13-м артыкулам мясцовыя сходу могуць праводзіцца ў памяшканьнях. У 14-м артыкуле адзначалася, што «ў мясцовым сходзе маюць права ўдзельнічаць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў, зарэгістраваныя па месцы жыхарства на тэрыторыі адміністратыўна-тэрытарыяльнай адзінкі (яе часткі), на якой праводзіцца мясцовы сход, а таксама грамадзяне, ... якія зьяўляюцца ўласьнікамі нерухомасьці, разьмешчанай на гэтай тэрыторыі, або якія валодаюць пазначанай маёмасьцю на іншых падставах». Паводле 15-га артыкула, «ініцыятарамі мясцовых сходаў могуць быць: 1) прынамсі 10% грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у мясцовых сходах; 2) органы ТГС; 3) мясцовыя Саветы дэпутатаў; 4) мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы». У 1-м выпадку «ініцыятыўная група цягам 3-х месяцаў да меркаванай даты яго правядзеньня зьбірае подпісы ў падтрымку прапановы аб правядзеньні мясцовага сходу і афармляе іх у выглядзе падпісных аркушаў». Пагатоў, «мясцовыя Саветы дэпутатаў, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ... падаюць (ініцыятарам) зьвесткі аб колькасьці грамадзянаў, якія маюць права ўдзельнічаць у мясцовым сходзе». Згодна з 20-м артыкулам «перад адкрыцьцём мясцовага сходу праводзяцца абавязковы ўлік прысутных грамадзянаў ... і канчатковае ўдакладненьне сьпісу ўдзельнікаў мясцовага сходу для вызначэньня яго правамоцнасьці». Сам мясцовы сход адчыняе і вядзе старшыня, якога вызначае ініцыятар сходу. Паводле 23-га артыкула, «рашэньне мясцовага сходу прымаецца простай большасьцю галасоў яго ўдзельнікаў»[2].

Калегіяльны орган рэдагаваць

Паводле 31-га артыкула Закону «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» 2010 году, паседжаньні калегіяльнага органа ТГС праводзяцца прынамсі аднойчы на паўгодзьдзе і лічацца правамоцнымі пры ўдзеле прынамсі 2/3 сябраў. Рашэньні прымаюцца адкрытым галасаваньнем простай большасьцю галасоў ад ліку прысутных сябраў. Пастановы органа ТГС выконваюцца грамадзянамі на добраахвотнай падставе. Згодна з 29-м артыкулам тэрмін паўнамоцтваў калегіяльнага органа ТГС можа складаць ня больш за адпаведны тэрмін мясцовага Савета дэпутатаў[1].

Беларусь рэдагаваць

У 2003 годзе ва ўсходнім мікрараёне Баранавічаў (Берасьцейская вобласьць) утварылі 1-ы ў Беларусі камітэт ТГС «Надзея». Тагачасны дэпутат гарсавету Анатоль Банкевіч прапанаваў аб’яднаць намаганьні жыхароў 15 каапэратыўных дамоў на Паркавай вуліцы для падтрыманьня парадку на прыдамавых дзялянках. Жыльлё-эксплюатацыйная служба (ЖЭС) № 5 правяла сходы 3000 жыхароў у падтрымку прапановы. У выніку суботнікаў і збору сродкаў на банкаўскі рахунак на 18 дваравых дзялянках усталявалі вулічныя ліхтары і ўзьвялі дзіцячыя пляцоўкі, зрабілі пляцоўкі для збору сьмецьця і адрамантавалі фасады дамоў. 4 студзеня 2010 году А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь». Пасьля гэтага сход 23 упаўнаважаных улучыў прадстаўнікоў дамоў, якія абслугоўваў ЖЭС № 5. Тады камітэт ТГС «Надзея» стаў налічваць 25 дамоў з 5000 жыхароў[3]. На лістапад 2013 годзе ў Менску налічвалася 128 камітэтаў тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня, якіх у 2012 годзе было 110[4].

15 лютага 2018 году старшыня Пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраваньні Аляксандар Папкоў паведаміў: «Усяго ў нашай краіне створана амаль 37 000 органаў тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня колькасьцю больш за 55 500 чалавек. У тым ліку больш за 7000 чалавек, якія ўваходзяць у калегіяльныя органы, — гэта сельскія, вулічныя, дамавыя камітэты, і амаль 30 000 аднаасобных — старасты, старэйшыны»[5].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. 108-З «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2019 г. Праверана 4 лютага 2020 г.
  2. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 4 лістапада 2013 г. 70-З «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 19 лістапада 2013 г. Праверана 4 лютага 2020 г.
  3. ^ Сьвятлана Яскевіч. Не маё, а наша // Мясцовае самакіраваньне. — 18 траўня 2018. — № 20 (453). — С. 1, 4.
  4. ^ Леанід Лахманенка. Чакаюцца зьмены // Мясцовае самакіраваньне. — 6 лістапада 2013. — № 19 (317). — С. 1, 2.
  5. ^ Натальля Бітэль. Адысьці ад абыякавасьці / гал.рэд. Павал Сухарукаў, адказн. Н.У. Карпенка // Мясцовае самакіраваньне : газэта. — Зьвязда, 16 лютага 2018. — № 7 (440). — С. 1, 4, 13.