Тадэвуш Булгарын

расейскі пісьменьнік родам зь Беларусі

Фадзе́й Венядзі́ктавіч Булга́рын (1789; цяпер вёска Пырашава, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 1859; цяпер мікрараён Карлава, Тарту, Эстонія) — расейскі пісьменьнік родам зь Беларусі[1].

Фадзей Булгарын
1828 год
1828 год
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Ян Тадэвуш Крыштап Булгарын
Нарадзіўся 5 ліпеня 1789
маёнтак Пырашава, Менскі павет, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая
Памёр 13 верасьня 1859 (70 гадоў)
маёнтак Карлава, Дэрпцкі павет, Ліфляндзкая губэрня, Расейская імпэрыя
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналіст
Гады творчасьці 1808—1849
Жанр аповесьць, нарыс, раман, фэльетон, эпіграма
Мовы польская, расейская
Дэбют сатырычная эпіграма на расейскага царэвіча Канстанціна Паўлавіча (1808)
Значныя творы раман «Іван Выжыгін» (1829), аповесьць «Вандраваньне па сьвеце ў 29-м стагодзьдзі» (1824)
Узнагароды
Ордэн Сьвятой Ганны III ступені
Ордэн Сьвятой Ганны III ступені
Кавалер ордэна Ганаровага легіёну
Кавалер ордэна Ганаровага легіёну
Творы ў Вікікрыніцах

Заснавальнік расейскага авантурнага рамана[2], адзін зь якіх стаў першым бэстсэлерам у Расеі (раман «Іван Выжыгін», 1829 г.). Заснавальнік першай у Расеі прыватнай грамадзка-палітычнай штодзённай газэты «Паўночная пчала», наклад якой дасягаў 10 000 асобнікаў[3]. Паводле знаёмага земляка Восіпа Пшэцлаўскага, які выдаваў «Пецярбурскі тыднёвік», Булгарын быў беларусам. У рамане «Іван Выжыгін» называў Беларусь краінай і ўжываў беларускую мову.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Ян Тадэвуш Крыштап Булгарын нарадзіўся ў шляхецкім маёнтку свайго бацькі Бенядыкта Булгарына. Бацька быў знаёмы з генэралам Тадэвушам Касьцюшкам, у гонар якога даў сыну імя Тадэвуш. Хрысьцілі Тадэвуша Булгарына ва Ўзьдзенскім касьцёле (Менскі павет, Вялікае Княства Літоўскае). Калі Тадэвушу было 5 гадоў, бацька ўдзельнічаў у паўстаньні 1794 году. У ходзе паўстаньня бацька забіў расейскага генэрала, за што яго зьняволілі і выслалі ў Сыбір. У 1796 годзе, калі Тадэвушу было 7 гадоў, расейскім імпэратарам стаў Павал I, які амніставаў паўстанцаў. Па вызваленьні бацька прыступіў да выхаваньня сына. Ва ўспамінах Тадэвуш Булгарын пісаў: «Ён будзіў мяне ад сну або стрэламі над самым маім ложкам, або халоднай вадой, якую ліў на мяне ў сьне. Сказаўшы мне аднойчы, што толькі бабы і дурні вераць у чарцей, ведзьмакоў, ведзьмаў і мерцвякоў, ён адпраўляў мяне аднаго апоўначы, узімку і ўвосень, на гумно прынесьці пук каласоў або жменю збожжа. Трэба сказаць, што за нашым гумном былі сельскія могілкі… бацька прывучаў мяне да самой грубай ежы; браў з сабою на паляваньне, на якім мы праводзілі часам па некалькі дзён, і ў свае 7 гадоў, я галяпаваў за ім на маленькім кані, і нават страляў са стрэльбы, знарок для мяне зробленай». Таксама Тадэвуш згадваў ва ўспамінах прабабулю, якая пражыла 114 гадоў[4].

У 1798 годзе, калі Тадэвушу было 9 гадоў, падкуплены суседам расейскі суд пазбавіў бацьку маёнтка. У выніку наезда, Тадэвуша разам з бацькамі і сёстрамі выгналі зь сядзібы ўначы. Сям’і давялося пераехаць да сваякоў. Маці адвезла Тадэвуша ў Пецярбург, дзе з дапамогай знаёмага кампазытара Восіпа Казлоўскага ўладкавала сына ў Імпэратарскі сухапутны шляхецкі кадэцкі корпус(ru). Пагатоў Тадэвуш ня ведаў расейскай мовы і атрымаў ад аднаклясьнікаў мянушку Касьцюшка. У 1806 годзе, ва ўзросьце 17 гадоў, скончыў Першы Санкт-Пецярбурскі кадэцкі корпус і стаў карнэтам лейб-гвардыі Ўланскага палка царэвіча(ru) (Малая Фантанная слабада, Санкт-Пецярбурская губэрня). 14 чэрвеня 1807 году атрымаў раненьне ў бітве пад Фрыдляндам (Каралеўства Прусія; цяпер Калінінградзкая вобласьць, Расея) супраць францускага войска Напалеона I Банапарта. За ўдзел у бітве атрымаў ордэн сьвятой Ганны 3-й ступені. У 1808 годзе ўдзельнічаў у Фінскай вайне(en) супраць Швэцыі. Напісаў сатырычную эпіграму на расейскага царэвіча Канстанціна Паўлавіча, за што патрапіў на некалькі месяцаў пад арышт у Кранштацкую крэпасьць. Адтуль яго накіравалі ў Ямбурскі драгунскі полк(ru), разьмешчаны ў Вялікім княстве Фінляндзкім. У 1811 годзе, у 22 гады, выйшаў у адстаўку ў чыне падпаручніка. Выехаў у Парыж (Францыя), дзе ўступіў у Надвісьлянскі легіён(fr). У складзе легіёна ўдзельнічаў у вайне на Пірэнэйскім паўвостраве[4].

У расейска-францускай вайне 1812 году ўдзельнічаў ў складзе 2-га пяхотнага корпуса Вялікага войска Напалеона, якім загадваў маршал Нікаля Шарль Удзіно. 2-і корпус Удзіно дзейнічаў у Беларусі супраць 1-га пяхотнага корпуса расейскага войска пад загадам Пятра Вітгенштэйна. 21 траўня 1813 году ўдзельнічаў у бітве пад Будышынам(hsb) (Саксонія), за што атрымаў званьне капітана і ордэн Ганаровага легіёну пасьля сустрэчы з Напалеонам. У нарысе «Знаёмства з Напалеонам на аванпосьце пад Будышынам 21 траўня 1813 году» Булгарын апісаў падзею: «Бэрцье, запішыце імя спадара афіцэра!» — сказаў Напалеон. Потым сеў на каня і павярнуўся да мяне: «Я гаварыў пра вас з вашымі падначаленымі, я задаволены вамі. Калі вы будзеце ў чым мець патрэбу, зьвяртайцеся наўпрост да мяне, і ўзгадайце наша знаёмства пад Будушынам. Бывайце! Жадаю вам хутка быць капітанам!» — Я пакланіўся, і Напалеон ад’ехаў крокам да эскадронаў гвардзейскіх уланаў... Праз гадзіну я прыбыў у полк, і першыя словы, якімі мяне сустрэў мой палкоўнік, былі: «Дабрыдзень, спадар капітан!» 30 жніўня 1813 году ўдзельнічаў у бітве пад Хлумцам(cs) (Чэскае каралеўства(cs), Аўстрыйская імпэрыя; цяпер Усьцецкі край, Чэхія). У 1814 годзе патрапіў у палон да прусакоў. Пасьля абмену палоннымі пасяліўся ў Вільні (Літоўскае генэрал-губэрнатарства, Расейская імпэрыя), дзе ў 1816 годзе ўступіў у пісьменьніцкае «Таварыства нягоднікаў»(pl). Таварыства выдавала па-польску штотыднёвік «Вулічныя навіны», дзе Булгарын пачаў друкаваць свае гумарыстычныя творы. У 1819 годзе Булгарын пераехаў у Пецярбург[4].

