Сігізмунд Леванеўскі

Савецкі пілёт

Сігізму́нд Алякса́ндравіч Леване́ўскі (па-расейску: Сигизмунд Александрович Леваневский; 15 траўня 1902, Санкт-Пецярбург, Расейская імпэрыя — 13 жніўня 1937) — савецкі палярны лётнік польскага паходжаньня, брат польскага лётніка Юзэфа Леванеўскага.

Сігізмунд Аляксандравіч Леванеўскі
Сигизмунд Александрович Леваневский
15 траўня 190213 жніўня 1937
Месца нараджэньня Сьцяг Расейскай імпэрыі Санкт-Пецярбург
Месца сьмерці
Прыналежнасьць Чырвоная армія
Род войскаў авіяцыя
Гады службы 1918
Бітвы/войны Грамадзянская вайна ў Расеі
Узнагароды
Мэдаль Залатая Зорка
Мэдаль Залатая Зорка
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Помнік у Саколцы, прысьвечаны братам Зыгмунту і Юзэфу Леванеўскім

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Бацькі Зыгмунта Леванеўскага (Тэафіля і Аляксандар) паходзілі з Саколкі. У 1898 року выехалі ў Пецярбург у пошуках працы, дзе й нарадзіўся Зыгмунт. Большую частку дзяцінства правёў у Саколцы, працаваў рабочым. Падтрымаў бальшавікоў у Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 і наступнай грамадзянскай вайне. З 1918 служыў у Чырвонай арміі. У 1919 ачоліў роту, пасьля батальён, быў начальнікам штабу і камандзірам стралковага палку на Ўсходнім фронце. У 1921 ваяваў з антыбальшавіцкімі аддзеламі ў Дагестане.

З 1921 служыў у 4 аддзеле паветранай навігацыі ў Петраградзе, а з 1923 у Севастопальскай вайсковай школе марской авіяцыі (у наземнай службе). З 1924 навучаўся ў гэтай школе, скончыў у 1925, пасьля чаго служыў вайсковым пілётам, а таксама інструктарам сэвастопальскай школы. У 1928 пераведзены ў рэзэрв, пасьля чаго працаваў інструктарам Мікалаеўскай лётнай школы, ваенізаванай арганізацыі Асаавіяхім, у 1929—1933 — дырэктарам школы ў Палтаве.

 
Мэмарыяльная дошка братам Леванеўскім

Зь вясны 1933 працаваў пілётам у палярнай авіяцыі Глаўсеўмарпуці. Улетку 1933 на гідрасамалёце Dornier Wal зьдзейсьніў пералёт Сэвастопаль — Хабараўск. 13 ліпеня 1933 знайшоў і ўратаваў у раёне Анадыру на Чукотцы амэрыканскага пілёта Джэймза Матэрна, лятак якога трапіў у аварыю падчас спробы кругасьветнага палёту,і 20 ліпеня транспартаваў яго ў Ноўм на Алясцы. Увосені 1933 браў удзел у агітацыйных вылетах ва Ўкраіне.

У лютым 1934 з двума іншымі лётнікамі накіраваўся ў ЗША, каб закупіць самалёты «Consolidated Fleetster» дзеля экспэдыцыі эвакуацыі рэштак параходу «Чалюскін». 29 сакавіка 1934 на адным зь іх вылецеў з Ноўму. Аднак самалёт з-за абледзяненьня разьбіўся падчас вымушанай пасадкі ў вёсцы Ванкарэм на Чукотцы, дзе знаходзілася база ратаўнікоў. За адвагу ў гэтай экспэдыцыі Леванеўскі, тым ня меней, быў уганараваны 20 красавіка 1934 зь яшчэ 6 лётнікамі званьнем Герою Савецкага Саюзу.

З 1934 навучаўся ў Акадэміі паветраных сілаў імя Жукоўскага. Бў першым пілётам, які апрацаваў плян пералёту з СССР у ЗША праз Паўночны полюс. 3 жніўня 1935 з двума іншымі лётнікамі зьдзейсьніў першую ў гісторыі спробу пералёту самалётам Ант-25 з Масквы праз Паўночны полюс у Сан-Францыска, аднак з-за аварыі рухавіка палёт быў спынены над Баранцавым морам. Улетку 1936 выехаў у ЗША, дзе закупіў гідрасамалёт «Vultee V-1A», на якім 5 жніўня — 13 верасьня 1936 пераляцеў з Лос-Анджэлес праз Сан-Францыска, Уэлен, Якуцк і Сьвярдлоўск у Маскву. Увесну 1937 выпрабоўваў у Севастопалі набытыя ў ЗША самалёт-амфібію «S-43» і гідрасамалёт «Douglas DF».

12 жніўня 1937 прадпрыняў спробу пералёту праз Паўночны полюс з Масквы ў Фэарбэнкс чатырохрукавіковым самалётам DB-A № N-209 на чале экіпажу зь яшчэ 5 лётнікамі. 13 жніўня а 13:40 лятак перасёк полюс, але а 14:32 каманда паведамлі пра адмову скрайняга правага рухавіка, пасьля чаго самалёт зьнік бязь вестак і так і ня быў выяўлены. Хутчэй за ўсё, ён разьбіўся ля ўзьбярэжжа Аляскі.

Узнагароды рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць