Тамаш Якаўлевіч Яўлевіч (па-польску: Tomasz Jewlewicz; канец XVI ст., Магілёў — пасьля 1640-х) — паэт-гуманіст, культурны і царкоўны дзяяч Рэчы Паспалітай, рэктар Кіеўскай брацкай школы.

Нарадзіўся ў Магілёве. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Кракаўскай акадэміі, якую скончыў у 1625 годзе. Тут напісаў і выдаў у друкарні Францішка Цэзарыя філязофска-публіцыстычную паэму на польскай мове «Лябірынт, або Заблытаная дарога» (1625)[1]. У 16281632 гг. быў рэктарам кіеўскай брацкай школы[2]. Пасьля ўтварэньня Кіева-Магілянскай калегіі быў звольнены з пасады Пятром Магілам. Палічыўшы гэта за абразу, накіраваўся ў родны Магілёў[3]. Далейшыя зьвесткі аб П. Яўлевічу адсутнічаюць.

Творчасьць рэдагаваць

Сярод твораў Яўлевіча — вядомая польскамоўная паэма «Лябірынт», адзначаная ярка выяўленай рэнэсансна-гуманістычнай скіраванасьцю, у прыватнасьці ў тлумачэньні гістарычнага працэсу як выніка разумнай або неразумнай дзейнасьці пэўнага народа і яго кіруючай эліты, а не Вышэйшай воляй.

Галоўная гераіня твора — абстрактная пэрсаніфікаваная катэгорыя «мудрасьць», здольная дзейнічаць на ўзроўні сусьветнай гісторыі, гісторыі асобных народаў, асобных станаў і індывідаў. Паважлівае стаўленьне да мудрасьці і яе навучаньяў у княжую эпоху прывяло, на думку Яўлевіча, да велічы і росквіту старажытнарускай дзяржавы, забясьпечыла росквіт яе гарадоў, у першую чаргу Кіева і Галіча. Зварот да мудрасьці, вырошчваньне сваіх звычаяў і веры, разьвіцьцё адукацыі, якая падтрымліваецца шчодрымі мэцэнатамі, здольныя, як сьцьвярджае Яўлевіч, вярнуць згубленую магутнасьць, адрадзіць старажытную славу.

У паэме ўскосным парадкам выказана ідэя кіраўніка як «філёзафа на троне». Прадстаўнік рэнэсанснага гуманізму, Яўлевіч успрымае навакольную прыроду як аб’ект эстэтычнай асалоды. Рэнэсанснай прыкметай твора зьяўляецца таксама сталая прысутнасьць у тым або іншым кантэксьце пэрсанажаў антычнай міталёгіі.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 30. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978—985-08-1291-9
  2. ^ Antoni Mironowicz, Sylwester Kossow - biskup białoruski, metropolita kijowski, Białoruskie Towarzystwo Historyczne, Białystok 1999
  3. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 619—620

Літаратура рэдагаваць