Сэпараты́зм (па-француску: séparatisme ад лац. separatus — асобны) — палітыка і практыка адасабленьня, аддзяленьня часткі тэрыторыі дзяржавы з мэтаю стварэньня новай самастойнай дзяржавы ці атрыманьня статусу вельмі шырокай аўтаноміі (індывідуальная свабода дзеяньня; самастойнасьць).

Сэпаратызм вядзе да парушэньня сувэрэнітэту, адзінства і тэрытарыяльнай цэласьці дзяржавы, прынцыпу непарушнасьці межаў і, як вынікае з практыкі, можа стацца крыніцаю самых вострых міждзяржаўных і міжнацыянальных канфліктаў. Разам з тым адзначаецца, што прычыны сэпаратызму вельмі часта бываюць зьвязаныя з грубым парушэньнем правоў чалавека і народаў, нацыянальных, расавых і рэлігійных групаў (меншасьцяў). У гэтым пляне сэпаратызм можа адыграць істотную ролю, як гэта мела месца, напрыклад, у барацьбе супраць прыгнёту каляніялізму, пры ўтварэньні новых маладых нацыянальных дзяржаваў. Сэпаратызм сёньня стварае нямала складаных і вострых праблемаў у жыцьці як разьвітых (Канада, Гішпанія і інш.), так і краінаў, што разьвіваюцца (Індыя, Пакістан, Ірак, шмат афрыканскіх дзяржаваў) краінаў. Сваю ролю сэпаратызм адыграў у распадзе СССР, Югаславіі, Чэхаславаччыны.