У Пецярбургу пачаў выдаваць вершы, нарысы і ўспаміны ў польскамоўнай вэрсіі газэты «Расейскі інвалід», што належала Вайсковаму міністэрству Расейскай імпэрыі. У 1820 годзе ў расейскамоўным часопісе «Сын айчыны» зьявіліся яго працы, якія пераклалі паэт Кандрат Рылееў і пісьменьнік Аляксандар Бястужаў. У 1822 годзе пачаў выдаваць па-расейску часопіс «Паўночны архіў» зь літаратурным дадаткам. У лютым 1824 году Аляксандар Пушкін пісаў Булгарыну: «Вы належыце да малага ліку тых літаратараў, чые вымовы або ўхваленьні могуць і маюць паважацца». У 1825 годзе стварыў першы ў Расеі тэатральны альманах «Расейская талія», у якім выдаў урыўкі вершаванай камэдыі «Гора ад розуму» Аляксандра Грыбаедава. Таксама ў 1825 годзе заснаваў літаратурна-палітычную газэту «Паўночная пчала», што стала найбольш пасьпяховым выданьнем у Расеі і прынесла яму матэрыяльны дабрабыт. Напярэдадні паўстаньня сьнежаньцаў 1825 году вынес змоўніцкія паперы з дома Рылеева, які быў кіраўніком паўстаньня. У выніку, суда пазьбеглі некалькі ўдзельнікаў «Паўночнага таемнага таварыства». Патрапіў пад арышт паводле даноса паэта Аляксандра Ваейкава, які працаваў рэдактарам «Расейскага інваліда»[4]. 15 ліпеня [ст. ст. 3 ліпеня] 1826 расейскі імпэратар Мікалай I падпісаў Указ аб пераўтварэньні Асаблівай канцылярыі Міністэрства ўнутраных справаў у 3-е аддзяленьне Ўласнай канцылярыі, якое ў тым ліку мела зьбіраць «зьвесткі пра ўсіх людзей, якія знаходзяцца пад наглядам паліцыі». Булгарын стаў асьведамляльнікам 3-га аддзяленьня ў чыне правадзейнага стацкага дарадцы[5]. У 1829 годзе выдаў раман «Іван Выжыгін», які перавыдаваўся тройчы запар. За мяжой раман выдалі на 5 эўрапейскіх мовах (францускай, польскай, італьянскай, нямецкай і ангельскай)[4]. У рамане «Іван Выжыгін» адлюстроўваўся побыт беларусаў[1] і 10 разоў згадвалася слова Беларусь, якая называлася краінай. Таксама Беларусь, і Наваградзкае ваяводзтва ў прыватнасьці, згадваліся ў раманах «Дзьмітры Самазванец» (1830), «Пётар Выжыгін» (1831) і «Мазэпа» (1834), «Успамінах» Булгарына (1846—1849)[4].

Творчасьць рэдагаваць

У 1845 годзе Булгарын склаў ліст з падрахункамі сваёй літаратурнай дзейнасьці: «Да гэтага часу напісана мной і выдадзена ў сьвет: 16 тамоў раманаў, 18 тамоў аповесьцяў, артыкулаў аб норавах, біяграфіяў, розных гістарычных урыўкаў і падарожжаў, а разам напісана мною на працягу майго літаратурнага жыцьця 173 тамы. Адважваюся сьцьвярджаць, што ніводны пісьменнік у Расеі не выявіў большай дзейнасьці»[4]. У расейскамоўным рамане «Іван Выжыгін» 1829 году ўжываў беларускую мову. Прыкладам выкарыстоўваў беларускамоўную мянушку Кудлашка для сабакі (ад кудлаты). Таксама «беларускай гаворкай» у рамане прамаўляў «шамбялян Кручкатворскі».

  • аповесьць «Праўдападобныя небыліцы, або Вандраваньне па сьвеце ў 29-м стагодзьдзі» (1824)
  • расказ «Неверагодныя небыліцы, або Падарожжа да сярэдзіны Зямлі» (1825)
  • нарыс «Сцэна з прыватнага жыцьця ў 2028 годзе ад Раства Хрыстова» (1828)
  • раман «Іван Выжыгін» (1829)
  • раман «Дзьмітры Самазванец» (1830)
  • раман «Пётар Выжыгін» (1831)
  • раман «Мазэпа» (1834)
  • «Дзе ракі зімуюць» (1836)
  • аповесьць «Прыгоды Мітрафанушкі на Месяцы» (1837)
  • «Ліст жыхара камэты Белы да жыхароў Зямлі» (1843)

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 5 ліпеня 2013. — № 122 (27487). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Барыс Крэпак. “Гэты мілы чалавек, велізарнае дараваньне…” // Культура : газэта. — 15 сьнежня 2012. — № 50 (1072).
  3. ^ Булгарын Фадзей // Культурна-асьветны клюб «Спадчына», 17 лістапада 2009 г. Праверана 14 траўня 2018 г.
  4. ^ а б в г д е ё Кастусь Тарасаў. Шляхціц Булгарын // Новы час : газэта. — 26 лютага 2010. — № 7 (183). — С. 23. — ISSN 2218-2244.
  5. ^ Зьміцер Крывашэй, Адам Мальдзіс. Літаратурныя мясьціны Беларусі (Узьдзенскі раён) // Маладосьць : часопіс. — Травень 2013. — № 5 (714). — С. 134. — ISSN 0131-2308.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць