Тысяча і адна ноч (па-пэрсыдзку: هزار و يك شبhezār o yek šab, па-арабску: كتاب ألف ليلة وليلةkitāb 'alf layla wa layla) — зборнік казак Блізкага Ўсходу і Паўднёвай Азіі, складзены ў часы залатога веку ісламскай культуры. Усе казкі былі напісаныя рознымі аўтарамі ў розныя часы і абапіраліся на арабскі, пэрсыдзкі, індыйскі і мэсапатамскі фальклёр і літаратуру. У прыватнасьці, многія казкі першапачаткова былі народнымі апавяданьнямі эпохі Халіфату Абасыдаў і Мамлюкаўскага султанату, а іншыя, асабліва апраўленыя гісторыі, хутчэй за ўсё, зыходзяць з пэрсыдзкага твору «Хэзар Афсан», які ў сваю чаргу часткова абапіраўся на індыйскую літаратуру[1].

Алі Баба працы Максфілда Пэрыша. 1909 год.

Адзіным, што яднае ўсе варыянтаў выданьняў «Тысячы і адной ночы», ёсьць тое, што пачынаецца аповяд з апраўленай гісторыі шага Шагрыяра і ягонае жонкі Шагэразады, а таксама наяўнасьці апраўленых гісторыяў. Гэтыя гісторыі маюць дачыненьне да арыгінальнай казкі, некаторыя зьяўляюцца апраўленымі казкамі ў межах іншых казак, а іншыя ёсьць самадастатковымі. Некаторыя выданьні зьмяшчаюць усяго некалькі сотняў ночаў, а іншыя ўключаюць тысяча адну і больш ночаў. Асноўная частка тэксту празаічная, хоць вершы час ад часу выкарыстоўваюцца дзеля перадачы песьняў і загадак і дзеля выяўленьня ўзмоцненых эмоцыяў. Большасьць вершаў зьяўляюцца адзіночнымі куплетамі ці чатырохрадкоўямі, хоць некаторыя ёсьць і даўжэйшымі.

Некаторыя з гісторыяў, якія звычайна асацыююцца з «Тысяча і адной ноччу», у прыватнасьці, «Цудоўная лямпа Аладына», «Алі-Баба і сорак разбойнікаў» і «Сем плаваньняў Сындбад-марахода», ня былі часткай зборніка ў арыгінальнай арабскай вэрсіі, але былі дададзеныя да калекцыі Антуанам Гальянам ды іншымі эўрапейскімі перакладчыкамі.

Гісторыя рэдагаваць

Гісторыя «Тысячы і адной ночы» ёсьць досыць складанай, і сучасныя навукоўцы рабілі шмат спробаў разблытаць гісторыю аб тым, як узьнікла калекцыя, як яна зьмянялася на працягу свайго існаваньня.

Магчымы індыйскі ўплыў рэдагаваць

Некаторыя навукоўцы маюць меркаваньне, што санскрыцкія літаратурныя тэхнікі, як то апраўленыя сюжэты і байкі пра жывёлаў, ляжаць у корані канцэпцыі «Тысячы і адной ночы»[2]. Матыў мудрай маладой жанчыны, якая стрымлівае і, нарэшце, ліквідуе хуткую небясьпеку для сябе, распавядаючы гісторыі, прасочваецца да індыйскіх крыніцаў[3]. Індыйскі фальклёр таксама прадстаўлены ў творы пэўнымі гісторыямі пра жывёлаў, якія адлюстроўваюць уплыў старажытных санскрыцкіх баек. Асабліва прыкметны ўплыў «Панчатантры» і «Байтал Пачысі»[4]. Гэтаксама ўплыў зрабілі ў казкі «Джатакі», то бок зборнік з 547 будысцкіх гісторыяў, якія ў большасьці сваёй складаюць маральныя гісторыі з этычнай мэтай. «Казка пра быка і асла» і зьвязаная зь ёй «Казка пра купца і ягоную жонку» можна знайсьці ў апраўленых казках як у «Джатакі», гэтак і ў «Тысячы і адной ночы»[5].

