Санацыя

унутраная палітыка Другой Рэчы Паспалітай

Сана́цыя (па-польску: Sanacja ад лац. sanatio — «аздараўленьне») — назва палітычнага руху, які ўзьнік у сувязі з абвяшчэньнем Юзэфам Пілсудзкім лёзунгу «маральнай санацыі» грамадзкага жыцьця ў Польшчы, высунутага падчас падрыхтоўкі і падчас Травеньскага перавароту 1926 году.

Юзэф Пілсудзкі

Аснову руху склалі былыя армейскія афіцэры, у якіх карупцыя ў польскай палітыцы выклікала агіду. Санацыя была кааліцыяй розных палітычных сіл з акцэнтам на ліквідацыю карупцыі і скарачэньне інфляцыі.

Галоўнай палітычнай арганізацыяй санацыі быў Беспартыйны блёк супрацоўніцтва з урадам (1928—1935) (па-польску: Bezpartyjny Blok Współpracy z Rządem Józefa Piłsudskiego (BBWR)), а з 1937 году — Лягер нацыянальнага аб’яднаньня.

У жніўні 1926 году ў Канстытуцыю 1921 году былі ўнесены істотныя папраўкі. Прэзыдэнт атрымаў права датэрмінова распускаць сэйм і сэнат і прызначаць новыя выбары, выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу закона да моманту зацьвярджэньня або не зацьвярджэньня іх парлямэнтам. Сэйм пачаў працаваць на сэсійнай, а не на пастаяннай аснове. Толькі прэзыдэнт меў права адкрываць і закрываць яго сэсіі. Уводзілася папярэдняя цэнзура прэсы.

Санацыя ўсталявала аўтарытарнае кіраваньне, змагалася з камунізмам, абвяшчала тэзісы пра крызыс дэмакратыі, неабходнасьць моцнай улады і ліквідацыі апазыцыйных партыяў. У цэлым рэжым Пілсудзкага меў правацэнтрысцкі, кансэрватыўна-патэрналісцкі характар.

Прыкладамі барацьбы з апазыцыяй, апрача іншага, былі: стварэньне канцэнтрацыйнага лягеру ў Бярозе-Картускай, Берасьцейскі працэс, абвяшчэньне па-за законам Лягеру вялікай Польшчы, а таксама Нацыянальна-радыкальнага лягеру, абмежаваньня свабоды друку і сходаў.

У красавіку 1935 году, незадоўга да сьмерці Пілсудзкага, у Польшчы была прынятая новая Канстытуцыя, у якую ўвайшлі асноўныя прынцыпы Санацыі: моцная цэнтралізаваная дзяржава з прэзыдэнцкай сыстэмай кіраваньня. Неўзабаве пасьля сьмерці Пілсудзкага рух сутыкнуўся з шэрагам унутраных праблем і рознагалосься. Урэшце ён распаўся на тры асобныя кірункі:

  1. Левая санацыя (па-польску: Lewica sanacyjna), зь лідэрам Валерыем Славакам, якая імкнулася да пагадненьня з апазыцыяй;
  2. Замкавая група (па-польску: Zamek), сфармаваная вакол прэзыдэнта Ігнацыя Масьціцкага (які пражываў у Варшаўскім замку — адсюль і назва) — цэнтрысты;
  3. Правая санацыя (па-польску: Prawica sanacyjna), што гуртавалася вакол Эдварда Рыдзя-Сьміглага ў саюзе зь Лягерам нацыянальнага аб’яднаньня — нацыяналісты.

Першы з гэтых кірункаў неўзабаве страціў сваё значэньне, а два іншыя працягвалі барацьбу за ўплыў да пачатку вайны.

Другая сусьветная вайна паклала канец ураду санацыі, але яе дзеячы захавалі значныя сувязі ў эмігранцкім урадзе і яго структурах у Польшчы.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць