Пральная машына (пральня) — машына для мэханічнага мыцьця, паласканьня і адцісканьня бялізны. Перамешваньне бялізны і задзейнічаньне раствору для жвавага кругавароту ажыцьцяўляецца вярчальны лопасьцевым дыскам або барабанам. Дыск замацоўваецца ў дно або сьценку бака і прыводзіцца ў рух электрарухавіком, які ўключаеццам таймэрам. Пэрфараваны барабан, у якім мыецца бялізна, адваротна круціцца ў пральным баку, запоўненым мыйным растворам. Віды: 1) малагабарытная пераносная без адцісканьня; 2) з ручным адцісканьнем; 3) паўаўтаматычная 2-бакавая з дыскавым актыватарам раствору і цэнтрыфугай для адцісканьня; 4) аднабакавая барабанная; 5) аўтаматычная з праграмным кіраваньнем. Побытавая звычайна зьмяшчае да 5 кг сухой бялізны. Камунальная — да 200 кг[1].

Пральня «Атлянт» (2006 г., Менск)

З 2003 г. менскі завод «Атлянт» пачаў выпуск пральных машынаў у Беларусі.

Ручная пральня (2012 г., Чэхія)

Распрацоўка рэдагаваць

 
Платныя пральні-аўтаматы (2004 г.)

У студзені 1752 г. ангельскі «Джэнтэльмэнскі часопіс» зьмясьціў выяву пральнай машыны. У 1766 г. нямецкі доктар багаслоўя Якаб-Хрыстыян Шэфэр(de) (1718—1790) апублікаваў у Рэгенсбургу (Сьвятая Рымская імпэрыя; цяпер зямля Баварыя, Нямеччына) дызайн «зручнай і высокавыніковай пральнай машыны». У 1782 г. Гэнры Сыджыр атрымаў ангельскі патэнт на пральню зь вярчальным барабанам. У 1791 г. у Ангельшчыне выдалі патэнт на пральна-адціскальную машыну. У 1790-я гады Эдўард Бітгэм пасьпяхова гандляваў «запатэнтаванымі пральнымі млынамі» ў Ангельшчыне. 28 сакавіка 1797 г. Натаніел Брыгс са штата Нью-Гэмпшыр (ЗША) запатэнтаваў мэханізм для мыцьця бялізны. У 1843 г. Джон Торнбул(en) з Сэнт-Джона (брытанская калёнія Нью-Брансўік; цяпер Канада) запатэнтаваў «пральню адзеньня з адціскальнымі каткамі». У 1858 г. Гамільтан Сьміт зь Пітсбургу (штат Пэнсыльванія, ЗША) запатэнтаваў вярчальную пральную машыну. У 1850-я гады ў Заходняй Эўропе і ЗША зьявілася пральнае машынабудаваньне[2]. 1 траўня 1862 г. Рычард Лэнсдэйл з Пэндлтана (графства Ланкастэр, Ангельшчына; цяпер графства Вялікі Манчэстэр) паказаў запатэнтаваную «вярчальную пральную машыну з каткамі для адцісканьня» на Міжнароднай выставе(en) ў Лёндане. У красавіку 1884 г. у Нью-Ёрку (ЗША) зьявіліся платныя пральні-аўтаматы. У 1900 г. немец Карл Мілі прыстасаваў для мыцьця драўляную кадушку з лопасьцямі. У лістападзе 1904 г. у Дэ-Мойне (штат Аёва, ЗША) пачаўся продаж электрычных пральных машынаў. 11 траўня 1909 г. Олівэр Ўудро зь Ньютана (акруга Джаспэр, штат Аёва, ЗША) атрымаў патэнт № 921195 на электрапральню.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Пральная машына // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 552. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  2. ^ Дзьве даты 28 сакавіка // Зьвязда : газэта. — 28 сакавіка 2012. — № 59 (27174). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Пральная машынасховішча мультымэдыйных матэрыялаў