Магчыма, што ўплыў «Панчатантры» мае месца праз адаптацыю, зробленую на санскрыт пад назвай «Тантрапах’яна». Захавалыя толькі фрагмэнты санскрыцкай адаптацыі гэтага арыгінальнага твору, але пераклады альбо адаптацыі існуюць на тамільскай[6], лаоскай[7], тайскай[8] і старажытна яванскай мовах[9]. Апраўленая гісторыя асабліва цікавая, бо сюжэт складаецца з аповяду таго, як наложніцы распавядаюць гісторыі, каб падтрымліваць цікавасьць і прыхільнасьць да караля[10].

«Панчатантра» і розныя казкі «Джатакі» былі ўпершыню перакладзены на пэрсыдзкую мову сасанідзкім лекарам Борзуя ў 570 годзе[11]. Потым яны былі перакладзеныя на арабскую мову Ібн аль-Мукафа ў 750 годзе[12]. Арабская вэрсія празь нейкі час была перакладзеная на некалькі моваў, уключаючы сырыйскую, грэцкую, габрэйскую і гішпанскую мовы.

Пэрсыдзкі прататып рэдагаваць

 
Старонка з «Калілы і Дымны», датаваная 1429 годам. Гэта пэрсыдзкая вэрсія твору «Панчатанты». На малюнку шакал-візыр Дымна спрабуе пераканаць свайго караля-льва распачаць вайну.

Самыя першыя згадкі пра «Тысячу і адной ноччу» зьвязваюць з арабскім перакладам пэрсыдзкага твору «Хэзар Афсан», што азначае «Тысяча гісторыяў». У Х стагодзьдзі Ібн аль-Надым склаў у Багдадзе каталёг кнігаў. Ён адзначыў, што кіраўнікі сасанідзкага Ірану вельмі любілі вячэрнія казкі і байкі[13]. Затым Аль-Надым піша пра пэрсыдзкі твор «Хэзар Афсан», тлумачачы апраўленую гісторыю твору, дзе крыважэрны кароль забівае колькі сваіх жонак адразу пасьля іхнае шлюбнае ночы, але, у рэшце рэшт, знаходзіцца разумніца, якая здолела выратаваць сябе, распавядаючы каралю гісторыі кожны вечар, пакідаючы кожную казку незавершанай да наступнай ночы, каб кароль зацягнуў ейнае катаваньне[14]. Аднак, паводле словаў аль-Надыма, кніга зьмяшчае толькі 200 казак. Ён таксама грэбліва піша пра літаратурную якасьць зборніка, заўважаючы, што твор вельмі грубы і не выклікае аніякае цеплыні[15]. У тым жа стагодзьдзі Аль-Масудзі таксама спасылаўся на «Хэзар Афсан», кажучы, што арабскі пераклад называецца «Альф Хурафа» («Тысяча забаўляльных казак»), але звычайна вядомы як «Альф Лайла» («Тысяча ночаў»). Ён згадвае наяўнасьць у творы герояў Шыразд (Шагэразада) і Дыназад[16].

Нажаль, «Хэзар Афсан» да сёньняшняга часу не захаваўся[2], таму ягоная дакладная сувязь з існуючымі пазьнейшымі арабскімі вэрсіямі застаецца загадкавай[17]. Акрамя апраўленага аповяду пра Шагэразаду, некалькі іншых казак маюць пэрсыдзкае паходжаньне, хаця незразумела, як яны ўвайшлі ў зборнік[18]. Гэтыя гісторыі ўключаюць цыклі «Шаг Джаліяд і ягоны вазір Шымас» і «Дзесяць вазіраў ці гісторыя шага Азадбахта і ягонага сына», што паходзяць з пэрсыдзкага твору VII стагодзьдзя «Бахтыярнама»[19].

У 1950-х гадох ірацкі навуковец Сафа Хулусі выказаў здагадку, што паводле ягоных меркаваньняў і без гістарычных доказаў, пэрсыдзкі пісьменьнік Ібн аль-Мукафа, магчыма, быў першым хто зрабіў пераклад на арабскую мову апраўленае гісторыі, а некаторыя з пэрсыдзкіх сюжэтаў пазьней былі далучаны ў твор. Паводле гэтае здагадкі, твор можа адносіцца да VIII стагодзьдзя[20].

Арабскія вэрсіі рэдагаваць

 
Гісторыя пра прынцэсу Парызаду і чароўнае дрэва працы Максфілда Пэрыша. 1906 год.

