Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы

Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы — сьвяточныя мерапрыемствы 2010 году ў розных краінах, прысьвечаныя сьвяткаваньню перамогі войска літоўскага і польскага над крыжакамі Тэўтонскага ордэну пад Грунвальдам у Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе. Цэнтральная падзея сьвяточных мерапрыемстваў — інсцэніроўка Грунвальдзкай бітвы на Грунвальдзкім полі ў Польшчы; іншыя падзеі — вайсковыя парады, канцэрты старажытнай музыкі і сярэднявечнага танцу, народныя забавы і рыцарскія баі.

Сьвяткаваньне ў Беларусі рэдагаваць

Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы ў Беларусі адзначалася ў Наваградку, Лагойску (Сілічы), Дудутках, Гальшанах і часткова ў Менску, Горадні, Магілёве[1][2], Азярцы, Браславе ды Полацку[3]. Старшыня аргкамітэту па сьвяткаваньні 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы — Анатоль Грыцкевіч[4].

Сьвяткаваньне ў Сілічах рэдагаваць

Сьвяткаваньне ў Сілічах адбылося 24 красавіка[5]. Арганізатары — фонд «Краіна замкаў» супольна з гарналыжным цэнтрам «Сілічы». У праграме былі прадстаўлены масавыя рыцарскія баталіі, турніры, спаборніцтва лучнікаў, навучэньне сярэднявечным танцам, рамёствам (кавальства, ткацтва, чаканка, ганчарнае мастацтва), старажытныя конкурсы і забавы. На вольным паветры можна было пакаштаваць нацыянальныя стравы — ад дранікаў да парасяці на ражне. Увечары адбыўся штурм крыжацкага замка і сярэднявечная дыскатэка[6].

Сьвяткаваньне ў Наваградку рэдагаваць

 
Рыцарскі фэст у Наваградку

Сьвяткаваньне ў Наваградку адбылося 26-27 чэрвеня[7]. На ім прысутнічалі каля 400 удзельнікаў з Беларусі, Украіны, Летувы, Чэхіі, Расеі й Польшчы. Парад удзельнікаў, узначалены Вітаўтам і Ягайлам на баявых конях, пад гукі валынак у выкананьні музыкаў з гурту «Cornucopia» пачаў шэсьце па вуліцы Савецкай да гарадзкога пляцу, дзе была ўсталяваная сьвяточная сцэна. На адкрыцьці фэсту прысутнічалі міністар культуры Павал Латушка[8] (які і выказаў ідэю адзначыць юбілей Грунвальду ў старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага), кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, старшыня Гарадзенскага абласнога савету дэпутатаў Андрэй Навумовіч[9]. Для ўдзельніцтва ў мерапрыемствах зарэгістраваліся 34 рыцарскія клюбы з 11 гарадоў Беларусі, Расеі, Летувы, Чэхіі — усяго каля 400 рыцараў[10].

Для аматараў музыкі на гарадзкім пляцы адбыўся сьвяточны канцэрт беларускіх эстрадных артыстаў і Нацыянальнага аркестру сымфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінбэрга.

У рве пад Замкавай гарой адбыліся баі рыцараў на мячах. За званьне лепшага змагаліся рыцары зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Змаганьне вялося ў цяжкіх дасьпехах, вага якіх дасягала 30 кг. Першае і другое месцы дасталіся расейцам, трэцяе і чацьвёртае — украінцам. Перамогу на турніры атрымаў расеец Сяргей Уколаў (клюб «Баярд»).

Конны турнір сабраў шмат гледачоў. Большасьць прадстаўнікоў было з клюбу «Залатая шпора»: яго ўдзельнікі займаюцца ваеннай рэканструкцыяй, і ў іхняй уласнасьці 11 коней.

На тэрыторыі замку рыцары з клюбу «Сярэднявечныя вандроўцы» (рыцарскае брацтва Троцкага замка зь Летувы) правялі тэатралізаваныя паядынкі за сэрца прыгожых дам, абраных з кола глядачак. «Дама сэрца» пераможцы была абвешчаная Каралевай турніру. Таксама «Вандроўцы» паказалі танцы ХІІІХV стагодзьдзяў. Прадстаўленьне працягнулася гішпанскімі і італійскімі сярэднявечнымі танцамі ў выкананьні менскага клюбу «Глорыя» пад акампанэмэнт ансамблю «Drolls».

Клюб гістарычнага фэхтаваньня і баявых сцэнаў «Бяроўнскія мяшчане» (Чэхія) пазнаёміў з тэхнікай фэхтаваньня і дуэляў.

Рыцарскі лягер у некалькі дзясяткаў шатроў разгарнуўся ля сьценаў старога замку. Госьці і гледачы маглі вольна прагуляцца па лягеры, назіраючы за бытам рыцараў: рыцары спалі на скурах, харчаваліся з глінянага посуду — усё максымальна аўтэнтычна.

На тэрыторыі Малога замку разьмясьціліся рамесьнікі, прадаючы ўпрыгожваньні з латуні, скуры, ювэлірныя вырабы з бурштыну. Тут жа даваў свае прадстаўленьні сапраўдны «Батлейны тэатар пана Скіргайлы».

Увечары ў замку выступаў прыдворны балет «Cracovia Danza» з прэм’ерай спэктаклю «Дамы і рыцары пры двары Ўладзіслава Ягайлы», створанага на падставе тагачасных танцавальных трактаў. Удзельнікамі балету было паказана багацьце прыдворнай і рыцарскай культуры ў Польшчы пачатку XV стагодзьдзя. Затым адбылося «вагнявое шоў», паказанае чараўніцай Аюнай і тэатрам «Крэда» (Беларусь). Потым горад асьвятліўся ўспышкамі сьвяточнага фаервэрку.

Ключавой імпрэзай нядзелі стала інсцэніроўка Грунвальдзкай бітвы пад гром гарматаў, шоргат стрэл і ляскат дасьпехаў. У «бугурце» ўдзельнічала па 15 рыцараў, 3 коньнікі і 5 лучнікаў з кожнага боку. Пасьля малітвы «Ойча наш» польска-літоўскае войска вырушыла ў паход супраць Тэўтонскага ордэну пад крыкі з шэрагаў гледачоў: «Давай, славяне!» Таксама ў нядзелю праходзіў турнір лучнікаў зь некалькіх практыкаваньняў, якімі валодалі сярэднявечныя стралкі (стральба з калена, з пасоўваньнем наперад; на адлегласьць; на хуткасьць; седзячы на бервяне, якое разгойдваецца (як на кані); маятнікавай мішэні). Перамогу ў ім атрымала Карына Трычык з «Гільдыі лучнікаў» (Менск).

Паводле словаў аднаго з арганізатараў фэсту Ігара Міхно, у Наваградак прыехалі прадстаўнікі 41 клюбу з 11 гарадоў Беларусі, Летувы, Польшчы, Чэхіі і найлепшыя байцы з Расеі і Ўкраіны.[11]

Сьвяткаваньне ў Менску рэдагаваць

У Менску прайшлі мастацкія выставы, прысьвечаныя 600-годзьдзю Грунвальдзкай бітвы. 16 траўня ў рамках міжнароднае акцыі «Ноч музэяў» у Нацыянальным гістарычным музэі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыцьцё выставы «Абразы мінулага» — супольны праект музэю і Беларускага саюзу мастакоў. Былі прадстаўлены творы жывапісу і скульптуры, станкавая і кніжная графіка айчынных мастакоў, сярод якіх — Уладзімер Савіч, Гаўрыл Вашчанка, Павел Татаранкаў і іншыя[12].

9 ліпеня ў літаратурным музэі Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесьці, адбылося адкрыцьцё мастацкай выставы «Грунвальд за смугою часу»[13]. Арганізатарам выставы выступіў сам музэй, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і таварыства «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў. На выставе былі прадстаўлены 15 карцін беларускіх мастакоў — Міколы Купавы, Міхаіла Басалыгі, Анатоля Канцуба, Алеся Мары, Юрыя Каралевіча. На адкрыцьці выставы перад музэям адбылася тэатралізаванае відовішча і музычны фэст, прысьвечаныя 600-годзьдзю перамогі ў Грунвальдзкай бітве і 660-годзьдзю князя Вітаўта Вялікага[14].

14 ліпеня ва Ўправе БНФ адкрылася выстава «Грунвальд у нашай памяці». Адметнасьцю выставы было тое, што прадстаўленыя карціны намалявалі дзеці[15].

15 ліпеня моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Гісторыка» заплянавала правесьці каля Нацыянальнай бібліятэкі акцыю «Бой падушкамі», таксама прымеркаваную да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы. Але Менгарвыканкам не дазволіў яе правесьці[16].

З 3 да 21 лістапада ў Палацы мастацтва прайшла выстава, прысьвечаная 600-годзьдзю бітвы, дзе былі прадстаўленыя творы жывапісу, графікі, скульптуры больш за 100 мастакоў.[17]

Сьвяткаваньне ў Горадні рэдагаваць

20 ліпеня ў Горадні адкрылася беларуска-польская філятэлістычная выстава «Грунвальд-600». Падчас яе адбывалася гашэньне маркі «600-годзьдзе перамогі пад Грунвальдам», якую выпусьціла Белпошта[18].

Сьвяткаваньне ў Дудутках рэдагаваць

У Дудутках 31 ліпеня — 1 жніўня адбыўся «Другі юбілейны фэст беларускай зброі „Наш Грунвальд“»[19]. Ужо перад уваходам у музэйны комлекс «Дудуткі» можна было акунуцца ў час сярэднявечча, пашпацыраваўшы па разьмешчаным перад уваходам рыцарскім лягеры, дзе ўсё было максымальна набліжана да тых часоў — ежа гатавалася на агні ў кацялках, у гліняным посудзе (жбанах) і драўлянымі лыжкамі. Дзяўчыны, якія гатавалі ежу, былі апранутыя на тагачасны манер. На тэрыторыі музэйнага комплексу, апроч вольнага наведваньня экспазыцыйных выставаў музэю, можна было набыць сувэніры, якіх шмат прадавалася і ў невялікіх крамах музэю і ўздоўж галоўнай алеі, дзе можна было набыць прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з цэглы і дрэва, медзяныя пярсьцёнкі ручной работы з выслоўямі на латыні і іншае.

На працягу фэстывальных дзён гучала жывая старажытная музыка ў выкананьні трыё музыкаў з Горадні «Irdorath». Таксама можна было паспрабаваць сябе ў стральбе з луку ці арбалету, кіданьні сякеры альбо дзіды, а таксама навучыцца старажытнаму танцу. Ахвотныя маглі спыніцца ў клетцы ка́та. Таксама можна было прымерыць на сябе рыцарскія дасьпехі, сфатаграфавацца з рыцарамі альбо навучыцца старажытнаму танцу.

31 ліпеня аб 11-й гадзіне адбылося адкрыцьцё сьвяткаваньня. Затым прайшоў адборачны турнір зброяносцаў, пасьля якога прайшоў конкурс гістарычнага строю, адборачны турнір пешых мечнікаў і конкурс танцавальных калектываў. А 15-й гадзіне адбыўся відовішчны конны рыцарскі турнір, які прыцягнуў да сябе шмат гледачоў-заўзятараў. Удзельнічалі чатыры конныя рыцары зь Беларусі, уяўляўшых сабою ВКЛ, Францыю і Нямеччыну (ордэн тампліераў). Рыцары мусілі на скаку трапіць дзідай у мішэнь, а таксама ў невялікае кальцо і дзіка, зрубіць галаву (качан капусты на шасьце), а таксама прымалі ўдзел у конных спаборніцтвах на дзідах і мячах. Пасьля турніру адбылася галоўная падзея фэсту — рэканструкцыя Грунвальдзкай бітвы. Пасьля гэтай падзеі, якая прыцягнула да сябе ўсіх гледачоў, а 17-й гадзіне адбыўся канцэрт, на якім выступілі гурты «Стары Ольса», «Кейлі Кёл» і трыё «Irdorath». Завяршыў вечар а 21-й гадзіне конкурс агнявых шоў.

1 жніўня адбыліся тэатральныя пастановы, турнір лучнікаў, конкурс трукавых тэатраў, фінал пешага рыцарскага турніру, танцавальная праграма, пешы камандны турнір і бугурты. А ўвечары, у 17:30, адбылося закрыцьцё фэстывалю і ўручэньне прызоў.

