Рагвалод-Васіль Барысавіч

(Перанакіравана з «Рагвалод-Васіль Рагвалодавіч»)

Рагвалод-Васіль Барысавіч, Рагвалод III (1110-я — 1171/1180) — князь полацкі (сярэдзіна 1128 — лета 1129; 1144—1151; 1159—1162) і друцкі (1158—1171/1180). Сын Рагвалода-Барыса.

Рагвалод-Васіль Барысавіч
лац. Rahvałod-Vasil Barysavič
Авэрс пячаці Рагвалода Васіля
полацкі князь
Папярэднік Васілька Сьвятаславіч
Наступнік Расьціслаў Глебавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1110-я
Памёр 1171 або 1180
Нашчадкі Глеб, Барыс
Дынастыя Рагвалодавічы
Жонка Алена Ізяслаўна
Бацька Рагвалод-Барыс Усяславіч

Паводле літоўскага (беларускага) перакладу пачатку XVII стагодзьдзя «Хронікі» Мацея Стрыйкоўскага, «...бо Феафіл Полацак узяў <...> па Васілю Рагвалодзе, каторы тэж быў ліцьвін, і па Глебе, сыне яго, і застаў князем полацкім»[1].

Імя рэдагаваць

Асноўны артыкул: Рагвалод (імя)

Рагнвальд або Рагвальд (Ragnvald, Ragvald) — імя германскага паходжаньня[2][3]. Іменная аснова -раг- (-рэг-) / раган- (імёны ліцьвінаў Рагла, Рагін, Рагайла; германскія імёны Ragilo, Ragenus, Ragel) паходзіць ад гоцкага raginon 'гаспадарыць, судзіць, выракоўваць', ragin 'вырак'[4], а аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) — ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць'[5]. Такім парадкам, імя Рагвалод азначае «вырак улады»[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Рогьволодъ Борисовичь (1144, 1158 і 1171 гады)[7].

Біяграфія рэдагаваць

Па сьмерці Рагвалода-Барыса ў пачатку 1128 году полацкі пасад перайшоў паводле тагачаснага права да яго малодшага брата Давыда князя ізяслаўльскага. Але палачане чымсьці незадаволеныя вельмі хутка выгналі Давыда з Полацку, узяўшы сабе князем маладога Рагвалода-Васіля. Гэта натуральна выклікала змаганьне паміж Давыдам і Рагвалодам-Васілём у якую ўмяшаўся вялікі князь кіеўскі Мсьціслаў, учыніўшы вялікае вайсковае ўварваньне ў Полацкую зямлю. Палачане разам з Рагвалодам-Васілём наведаліся да Мсьціслава і ўпэўнілі яго зацьвердзіць Рагвалода-Васіля полацкім князем у супярэчнасьці з правам старшынства. За гэта, відаць, Рагвалод-Васіль мусіў прызнаць вярхоўную ўладу Кіева над Полацкам, чаго не было з часоў яго прадзеда Брачыслава Ізяславіча.

У 1129 годзе Мсьціслаў зьбіраўся ў выправу супраць полаўцаў і заклікаў да ўдзелу ў ёй і полацкіх князёў. Але Рагвалод-Васіль, зь іншымі полацкімі князямі, відаць не надаючы значнасьці свайму леташняму прызнаньню кіеўскай улады ў кплівых словах адмовіўся ад удзелу ў гэтай выправе. Больш таго, у час калі Мсьціслаў ваяваў з полаўцамі, Рагвалод-Васіль вёў міжусобную вайну з Давыдам і нападаў на ўладаньні нейкіх Мсьціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з выправы на полаўцаў Мсьціслаў адправіў сваіх ваяводаў ў Полацкую зямлю, яны захапілі амаль ўсіх полацкіх князёў, ў тым ліку Рагвалода-Васіля з братам Іванам, і прывезьлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над полацкімі князямі адбыўся так званы «суд рускіх князёў» па выраку якога іх разам зь сем’ямі выслалі ў Бізантыю.

У 1139 годзе Рагвалод-Васіль разам з братам Іванам вярнуўся на радзіму, але полацкі пасад у гэты час быў заняты яго стрыечным братам Васількам. Нягледзячы на тое, што Рагвалод-Васіль меў болей правоў на Полацак, чым Васілька, ён, відаць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі па сьмерці Васількі ў пачатку 1144 году Рагвалод-Васіль стаў полацкім князем. Вясной таго ж году ён ажаніўся з дачкой вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсьціславіча.

Уладарыў да 1151 году, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода-Васіля ў турму. Замест яго полацкім князям стаў Расьціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода-Васіля з турмы, зь Менску ён паехаў у Слуцак. Але ў Слуцку быў няшмат часу, бо дручане запрасілі яго на княжаньне ў Друцак выгнаўшы адтуль Глеба Расьціславіча. Рагвалод-Васіль пагадзіўся і паехаў у Друцак, а насустрач выехала 300 дручанаў на чаўнах. Выгнаньне Глеба Расьціславіча з Друцку выклікала вайну Глебавічаў з Рагвалодам-Васілём — Глебавічы аблажылі Друцак, але штурмы былі беспасьпяховыя, урэшце яны склалі мірную дамову, паводле якой пакідалі яму Друцак, а ён адмаўляўся на іх карысьць ад Полацку.

У 1159 годзе палачане ў выніку змовы выгналі з Полацку Расьціслава Глебавіча і зноў паклікалі на княжаньне Рагвалода-Васіля папрасіўшы ў яго прабачэньня за тое, што калісьці выдалі ў турму менскім князям. Гэта выклікала новы канфлікт з Глебавічамі, Рагвалод-Васіль правёў супраць іх некалькі вайсковых кампаніяў, але ня вельмі пасьпяховых. У выніку апошняй зь іх у 1162 годзе быў разьбіты ў бітве Валадаром Глебавічам які меў у сваім войску шмат літоўцаў. Параза была вельмі цяжкая, загінула шмат палачанаў, таму ён не рызыкнуў вяртацца ў Полацак, а паехаў у Друцак. Полацкі пасад па ім заняў Усяслаў Васількавіч пры падтрымцы смаленскіх князёў.

Апошні раз упамінаецца на так званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам[8], але магчыма жыў недзе да 1180 году, бо толькі пад гэтым годам князем у Друцку ўпамінаецца яго сын Глеб Рагвалодавіч.

Нашчадкі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 17. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 66.
  2. ^ Otterbjörk R. Svenska förnamn. — Svenska språknämnden, 1979.
  3. ^ Ragvald, Nordic Names
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 24.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 184.
  8. ^ Штыхаў Г. Рагвалод Барысавіч // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 43.

Літаратура рэдагаваць