У сярэдзіне XX стагодзьдзя навуковец Набія Эбат знайшла дакумэнт зь некалькімі радкамі арабскага твору «Кніга аповесьці тысячы ночаў», які датуецца IX стагодзьдзем. Гэта самы раньні вядомы ацалелы фрагмэнт твору[17]. Першая спасылка на арабскую вэрсію пад поўнай назвай «Тысяча і адна ноч» зьявілася ў Каіры ў XII стагодзьдзі[21]. Прафэсар Дўайт Рэйналдс мае меркаваньне, што некаторыя ранейшыя пэрсыдзкія казкі, магчыма, захаваліся ў арабскае традыцыі, зьмяніўшыся так, што арабскія мусульманскія імёны і новыя месцы замянілі даісламскія пэрсыдзкія, але таксама ясна, што цэлыя цыклі арабскіх казак былі дададзены ў зборнік і, мабыць, замянілі большасьць пэрсыдзкіх матэрыялаў. Адзін такі цыкль арабскіх казак абмяжоўваецца невялікай групай гістарычных асобаў Багдаду IX стагодзьдзя, сярод якіх халіф Гарун аль-Рашыд, ягоны візыр Джафар аль-Бармакі і вядомы паэт Абу Нувас. Яшчэ адзін цыкль датычыць сюжэтаў, якія згадваюць асобаў і мясьціны Каіру XIII і XIV стагодзьдзяў[22].

Вядомы дзьве асноўныя арабскія рукапісныя традыцыйныя вэрсіі «Тысячы і адной ночы», як то сырыйская і эгіпецкая. Сырыйская традыцыя ўключае ў сябе найстарэйшыя рукапісы, ейныя вэрсіі таксама значна карацейшыя і ўключаюць у сябе меншую колькасьць казак. У друку гэта традыцыя прадстаўлена празь «Лейдэнскую рэдакцыю» (1984), якая грунтуецца найперш на рукапісу Антуана Гальяна[23][24]. «Лейдэнская рэдакцыя», падрыхтаваная Мугсынам Магдзі, зьяўляецца адзіным на сёньня выданьнем твору[25], які лічыцца самым стылістычна верным прадстаўленьнем сярэднявечных арабскіх вэрсіяў, якія існуюць у цяперашні час[23][24].

Тэксты эгіпецкай традыцыі зьявіліся пазьней, і яны ўтрымліваюць шмат іншых казак са значна больш разнастайным зьместа. Значна больш першапачаткова незалежных адна ад адной казак былі ўключаны ў зборнік на працягу стагодзьдзяў; большасьць зь іх пасьля напісаньня рукапісу Гальяна[26] былі ўключаны яшчэ ў XVIII і XIX стагодзьдзях, магчыма, дзеля дасягненьня колькасьці ў 1001 ночаў. Канчатковы прадукт гэтае традыцыі, гэтак званая эгіпецкая рэзэнцыя Гэрмана Цотэнбэрга, налічвае 1001 ноч.

На сёньня дакладна невядома, якая з гэтых дзьвюх традыцыяў больш аўтэнтычная і бліжэйшая да арыгіналу. Лічыцца, што эгіпецкія тэксты зьведалі больш зьменаў, а такія навукоўцы, як то Мугсын Магдзі, падазраюць, што гэта часткова было выклікана эўрапейскім попытам на поўную вэрсію, але, здаецца, мадыфікацыі твору мелі распасюд на працягу ўсёй гісторыі існаваньня зборніку, і да яго заўсёды дадаваліся незалежныя казкі[26][27].

Цікавыя факты рэдагаваць

Aladdin and the Wonderful Lamp (1917)

Адным з пэрсанажаў казак зьяўляецца старажытнаарабскі паэт Абу Нувас. У 2006 годзе Нацыянальны банк Беларусі выпусьціў памятную манэту «Тысяча і адна ноч». Па матывах казак у 1979 годзе быў пастаўлены балет на музыку азэрбайджанскага кампазытара Фікрэта Амірава[28].

