Пятро Антонавіч Рашэтнік (2 чэрвеня 1926, в. Запольле, Наваградзкі павет — 21 ліпеня 2008, Баранавічы) — сябра СБМ, ахвяра палітычных рэпрэсіяў, вэтэран нацыянальнага руху.

Пятро Рашэтнік і Ларыса Геніюш

Біяграфія рэдагаваць

Скончыў пачатковую школу ў Запольлі, паступіў ў польскую прыватную гімназію ў Наваградку. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у верасьні 1939 году перайшоў вучыцца ў беларускую гімназію (у будынак колішняй беларускай гімназіі, якую забралі было палякі пад сваю гімназію), што пераехала зь Вільні ў Наваградак. Дырэктарам якой быў Барыс Кіт.

Хутка аднак дырэктарам быў прызначаны прысланы з усходу Фелікс Баржэмскі.

Падчас вайны працягваў вучыцца. Скончыў 6-ю клясу і паступіў ў 1942 годзе ў толькі што заснаваную Наваградзкую настаўніцкую сэмінарыю.

У 1943 годзе ўступіў у СБМ. Добраахвотна паехаў вучыцца ў авіцыйную школу ў Нямеччыну ў 1944 годзе. Тамака аднак групу СБМ вывучылі на электрыкаў і накіравалі ставіць лініі электраперадач у Аўстрыі, Югаславіі, Нямеччыне. Пасьля беларуская моладзь была распушчана і кожны зарабляў на жыцьцё сам. Рашэтнік працаваў ў баўэра ў Баварыі. Тамака ён і застаў амэрыканскае войска.

Разам зь іншымі славянамі быў перавезены амэрыканцамі да Чэхаславаччыны і перададзены савецкім уладам. Тамака яго забралі ў Савецкую Армію. Тры гады служыў у Чэхаславаччыне, Вугоршчыне і Аўстрыі.

Арыштаваны ў 1948 годзе ў аўстрыйскім горадзе Сантпэльпэне. Сьледзтва вяла контравыведка. Рашэтніка асудзілі на 25 гадоў за «измену Родине».

Трапіў у лягеры на Інце. Тамака пазнаёміўся і пасябраваў зь беларускімі нацыянальнымі дзеячамі Янкам Гінько, Сямёнам Раманчуком.

У 1950 годзе дзякуючы Сымону Раманчуку пазнаёміўся з Ларысай Геніюш, якую тады прыслалі ў лягер. У 1953 годзе спадар Рашэтнік разам зь Міколам Канашам прабраліся праз шахту да жаночага лягеру, каб перадаць запіскі беларускім дзяўчатам і Ларысе Геніюш. Па вяртаньні назад яны былі затрыманыя аховаю. Атрымалі за гэта 20 сутак арышту і на тры месяцы падаўжэньня тэрміну. Зь лягеру вызвалілі ня ў чэрвені, а ў верасьні 1956 году.

Пасьля вызваленьня Пятро Рашэтнік вярнуўся на бацькаўшчыну. Жыў у Баранавічах, працаваў токарам. Працягваў сябраваць з Ларысай і Янкам Геніюшамі, іншымі былымі беларускімі палітзьняволенымі.

Літаратура рэдагаваць

  • Пятро Рашэтнік «Сустрэчы на жыцьцёвым шляху» — успаміны (запісаныя Сяргеям Яршом) і лісты да Л. Геніюш — // Беларускі Рэзыстанс № 1(3)-2006
  • Руслан Равяка «Праз шахту да Ларысы Геніюш» // Наша Ніва, 14 чэрвеня 2000