Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі

дзяржаўнае ўтварэньне ў 1919 року

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ), Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка (БССР) — дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала ў студзені — лютым 1919 году пад кантролем бальшавіцкага ўраду.

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі

4 студзеня — 27 лютага 1919
Сьцяг Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі Герб Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі

ССРБ на мапе Савецка-польскай вайны

Афіцыйная мова беларуская, расейская
Сталіца Смаленск (1—7 студзеня 1919), Менск (з 8 студзеня 1919)
Форма кіраваньня савецкая сацыялістычная рэспубліка

Уздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, абвяшчэньне 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасьць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнаньня права беларускага народу на самавызначэньне й нацыянальную дзяржаўнасьць.

Пратакол аб утварэньні ССРБ у межах Менскага, Смаленскага, Віцебскага, Магілёўскага, Гомельскага, Гарадзенскага і Баранавіцкага раёнаў. Разьмежаваньне зь летувісамі ў Віленскай губэрні і латышамі ў Віцебскай губэрні мусілі правесьці адмысловыя камісіі паводле нацыянальнага складу насельніцтва

Па пытаньні самавызначэньня Беларусі сярод партыйных і савецкіх работнікаў не было адзінага меркаваньня. Аляксандар Чарвякоў, Зьміцер Жылуновіч і іншыя лідэры выступалі за стварэньне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі й ўваходжаньне яе ў склад РСФСР на правах аўтаноміі. Кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б) і Заходняй вобласьці Аляксандар Мясьнікян, Вільгельм Кнорыньш, М. Калмановіч, Карл Ландар і іншыя не прызнавалі існаваньня беларускага этнасу, і ажыцьцяўленьня права нацыі на самавызначэньне ва ўмовах набліжэньня, як ім здавалася, сусьветнай рэвалюцыі таксама не прызнавалі.

Пасьля заканчэньня нямецкай акупацыі Беларусі ў канцы 1918 году і заняцьця яе тэрыторыі Чырвонай Арміяй узьнікла неабходнасьць тэрміновага стварэньня на гэтых землях савецкай дзяржаўнасьці. Ліквідаваўшы войскамі Чырвонай Арміі БНР, у сьнежні 1918 году ЦК РКП(б) прыняў рашэньне пра стварэньне беларускай савецкай рэспублікі.

30—31 сьнежня 6-я Паўночна-Заходняя канфэрэнцыя РКП(б) (гл. Першы зьезд КП(б)Б), якая адбылася ў Смаленску, прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэньне самастойнай Савецай Рэспублікі Беларусі. У склад гэтага ўтварэньня ўвайшлі Віцебская, Гарадзенская, Магілёўская, Менская губэрні, большая частка Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувальскай і Чарнігаўскай губэрняў. Сфармаваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі (старшыня Зьміцер Жылуновіч), маніфэстам якога 1 студзеня 1919 году Беларусь абвешчана Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, а Рада і ўрад БНР аб’яўленыя па-за законам. Такім чынам, партыйная канфэрэнцыя ўзяла на сябе функцыі ўстаноўчага сходу й парлямэнту Беларусі.

8 студзеня 1919 году ўрад ССРБ пераехаў са Смаленску ў Менск.

16 студзеня 1919 году ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркаваньня з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б пастанавіў выключыць са складу рэспублікі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губэрні.

22 студзеня 1919 году спецыяльна прысланы ў Менск эмісар ЦК РКП(б) А.Іофэ аб'явіў рашэньне ЦК РКП(б) адносна трох беларускіх губэрняў.

31 студзеня 1919 году ССРБ выйшла са складу РСФСР — урад Савецкай Расеі прыняў пастанову «Аб прызнаньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі». Пры гэтым усходнебеларускія землі засталіся ў складзе РСФСР.

Існаваньню беларускай дзяржаўнасьці працівіліся прыхільнікі ідэі ўнітарнай камуністычнай дзяржавы, як у Маскве, гэтак і на месцах.

На Першым Усебеларускім зьезьдзе Саветаў, які адбыўся ў Менску 2—3 лютага 1919 году, была прынята Канстытуцыя ССРБ, абраны Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, зьезд пацьвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў, якія засталіся ў складзе РСФСР. Старшыня ВЦВК Якаў Сьвярдлоў, што прыбыў на зьезд, абвясьціў пастанову Прэзідыума УЦВК «Аб прызнаньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі», а таксама патрабаваў аб’яднаньня Беларусі з савецкім урадам Паўднёвай Літвы, каб «засьцерагчы гэтыя рэспублікі ад небясьпекі праяўленьня ў іх нацыяналістычных імкненьняў». Усебеларускі зьезд Саветаў прыняў і гэтае патрабаваньне.

27 лютага 1919 году на аб’яднаным паседжаньні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформленае стварэньне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Менскай, Гарадзенскай, Віленскай і Ковенскай губэрняў. Фактычна ССРБ (БССР) перастала існаваць.