Робэрт Язэп Патры-Тамушанскі (Рабэрт Тамушанскі; 3 ліпеня 1940, Порт-Чэстэр, штат Нью-Ёрк, ЗША — 10 сьнежня 1996, Рым) — каталіцкі сьвятар бізантыйскага абраду, рэлігійны і культурна-асьветны дзеяч беларускага замежжа, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху, навуковец і публіцыст. Доктар філялёгіі.

Робэрт Язэп Тамушанскі
Robert Joseph Patrie-Tamushanski
Род дзейнасьці сьвятар, рэлігійны і грамадзкі дзеяч
Дата нараджэньня 3 ліпеня 1940
Месца нараджэньня Порт-Чэстэр, штат Нью-Ёрк, ЗША
Дата сьмерці 10 сьнежня 1996 (56 гадоў)
Месца сьмерці Рым, Італія
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак публіцыст, філёляг

Сям’я і карані рэдагаваць

Нарадзіўся ў Амэрыцы ў каталіцкай сям’і зь беларускімі, нямецкімі і францускімі каранямі. Ахрышчаны ў царкве «Our Lady of Mercy» недалёка ад Нью-Ёрку. Яго бацька — Язэп Юры Патры-Тамушанскі — беларус, а маці — Ганна Маргарэт з роду Рут — нямецка-францускага паходжаньня.[1] Меў таксама малодшага брата. Ягоныя дзяды па бацькоўскай лініі былі беларускімі сялянамі-ўніятамі з Аўгустоўшчыны, якія не прынялі расейскага праваслаўя і выехалі ў Амэрыку.[2] Сям’я хадзіла маліцца як у каталіцкі касьцёл, так і ў грэка-каталіцкую царкву, дзе зьбіраліся ўкраінцы.

Школьныя гады рэдагаваць

У 1945—1952 вучыўся ў пачатковай школе, у 1952—1954 — у сярэдняй дзяржаўнай школе, а з 1954 перайшоў у каталіцкую школу, якую скончыў у 1958. У амэрыканізаванай сям’і да яго нацыянальнага і рэлігійнага ўсьведамленьня спрычыніўся дзед-уніят, аднак, найперш гэта былі ягоныя асабістыя пошукі каранёў. У часы школьнага навучаньня Робэрт Тамушанскі імкнуўся глыбей пазнаць гісторыю Ўсходняй Эўропы і беларускага народу. У 16 гадоў быў ужо сьведамым беларусам і грэка-каталіком.

Манаства і навуковыя студыі рэдагаваць

Пасьля выпускных іспытаў у школе, пачуўшы Божае пакліканьне, 15 жніўня 1958 уступіў у Закон сьв. Васіля Вялікага (Ордэн базылянаў), ва ўкраінскі грэка-каталіцкі манастыр сьв. мучаніка Язафата ў Глен Коў (штат Нью-Ёрк). Прайшоў там двухгадовы навіцыят і склаў першыя манаскія зарокі ў 1960.[1] Затым выехаў у Канаду і год правёў у базылянскім манастыры сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў Мундэры, правінцыя Альбэрта (Mundare, Alberta), дзе студыяваў гісторыю і стараславянскую мову.

У верасьні 1961 пачаў вывучаць філязофію ва ўнівэрсітэце ў Атаве. Спачатку жыў у францускай духоўнай сэмінарыі, а затым у студэнцкім доме айцоў-базылянаў. З прычыны слабога здароўя ўвосень 1963 не аднавіў манаскіх зарокаў у базылянаў і далей падчас навучаньня ва ўнівэрсітэце жыў у доме францускіх манахаў-аблятаў (тады дапамог яму беларускі рыма-каталіцкі сьвятар а. Францішак Чарняўскі). З кастрычніка 1963, падчас яго далейшых студыяў у Атаве, ім пачаў апекавацца беларускі грэка-каталіцкі біскуп Часлаў Сіповіч, тагачасны Апостальскі візытататр для беларусаў-католікаў у замежжы. У 1964 скончыў унівэрсытэт у Атаве і выехаў у Эўропу, каб далей студыяваць тэалёгію ў духоўнай сэмінарыі ў Кёнігштайне (Нямеччына).

Сьвятарства рэдагаваць

31 кастрычніка 1965 беларускі грэка-каталіцкі біскуп Часлаў Сіповіч, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў, рукапаклаў Робэрта Тамушанскага на дыякана ў царкве айцоў-марыянаў у Рыме.[3] Разам зь ім саслужылі беларускія грэка-каталіцкія сьвятары а. Аляксандар Надсан і а. Канстанцін Маскалік. Былі прысутныя таксама рыма-каталіцкі біскуп Баляслаў Слосканс, Апостальскі адміністратар Менскі і Магілёўскі і пралат кс. Пятро Татарыновіч. Падчас набажэнства сьпяваў хор вучняў школы сьв. Кірылы з Лёндану.