Фотагалярэя сьвяткаваньня ў Дудутках рэдагаваць

Сьвяткаваньне ў Гальшанах рэдагаваць

21 жніўня прайшоў фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі Замак — 2010» каля сьценаў славутага Гальшанскага замку[20], прымеркаваны ня толькі да сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы, але таксама да:

  • 400-годзьдзя заснаваньня Гальшанскага замку
  • 730-годзьдзя заснаваньня Гальшанаў
  • 605-годзьдзя з дня нараджэньня Соф’і Гальшанскай (пачынальніцы роду Ягелонаў)[21]

Фэст пачаўся аб 11-й гадзіне і доўжыўся да позьняга вечара. Госьці сьвята маглі назіраць бугурты (масавыя бітвы рыцараў у фармаце 10×10), турнір лучнікаў, пешы рыцарскі турнір, конны турнір, канцэрт старадаўняй музыкі (гурты «Стары Ольса», «ЛітвінТроль», «Тэстамэнтум Тэррэ», «Расалія», «Келіх кола», «Гальярда», «Cornucopia» і іншыя), старадаўнія танцы і фэер-шоў ад тэатраў «Гістрыён» і «Дэ-Грыза», а таксама ўзяць удзел у шматлікіх конкурсах (стральба з лука, кіданьне дзідаў, бой на мячах, апрананьне ў рыцарскі дасьпех, сэрсо, п’яны кат). Увесь дзень наведвальнікі сьвята маглі пакаштаваць смачную ежу і напоі, набыць сувэніры і браць майстар-клясы па народных рамёствах.

Паводле словаў аднаго з арганізатараў сьвята, дырэктара турыстычнай агенцыі «Гісторыя-тур» Алеся Кушнера, фэст вырашылі зрабіць штогадовым і кожны раз прымяркоўваць яго да якой-небудзь гістарычнай падзеі або даты рэгіёну ці краіны.[22]

Сьвяткаваньне ў беларускай Вікіпэдыі рэдагаваць

У беларускай Вікіпэдыі клясычным правапісам была зладжаная супольная праца ў межах тыдню Грунвальдзкай бітвы.

Памятная манэта Нацыянальнага банку Беларусі рэдагаваць

Асноўны артыкул: Грунвальдзкая бітва. 600 год (манэта)
 
Залатая манэта 600 год Грунвальдзкай бітве, 20 рублёў, рэвэрс

Нацыянальным Банкам Рэспублікі Беларусь 7 ліпеня 2010 году ўведзеныя ў абарачэньне юбілейныя манэты «Памятная манэта Грунвальдзкая бітва. 600 год»[23]. Манэты выбіты з золата — наміналам 50 і 20 рублёў, срэбра — наміналам 20 рублёў і медна-нікелевага сплаву — 1 рубель. Авэрс: залатой манэты наміналам 50 рублёў, срэбнай і медна-нікелевай манэтаў разьмешчаны: уверсе — рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; у цэнтры — стылізаваны відарыс мяча, які па абрысе нагадвае чалавека: на залатой манэце — на фоне патрэсканай зямлі, на срэбнай і медна‑нікелевай манэтах — на фоне кальчугі; па крузе надпісы: у верхняй частцы — РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, у ніжняй — 50 РУБЛЁЎ (на залатой), 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), проба сплаву (на залатой і срэбнай) і год выпуску манэтаў у абарачэньне.

Памятная марка рэдагаваць

 
Марка Беларусі, выпушчаная да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы

15 чэрвеня 2010 г. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выдыла ў зварот марку «600-годдзе перамогі пад Грунвальдам».

Мастакі: Ганна Малаш, Іван Лукін. Друк афсетны, поўнакаляровы. Папера мелаваная, гуміраваная. Зуб. грэб. 14: 141/4. Памер маркі 40х28 мм. У лісьце 4 (2х2) маркі. Памер ліста 130х90 мм. Тыраж 52 тыс.. На марке прыменяны элемэнты абароны[24].

У дзень выхаду маркі ў зварот у аддзяленьні паштовай сувязі №3 Мсьціслаўля было праведзена спэцыйнае гашэньне на канвэрце «Першы дзень»[25].

Юбілейны каляндар рэдагаваць

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выпусьціла насьценны каляндар на 2010 год, прысьвечаны 600-годзьдзю перамогі аб’яднаных войскаў Вялікага княства Літоўскага над рыцарамі Тэўтонскага ордэну. На календары — рэпрадукцыя графічнага аркуша мастака Міхася Басалыгі, прысьвечанага гістарычнай перамозе. Адметнасьць календара ў тым, што ў ім надрукаваны падказкі жыхарам тых беларускіх рэгіёнаў, якія маюць асаблівае права і гонар сьвяткаваць вялікую перамогу. На ім пададзеныя назвы ўсіх беларускіх гарадоў, якія выставілі пад Грунвальд свае баявыя харугвы[26].

Сьвяткаваньне ў Польшчы рэдагаваць

 
Помнік на Грунвальдзкім полі
 
Сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы з удзелам дэлегацыі польскай, летувіскай, румынскай і малдаўскай 17 ліпеня 2010

Дата правядзеньня — 15—17 ліпеня 2010 году. Месца правядзеньня — Грунвальд, Польшча.

Арганізатары рэдагаваць

Арганізатарамі сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы выступілі самакіраваньне Вармінска-Мазурскага ваяводзтва, а таксама самакіраваньне гміны Грунвальд і Фундацыя «Грунвальд». Гістарычную частку Грунвальдзкіх дзён арганізавалі Кшыштаф Гурэцкі і Яцэк Шыманскі. Старшыня Камітэту па падрыхтоўцы сьвяткаваньня 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы — Пётар Жухоўскі[27].

Удзельнікі рэдагаваць

Удзел у трохдзённым фэсьце ўзяла 200 тысячаў гледачоў з усяго сьвету. Удзельнічалі каля 2000 рыцараў — прадстаўнікоў рэканструктарскіх рыцарскіх клюбаў з Польшчы, Беларусі, Расеі, Украіны, Летувы, Нямеччыны, Францыі, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Італіі, Фінляндыі, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны.[28]

Праграма Грунвальду-2010[29] рэдагаваць

15 ліпеня (чацьвер) рэдагаваць

  • 15.00 — зварот прэзыдэнта Польскай Рэспублікі да гасьцей з суседніх дзяржаваў з нагоды 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы
  • 16.00 — Грунвальдзкія весьці: прыбыцьцё караля Ўладзіслава II Ягайлы і Вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгэна з коннымі харугвямі на грунвальдзкія палі (пачатак, прадстаўленьне ўдзельнікаў, уручэньне грамат.
  • 17.00 — конны рыцарскі турнір, рэпэтыцыі інсцэніроўкі

16 ліпеня (пятніца) рэдагаваць

  • 10.00 — сярэднявечнае народнае гуляньне і кірмаш у рамесьніцкім пасяленьні, турніры, рыцарскія гульні і забавы ў рыцарскім лягеры
  • 11.00 — VI Грунвальдзкія сустрэчы з фальклёрам
  • 17.00 — рэпэтыцыі інсцэнізацыі
  • 18.00 — канцэрты фольк-музыкі
  • 20.00 — агульныя забавы на вольным паветры

17 ліпеня (субота) рэдагаваць

 
Беларусы на месцы рэканструкцыі, прысьвечанай угодкам бітвы
  • 9.00 — урачыстае паседжаньне Савету гміны Грунвальд
  • 10.00 — палявое набажэнства
  • 11.30 — урачыстая паверка
 — Войт гміны Грунвальд вітае гасьцей
 — выступленьне старшыні выканаўчага органу самакіраваньня Вармінска-Мазурскага ваяводзтва Яцэка Протаса і запрошаных гасьцей
 — харцарская частка ўрачыстай паверкі
 — ускладаньне кветак да помніку Грунвальдзкай бітвы
 — парадная маршыроўка ваеннага аркестру
 — паветраны паказ з удзелам ваенных самалётаў «Іскра»
  • 13.00 — рыцары выходяць на поле бітвы, падрыхтоўка да інсцэніроўкі
  • 14.00 — інсцэніроўка Грунвальдзкай бітвы
  • 16.00 — фэст фольк-музыкі
  • 17.00 — выступленьне мастацкіх ансамбляў
  • 22.00 — агнявы фэст
  • 22.00 — агульныя забавы разам з ансамблямі

Сьвяткаваньне Грунвальдзкай бітвы ў розныя гады рэдагаваць

Сьвяткаваньне Грунвальдзкай бітвы ў 2010 г. рэдагаваць

Памятныя манэты Народнага Банку Польшчы рэдагаваць

 
2 Zł, выпушчаныя банкам Польшчы ў гонар 600-ых угодкаў Грунвальдзкай бітвы

Да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы Народны Банк Польшчы ўвёў у абарачэньне срэбную манэту наміналам 10 злотых пад назвай «Вялікія бітвы — Грунвальд» (па-польску: Wielkie bitwy – Grunwald). Упершыню ў гісторыі калекцыянэрскія манэты Народнага Банку Польшчы былі выпушчаныя ў форме кліпы — манэты някруглай формы. Разам з тым банкам была эмітаваная круглая манэта вартасьцю 2 злотых пад назвай «Вялікія бітвы — Грунвальд, Клушын» (па-польску: Wielkie bitwy – Grunwald, Kłuszyn) з сплаву пад назвай «паўночнае золата».[30]

Сьвяткаваньне ў Летуве рэдагаваць

 
Залатая манэта «600 год Грунвальдзкай бітве», 500 літаў, рэвэрс

10-11 ліпеня ў Віленскім раёне Летувы ў замку Меднікі[31], найбольш буйным абаронным замку на тэрыторыі Летувы, сабраліся рыцары ў дасьпехах, лучнікі, фокусьнікі, ганчары, кавалі, кухары, скурадзелы, ювэліры, майстры па вырабу старажытнай адзёжы, гурты старажытных песень і танцаў. Гасьцям можна было ўзяць адзежу XV ст. напракат.

Адбыўся тэатралізаваны паказ з удзелам рыцараў, караля Ягайлы і князя Вітаўта. У Медніцкім касьцёле адбылася ўрачыстая мэса. Адбылося агнявое шоў ды іншыя мерапрыемствы. У фінале турніру — узнагароджаньне пераможцаў. Рыцарскія турніры арганізаваў клюб вайсковай тэхнікі «Віленскі воўк», інвэстыцыйны фонд разьвіцьця Віленскага рэгіёну, Віленскае раённае самакіраваньне і клюб «Антычны воін».

Памятная манэта Нацыянальнага Банку Летувы рэдагаваць

Асноўны артыкул: Грунвальдзкая бітва, 600-годзьдзе (манэта, Летува)

Нацыянальным банкам Летувы 29 чэрвеня 2010 уведзены ў абарачэньне юбілейныя манэты «600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы»[32]. Манэты выбіты з золата — наміналам 500 літаў, срэбра — наміналам 50 літаў, і медна-нікелевага сплаву — 1 літ.

Памятная манэта Нацыянальнага Банку Ўкраіны рэдагаваць

14 ліпеня 2010 году Нацыянальным Банкам Украіны ў абарачэньне была ўведзеная памятная манэта пад назвай «Грунвальдзкая бітва, 600-годзьдзе». Манэта зробленая з срэбра 925 пробы, яе вартасьць складае 20 грыўняў, агульны наклад — 5000. На авэрсе знаходзяцца малы Дзяржаўны Герб Украіны, намінал манэты, а таксама на фоне разьмешчанага па коле ляўровага вянка кампазыцыя з трох рук у дасьпехах, пакладзеных на меч, што сымбалізуе рыцарскае братэрства і клятву воінаў на зброі перад бітвай. На рэвэрсе знаходзяцца рэльефныя выявы воінах, якія ідуць у наступ, а таксама надпісы «Грунвальдзкая бітва» і «600 гадоў».[33]

Сьвяткаваньні ў іншых краінах рэдагаваць

Рэспубліка Палаў рэдагаваць

Рэспубліка Палаў да 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы выпусьціла 3 памятныя манэты пад агульнай назвай сэрыі «600 Years Battle Of Grunwald». На адной зь іх выяўленыя Вітаўт і Ягайла, на другой — польскі рыцар на кані, на трэцяй — тэўтонец. Вартасьць усіх манэтаў складае 1 даляр, наклад кожнай — 2500 асобнікаў.[34]