Беларускія пераклады рэдагаваць

  • Аладзін і чарадзейная лямпа: Арабская казка: Пераклад з рускай. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1939.
  • Аладзін і чарадзейная лямпа: Арабская казка: Для малодшага ўзросту / Пераклад С. Драздоўскага. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Рэдакцыя дзіцячай і юнацтвай літаратуры, 1961.
  • Сіндбад-мараход: Арабская казка: Для малодшага ўзросту / Мастак І. Някрасаў. — Мінск: Беларусь, 1963.
  • Тысяча і адна ноч: Арабскія народныя казкі: Выбранае: Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / Укладальнік, каментарыі, пасляслоўе, пераклад на беларускую мову А. Канапелькі. — Мінск: Беларуская навука, 1998.
  • Усходнія казкі: для малодшага школьнага ўзросту / літаратурная апрацоўка і пераклад з рускай мовы Н. В. Бабінай. — Мінск: Харвест, 2017.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Marzolphpa (2007), «Arabian Nights», Encyclopaedia of Islam, I, Leiden: Brill.
  2. ^ а б Reynolds 2006. С. 271.
  3. ^ Hamori, A. (2012). «S̲h̲ahrazād». In P. Bearman; Th. Bianquis; C.E. Bosworth; E. van Donzel; W.P. Heinrichs (eds.). Encyclopaedia of Islam (2nd ed.). Brill. DOI:doi:10.1163/1573-3912.
  4. ^ Burton, Richard F. (2002). «Vikram and the Vampire Or Tales of Hindu Devilry». Adamant Media Corporation. — С. 11
  5. ^ Irwin, Robert (2003), «The Arabian Nights: A Companion», Tauris Parke Paperbacks. — С. 65. — ISBN 1-86064-983-1.
  6. ^ Artola, George (1957). «Pancatantra Manuscripts from South India». Adyar Library Bulletin. — С. 45ff.
  7. ^ K. Raksamani (1978). «The Nandakaprakarana attributed to Vasubhaga, a Comparative Study». University of Toronto Thesis. — С. 221ff.
  8. ^ E. Lorgeou (1924). «Les entretiensde Nang Tantrai». Paris.
  9. ^ C. Hooykaas (1931). «Bibliotheca Javaneca» No. 2. Bandoeng.
  10. ^ A. K. Warder (1992). «Indian Kāvya Literature: The art of storytelling». Volume VI. Motilal Banarsidass Publishers. — С. 61—62, 76—82. — ISBN 978-8-120-80615-3
  11. ^ Dr Fahmida Suleman, «Kalila wa Dimna» in Medieval Islamic Civilization. An Encyclopaedia. Vol. II. — С. 432—433.
  12. ^ Saleh Sa’adeh Jallad (2002). «The Fables of Kalila and Dimnah». Melisende, London. — ISBN 1-901764-14-1.
  13. ^ Pinault 1992. С. 1.
  14. ^ Pinault 1992. С. 4.
  15. ^ Irwin 2003. С. 49—50.
  16. ^ Irwin 2003. С. 49.
  17. ^ а б Irwin 2003. С. 51.
  18. ^ Sallis 1999. С. 2.
  19. ^ Irwin 2003. С. 76.
  20. ^ Khulusi, Safa (1960). «The Influence of Ibn al-Muqaffa' on The Arabian Nights». Islamic Review. — С. 29—31.
  21. ^ Irwin 2003. С. 50.
  22. ^ Reynolds 2006. С. 270.
  23. ^ а б Beaumont, Daniel. «Literary Style and Narrative Technique in the Arabian Nights». The Arabian nights encyclopedia, Volume 1. — С. 1.
  24. ^ а б Irwin 2003. С. 55.
  25. ^ Marzolph, Ulrich (2017). «Arabian Nights». Encyclopaedia of Islam (3rd ed.). Brill. DOI:doi:10.1163/1573-3912.
  26. ^ а б Sallis 1999. С. 18—43.
  27. ^ Pinault 1992. С. 1—12.
  28. ^ «Беларускі музычны тэатр рыхтуе прэм’еру балета „Тысяча і адна ноч“»(недаступная спасылка). Радыё «Беларусь» 18.07.2013.

Літаратура рэдагаваць

  • Reynolds, Dwight A Thousand and One Nights: a history of the text and its reception. — The Cambridge history of Arabic literature. — Cambridge: Cambridge University Press, 2006. — ISBN 978-1-139-05399-0
  • Pinault, David Story-Telling Techniques in the Arabian Nights. — Brill Publishers, 1992. — ISBN 978-9-004-09530-4
  • Irwin, Robert The Arabian Nights: A Companion. — Bloomsbury Publishing, 2003. — ISBN 978-0-857-71051-2
  • Sallis, Eva Scheherazade Through the Looking-Glass: The Metamorphosis of the Thousand and One Nights. — Routledge, 1999. — ISBN 978-0-700-71099-7

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць