Слу́цкі аўто́бус — адзіны ў Слуцку від гарадзкога транспарту, які налічвае больш чым 100-гадовую гісторыю. Слуцкі аўтобус стаў адной зь першых пасьпяховых аўтобусных сыстэмаў у Беларусі.[1][2] У той жа час, слуцкі аўтобус не зьяўляецца першай па працягласьці працы аўтобуснай сыстэмай у Беларусі, паколькі працаваў зь перапынкамі і рознымі мэтамі пры стварэньні прадпрыемстваў.

Міжгародні аўтобус па маршруце СалігорскГорадня забірае пасажыраў на плятформе аўтавакзалу

Гісторыя рэдагаваць

Прадпрыемства тэрміновых аўтамабільных зносін рэдагаваць

 
Аўтобусы N.A.G. у Слуцку. Фота Саміра Юхніна, 1910-я гады.

Перадумовай зьяўленьня ў Слуцку аўтобуснага руху сталася адсутнасьць чыгункі, якая ўжо была пракладзеная ў буйных беларускіх гарадах. Чыгуначная лінія з Асіпавічаў была пабудаваная толькі да Ўрэчча ў 1904 годзе[3] (паводле іншых зьвестак — у 1907 годзе[4]). У сувязі з гэтым у 1908 годзе[5] бабруйскім купцом Ф. Некрычам і жыхаром Слуцку І. Этынгерам[1][6] было заснаванае акцыянэрнае таварыства «Прадпрыемства тэрміновых аўтамабільных зносін», якое ў 1909 годзе набыла тры аўтобусы нямецкай вытворчасьці, і арганізавала перавозкі па маршрутах Слуцак — Старыя Дарогі і Слуцак—Ляхавічы[7], адлегласьць якіх складала 51 і 78 км адпаведна.[5]

На лініі Слуцак — Старыя Дарогі працавалі тры аўтобусы N.A.G.(en).[1] Да Ляхавічаў пасажыры перавозіліся двума аўтобусамі Dürkopp(de). Улетку аўтобусы працавалі штодзённа, увосень — 2-3 разы на тыдзень. Узімку аўтобусы адстойваліся ў гаражы.[8]

Рэпартэр газэты «Минское слово» ў 1912 годзе апісваў паездку ў аўтобусе па маршруце Слуцак — Старыя Дарогі наступным чынам:

Аўтобус уяўляе сабой вагон фургоннага тыпу — грувасткі і пастаўлены на чатыры колы. Ён прыяжджае ў Старыя Дарогі раз на содні каля другой гадзіны і начуе да раніцы, а з раніцы забірае пасажыраў і вязе іх у Слуцак. Насупраць вакзалу ў Старых Дарогах збудаваная вазоўня, у якой і начуе гэты «правадыр прагрэсу».

Аўтобус слуцкага кірунку вельмі падобны да бруднага, абцяжаранага клопатамі слана. Гайдаючыся ўсім корпусам направа і налева, павольна выходзіць ён з вазоўні, пакідая шырокія сьляды ад колаў. Імгненна гэты «слон» напаўняецца народам. Нагружаецца і зьверху, і зьнізу і, выдаўшы дзяркаты перамагальны гук, рухаецца наперад па шашы.

Першае ўражаньне дастаткова знэрвуе вас. «Слон» гайдаецца то туды, то сюды. Вам падасца, што толькі ён так калыхнецца, як перакульне вас, але пазьней вы памаленьку звыкаеце да гэтых ваганьняў…

— «Минское слово»[5]

Увосень 1915 году акцыянэрнае таварыства скончыла сваю працу. Прычынай гэтага магло быць як набліжэньне фронту падчас Першай сусьветнай вайны, гэтак і тое, што ў гэтым жа годзе чыгунка да Слуцку была нарэшце пракладзеная.[5]