3 сьнежня 1966 біскуп Ч. Сіповіч рукапаклаў яго на грэка-каталіцкага сьвятара ў духоўнай сэмінарыі ў Кёнігштайне ў прысутнасьці нямецкага біскупа Кіндэрмана (рэктара), які шмат дапамагаў беларусам, прафэсароў сэмінарыі, беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў архімандрыта Льва Гарошкі і пралата Уладзіміра Салаўя, сваякоў ды амаль 200 гасьцей розных нацыянальнасьцяў.[1]

З 1967 Робэрт Тамушанскі жыве і служыць у Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане, дзе зьяўляецца намесьнікам дырэктара беларускай школы імя сьв. Кірылы Тураўскага. Зь сярэдзіны 1960-х гадоў прымаў удзел у рэлігійным і культурна-грамадзкім жыцьці беларускага замежжа. З 1971 — намесьнік дырэктара Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лёндане, сябра англа-беларускага навуковага таварыства. Браў удзел у зьездах беларускіх каталіцкіх сьвятароў у Лёндане (1971), Рыме (1983). 17 ліпеня 1971 на ХХV зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі ў Лёндане быў абраны ў склад Управы ЗБВБ.[4] У складзе дэлегацыі беларускіх сьвятароў 29.11 — 05.12.1982 браў удзел у сустрэчы ў Рыме з папам Янам Паўлам II.

Праца на Ватыканскім радыё рэдагаваць

Зь лістапада 1974 году біскуп Сіповіч накіроўвае а. Робэрта Тамушанскага ў Рым для дапамогі а. Льву Гарошку ў працы Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. З 1974 ён — намесьнік галоўнага рэдактара, а з 1977 — галоўны рэдактар Беларускай сэкцыі Ватыканскага радыё. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў 19 гадоў да сваёй сьмерці ў Рыме ў выніку сардэчнага прыступу[2]. Выступаў на Ватыканскім радыё на тэмы рэлігійнна-царкоўнай гісторыі Беларусі, а таксама з малітвамі і казаньнямі.

Навуковая дзейнасьць рэдагаваць

Айцец Робэрт Тамушанскі быў вельмі адукаваным чалавекам. Вывучаў славянскую і германскую філялёгію, арабістыку, гісторыю філязофіі і рэлігіі, беларуска-габрэйскія літаратурныя сувязі канца ХІХ — пач. ХХ ст. У школе славянскіх і ўсходнеэўрапейскіх навук Лёнданскага ўнівэрсытэту абараніў доктарскую дысэртацыю «Нямецкія запазычаньні ў беларускай мове».[5] Вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, дзе займаўся вывучэньнем арабскай і мусульманскай культур і сучаснай літаратурнай арабскай мовы.[6]

Супрацоўнічаў з часопісам «Божым шляхам», «The Journal of Byelorussian Studies», «Унія». Выступаў у друку з рэцэнзіямі на першыя беларускія каталіцкія малітоўнікі, выдадзеныя ў сучаснай Беларусі. Аўтар прац «Старонкі з гісторыі Царквы ад пачатку да 1850 г.» (1977), «Сыстэматычнае і гістарычнае выясненьне Боскае літургіі паводле бізантыйскага абраду» (1991) і інш.

Навуковыя працы і публікацыі рэдагаваць

  • Robert Joseph Tamushanski. German Loanwords in Middle Byelorussian Ph.D. thesis, London University, August 1974. 304 p.
  • R. Patry-Tamushanski. Belarusian Renaissance Verse // The Journal of Byelorussian Studies. Vol. I, No. 1.
  • R. Patry-Tamushanski. Aniol Doŭhird, philosopher of Vilna // The Journal of Byelorussian Studies. Vol. II, No. 4.
  • Тамушанскі Р. Анёл Доўгірд — філосаф з Вільні // Спадчына, № 5. — 1994.
  • R.J. Patry-Tamushanski. German lexical borrowings in the Chronicle of Barkulabava and the Memoirs of the Theodore Jeŭlasheŭski // The Journal of Byelorussian Studies. Vol. IV, No. 3-4.
  • Robert J. Tamushanski. Belarusian-Yiddish Writings: Interesting Material for Ethnography and Philology // Zapisy Belarusan Institute of Arts and Sciences in the U.S.
  • Рабэрт Тамушанскі. Польская спроба беларускага малітоўніка // «Беларус» № 380, травень-чэрвень 1991.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Рабэрт Тамушанскі — сьвятар // «Божым шляхам», 1967, студзень-люты, год XV, № 1 (100) с.6-7.
  2. ^ а б С. Абламейка. Памяці айца Рабэрта Тамушанскага // «Царква», № 7 (11), 1996, с. 14.
  3. ^ Дыяканскія сьвячаньні // «Божым шляхам», 1965, лістапад-сьнежань, год XIII, № 6 (93) с. 15.
  4. ^ Мікола Панькоў. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984). — Бібліятэка часопісу «Беларускі гістарычны агляд», Мінск, 2001.
  5. ^ Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Аўтар-укладальнік Ю.Гарбінскі. — Мінск-Мюнхен, Беларускі кнігазбор, 1999. С. 194. ISBN 985-6318-65-3
  6. ^ Тамушанскі Роберт

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць