Сігна

прыватны холдынг Аўстрыі ў галіне нерухомасьці, заснаваны ў 1999 годзе ў Інсбруку пад назвай «Імофіна»

Каардынаты: 47°15′56″ пн. ш. 11°23′44″ у. д. / 47.26556° пн. ш. 11.39556° у. д. / 47.26556; 11.39556

«Сігна» — прыватны холдынг Аўстрыі ў галіне нерухомасьці, заснаваны ў 1999 годзе ў Інсбруку пад назвай «Імофіна».

«Сігна»
ням. Signa
Выява лягатыпу
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Заснаваная 1999
Заснавальнікі Рэне Бэнко
Уласьнікі Рэне Бэнко (85%), Эрнст Танэр (10%), Торстэн Толер 5%
Краіна Аўстрыя
Разьмяшчэньне Інсбрук
Адрас вул. Марыі-Тэрэзіі, д. 31[1]
Ключавыя фігуры Дытэр Бэрнінгаўс, Рэне Бэнко
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі арэнда, забудова, крамны гандаль, хуткае харчаваньне
Абарачэньне 8,5 млрд эўра (2019 год)
Лік супрацоўнікаў 46 400 (2020 год)
Даччыныя кампаніі «Сігна Нерухомасьць», «Сігна Раздроб»

З 2006 году носіць сучасную назву. На 2020 год «Сігна» была найбольшым прадпрыемствам Аўстрыі ў галіне нерухомасьці. Холдынг меў 10 прадстаўніцтваў у 5 краінах Эўропы: 4 у Нямеччыне — Бэрлін, Гамбург, Дусэльдорф і Мюнхэн; 2 у Італіі — Бальцана і Сірміёнэ; па 1 у Аўстрыі (Вена), Люксэмбургу і Швайцарыі (Цюрых)[1].

Будова рэдагаваць

На 2020 год холдынг «Сігна» ўлучаў 2 даччыныя прадпрыемствы, якія мелі па 5 падразьдзяленьняў.

  • «Сігна Нерухомасьць» налічвала 400 супрацоўнікаў на 10 сядзібах у 5 краінах Эўропы: Аўстрыі, Італіі, Люксэмбургу, Нямеччыне і Швайцарыі. Ёй належала нерухомасьць на 20 млрд эўра і забудова на 12 млрд эўра. 5-ю падразьдзяленьнямі былі: 1) АТ «Сігна Першасны Адбор», якое здавала ў наём нерухомасьць у Аўстрыі, Італіі і Нямеччыне; 2) АТ «Сігна Забудоўны Адбор», што прадавала забудову гандлёвых цэнтраў, гасьцініцаў, жылых комплексаў і офісных вежаў у найбольшых гарадах Аўстрыі, Нямеччыны і Швайцарыі; 3) «Сігна Адбор ЗША» скупала нерухомасьць у Нью-Ёрку для здачы ў арэнду; 4) «Сігна Інавацыі» вяла сайты для здачы нерухомасьці ў наём і гандлю забудовай; 5) «Сігна Раскошныя Гасьцініцы» здавала пакоі на італьянскім курорце «Віла Эдэн» пры возеры Гарда і ў аўстрыйскіх гасьцініцах «Парк Хаят» у Вене і «Шале Н» у Леху (зямля Форарльбэрг).
  • «Сігна Раздроб» наймала 46 000 чалавек у 370 мясьцінах і 100 інтэрнэт-крамах у 20 краінах. У 2019 годзе абарачэньне склала 8,5 млрд эўра. Яе 5-ю падразьдзяленьнямі былі: 1) «Сігна Прэміюм», якой у Нямеччыне належалі гандлёвыя цэнтры «Альстэргаўс» у Гамбургу, «Обэрполінгер» у Мюнхэне і «Ўнівэрмаг Захаду» ў Бэрліне, а таксама інтэрнэт-крама адзеньня «Мае лепшыя брэнды»; 2) «Сігна Аб'яднаны Спорт», якому належала 80 сеціўных крамаў у 17 краінах, што налічвалі 3 млн пакупнікоў ровараў, спартовага адзеньня і тэнісных ракетак; 3) «Сігма Ўнівэрмагі», што ўлучае ў Нямеччыне 243 крамы «Галерэя Карлстад-Каўфгоф» з 32 000 супрацоўнікаў на 20 млн пакупнікоў; 4) «Сігма Дом і Лад Жыцьця», якому належаць 42 крамы мэблі «Кіка» і «Лінэр» з 4300 супрацоўнікаў у 5 краінах; 5) «Сігма Ежа і Страўні», што кіравала сеткай хуткіх страўняў у Нямеччыне, у тым ліку «Ітэлі»[2].

Мінуўшчына рэдагаваць

У 1999 годзе ў Інсбруку (Аўстрыя) 22-гадовы Рэне Бэнко заснаваў прадпрыемства «Імофіна». У 2001 годзе адчынілі сядзібу ў Вене. У 2004 годзе ў Інсбруку пабудавалі ўнівэрмаг «Тыроль», на верхнім паверсе якога разьмясьцілі галаўны офіс прадпрыемства. У 2006 годзе прадпрыемства перайменавалі ў холдынг «Сігна», які адчыніў прадстаўніцтвы ў Люксэмбургу, Нямеччыне (Мюнхэн) і Швайцарыі (Цюрых). Пазьней прыдбалі будынак Нямецкай біржы ў Франкцурце-на-Майне. Увосень 2013 году холдынг набыў «Унівэрмаг Захаду» ў Бэрліне. 15 жніўня 2014 году «Сігна» набыла сетку нямецкіх крамаў «Карлстад» за больш як 1,1 млрд эўра. У жніўні 2016 году прыдбалі он-лайн-краму «Апранайся-за-менш», што працавала ў 13 краінах. У 2017 годзе набылі венскае ТАА «Забудоўнік нерухомасьці Аўстрыі». У чэрвені 2017 году «Сігна» набыла нямецкую інтэрнэт-краму адзеньня «Мае лепшыя брэнды». У чэрвені 2018 году прыдбалі сетку 42 крамаў мэблі «Кіка» і «Лінэр» у 5 краінах[2]. У сакавіку 2019 году ў Нью-Ёрку (ЗША) набылі будынак Крайсьлера за $150 млн. У чэрвені 2019 году «Сігна» набыла 2-ю палову паёў нямецкай сеткі 243 крамаў «Галерэя Карлстад-Каўфгоф», што налічвала 32 000 супрацоўнікаў і 20 млн пакупнікоў[3].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Разьмяшчэньне нерухомасьці (ням.) // Холдынг «Сігна», 2020 г. Праверана 23 сакавіка 2020 г.
  2. ^ а б Група прадпрыемстваў (ням.) // Холдынг «Сігна», 2020 г. Праверана 23 сакавіка 2020 г.
  3. ^ «Галерэя Карлстад-Каўфгоф» (ням.) // Холдынг «Сігна», 2020 г. Праверана 23 сакавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Нерухомасьць (ням.) // Холдынг «Сігна», 2020 г. Праверана 23 сакавіка 2020 г.