Рэгулярны аўтобусны рух у горадзе рэдагаваць

У красавіку 1948 году быў зноў пачаты аўтобусны рух.[3] 19 траўня 1956 году была заснаваная самастойная пасажырская гаспадарка. Былі арганізаваныя чатыры маршруты, якія абслугоўвалі 8-10 ПАЗ-651, а таксама пяць міжгародніх і сем прыгарадных маршрутаў.[9] У 1959 годзе ў цэнтры Слуцку была пабудаваная аўтобусная станцыя, якая ў 1966 годзе была перанесеная на Прывакзальную плошчу да чыгуначнага вакзалу. У 1982 годзе быў пабудаваны цяперашні аўтавакзал.[9]

Сучаснасьць рэдагаваць

 
Слуцкі аўтавакзал
 
Квіток на адну паездку

На сёньняшні дзень працу грамадзкага транспарту забясьпечвае ДУП «Аўтобусны парк №2», якое мае ў рухомым складзе 94 аўтобусы. Пасажыраў абслугоўваюць 20 гарадзкіх, 39 прыгарадных і 9 міжгародніх маршрутаў. Працуе аўтавакзал.

Гарадзкія маршруты рэдагаваць

Маршрут[10]
2 Мясакамбінат — СБК
3 Мясакамбінат — вул. Сацыялістычная
4 Аўтавакзал — в. Лучнікі
5 Мясакамбінат — Сельскагаспадарчы ліцэй
вул. Чэхава — Мясакамбінат
Мясакамбінат — вул. Чэхава
6 ДБУ-9 — Ільнозавод
7 Мясакамбінат — база АСС
8 Аўтобусны парк №2 — 14 в/г
9 СЭС — Паліклініка
10 Аўтобусны парк №2 — вул. Сацыялістычная
12 Аўтавакзал — 13 в/г
13 Паліклініка — Сельскагаспадарчы ліцэй
14 Паліклініка — вул. Сацыялістычная
15 Аўтобусны парк №2 — вул. Сацыялістычная
16 Аўтавакзал — вул. Чэхава
17 вул. Чэхава — Мясакамбінат
18 Аўтавакзал — вул. Сацыялістычная
19 Мясакамбінат — СБК
20 Паліклініка — вул. Чэхава
21 Мясакамбінат — вул. Іваноўскага — Мясакамбінат
22 вул. Чэхава — база АСС

Аплата праезду рэдагаваць

У кожным аўтобусе працуе кандуктар, які рэалізуе квіткі, ён жа і правярае аплату за праезд; магчымае папярэдняе набыцьцё праязнога пасьведчаньня[11]

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Геннадий Можейко (17 лістапада 2010) Первыми владельцами авто в Беларуси были Радзивиллы (рас.). Комсомольская ПравдаПраверана 28 сьнежня 2010 г.
  2. ^ В поисках утраченного, Советская Белоруссия  (рас.)
  3. ^ а б Грицкевич А. П. Древний город на Случи. — Мн.: Полымя, 1985. — 158 с., ил. — (По родному краю). С. 41  (рас.)
  4. ^ Слуцк чыгуначны: учора і сёння, Інфа-Кур’ер
  5. ^ а б в г Богдашич С. (11 лютага 2009) По улицам “слонов” водили (рас.). Інфа-Кур’ерПраверана 2 студзеня 2010 г.
  6. ^ Анна Течуешева Из истории Правил дорожного движения (рас.) Праверана 28 сьнежня 2010 г.
  7. ^ Транспорт, Слуцкі раённы выканаўчы камітэт  (рас.)
  8. ^ Игнат Данилович Из истории развития автотранспорта в Беларуси и Минске (рас.). Taxi. Праверана 28 сьнежня 2010 г.
  9. ^ а б ИСТОРИЯ АВТОВОКЗАЛА  (рас.)
  10. ^ [kurjer.info/info/schedule Расписание движения автобусов по городу Слуцку] (рас.) Інфа-Кур’ер
  11. ^ Слуцк. Организация движения и оплата проезда(недаступная спасылка) (рас.)

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Транспарт у Слуцкусховішча мультымэдыйных матэрыялаў