Выспы Кука рэдагаваць

Выспы Кука адзначылі 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы выпускам памятнай манэты наміналам у 5 даляраў. Манэта зробленая з срэбра 925 пробы, агульны наклад склаў 1000 асобнікаў. На авэрсе манэты адлюстраваны партрэт каралевы Лізаветы II, на рэвэрсе — выява польскага караля Ягайлы на фоне бітвы з подпісамі «Wladyslaw II Jagiello», «1362—1434» і «1410 Battle Of Grunwald».[34]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ 600 год перамогі пад Грунвальдам адзначылі ў Магілёве // Радыё «Свабода». 22 ліпеня 2010.
  2. ^ Планета дорог. Белоруссия начинает празднование 600-летия Грюнвальдской битвы (рас.)
  3. ^ Аб святкаваньні на Беларусі 600-годдзя Грунвальдскай бітвы(недаступная спасылка)
  4. ^ Анатоль Грыцкевіч: Дзяржава святкуе 600-годдзе Грунвальда ў раённым маштабе
  5. ^ Фестиваль рыцарской культуры «Грюнвальд-фэст» (рас.) // Men’s.by
  6. ^ У «Сілічах» праходзіць фэстываль рыцарскай культуры «Грунвальд-фэст» // БелаПАН, 24 красавіка 2010
  7. ^ В Новогрудке отметили 600-летие Грюнвальдской битвы (рас.) // «Туризм и отдых», 29.06.2010
  8. ^ В Новогрудке отпраздновали 600-летие Грюнвальдской битвы (рас.) // Naviny.by, 28.06.2010
  9. ^ «Гэта наш пяцізоркавы фэст» // Наша Ніва, Сямён Печанко, 1 ліпеня 2010
  10. ^ В Новогрудке отметили 600-летие Грюнвальдской битвы (рас.) // Delfi.lt, 28.06.2010
  11. ^ Наваградак акунуўся ў Сярэднявечча (фотарэпартаж) // Budzma.org, Зарына Кандрацьева, 28 чэрвеня 2010
  12. ^ В Минске открылась выставка к 600-летию Грюнвальдской битвы (рас.) // Naviny.by, 16.05.2010
  13. ^ К 600-летию Грюнвальдской битвы в Минске прошел фестиваль и открылась выставка (рас.) // TUT.BY, 10.07.2010
  14. ^ У Траецкім прадмесьці адзначалі перамогу пад Грунвальдам // Радыё Свабода, 10 ліпеня 2010
  15. ^ У Менску адкрылася дзіцячая выстава «Грунвальд у нашай памяці» // Радыё Свабода, 14 ліпеня 2010
  16. ^ Мингорисполком не разрешил провести в Минске «Бой подушками» по случаю 600-летия Грюнвальдской битвы (рас.) // БелаПАН, 13.07.2010
  17. ^ Больш за 100 мастакоў выставілі ў Мінску творы, прысвечаныя Грунвальду // TUT.BY, 06 лістапада 2010 г.
  18. ^ Паштовыя маркі і Грунвальд // Радыё Свабода, 20 ліпеня 2010
  19. ^ Дудуткі: «Наш Грюнвальд»
  20. ^ Фэстываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі Замак — 2010»
  21. ^ Сярэднявечча адкрыецца ў Гальшанах 21 жніўня(недаступная спасылка) // Звязда, Настасься Занько, 11 жніўня 2010
  22. ^ Другі фэстываль рыцарскай культуры «Гальшанскі замак — 2010» сабраў каля дзьвюх тысяч гасьцей // БелаПАН, 23 жніўня 2010
  23. ^ Нацбанк выпусьціў памятную манэту «Грунвальдзкая бітва. 600 год» // Наша Ніва
  24. ^ 600-летие победы под Грюнвальдом (рас.) Информационный листок. Белпошта (7 чэрвеня 2010). Праверана 13 сьнежня 2010 г.
  25. ^ 600-летие победы под Грюнвальдом (рас.) Новости филателии. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ (14 ліпеня 2010). Праверана 13 сьнежня 2010 г.
  26. ^ Валянціна Аксак (30 сьнежня 2010) Каляндар да юбілею перамогі пад Грунвальдам Культура. Радыё Свабода. Праверана 24 сьнежня 2010 г.
  27. ^ 600-гадавіна Грунвальдзкай бітвы
  28. ^ Грунвальд: 600 год, +40 °C і 200 тысяч удзельнікаў (фота)(недаступная спасылка) // Эўрапейскае радыё для Беларусі, 19 ліпеня 2010
  29. ^ Праграма Дзён Грунвальду 2010
  30. ^ Monika Skarbek: WIELKIE BITWY — GRUNWALD I KŁUSZYN. NBP.pl, 2010-06-21.
  31. ^ Рыцарские турниры в честь 600-летия Грюнвальдской битвы пройдут 10-11 июля в Литве(недаступная спасылка) (рас.) // БЕЛТА
  32. ^ 600 — летие Грюнвальдской битвы… (рас.)
  33. ^ Пам’ятна монета «600-річчя Грюнвальдської битви» (укр.) // Національний банк України
  34. ^ а б Рэха Грунвальда дакацілася да Палінезіі // Наша Ніва, 17 лістапада 2010 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць