Пракры́т (або мн. л. пракры́ты; санскр. प्राकृत, трансьл. prākṛta) — абагульненая назва для аднаго або некалькіх сярэднеіндыйскіх размоўных дыялектаў, якія паходзяць ад пэўных дыялектаў старажытнаіндыйскіх моваў, у прыватнасьці, з санскрыту[1][2].

Пракрыт
Ужываецца ў сучаснай Індыі
Рэгіён паўночны Індастан
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б) pra
ISO 639-2(Т) pra

Клясыфікацыя рэдагаваць

Разам зь іншымі мовамі, зь якімі пракрыты маюць храналягічныя й блізкія этымалягічныя сувязі (старажытнаіндыйскія, новаіндыйскія і г.д.), пракрыты адносяцца да індаарыйскай групы індаіранскае галіны, якая ўваходзіць у індаэўрапейскую сям’ю моваў.

Мова ардгамагадгі, старажытная форма сучаснай мовы магадгі, якая гістарычна выкарыстоўвалася ў літургічных тэкстах джайнізму, можа лічыцца асноўнай формай пракрыту, у той час як іншыя — яе дыялектамі або варыянтамі. Граматычнае апісаньне мовы аўтарства тагачасных індыйскіх мовазнаўцаў упершыню было складзена менавіта для ардгамагадгі, граматыкі іншых формаў пракрыту складаліся з улікам ардгамагадгі. Мова палі, літургічная мова тгеравады, як правіла, разглядаецца асобна. Гэта тлумачыцца пунктам гледжаньня тагачасных індыйскіх мовазнаўцаў, якія не разглядалі палі ў рамках пракрыту з прычыны рэлігійных супярэчнасьцяў. Іншыя пракрыты маюць толькі гістарычныя сьведчаньні, пра іх носьбітаў вядома мала або невядома ўвогуле (напрыклад, пайшачы). Некаторыя пракрыты могуць лічыцца ізаляванымі, як то нія — зьмяшаны паўночна-заходні пракрыт справаводзтва Ўсходняга Туркестану.

Некаторая частка сучасных лінгвістаў прытрымліваецца падобнага варыянту клясыфікацыі, уключаючы сярэднеіндыйскія мовы ў панятак пракрыты, што супрацьпастаўляецца пунктам гледжаньня, паводле якіх падкрэсьліваецца адасобленае разьвіцьцё гэтых ідыёмаў, аддзеленых ад санскрыту фактарамі кастаў, рэлігіі або геаграфічных чыньнікаў[3]. Тым ня менш, гістарычна назіралася ўзаемадзеяньне санскрыту й пракрытаў, што спрычынілася да «спрашчэньня» санскрыту для простых слаёў насельніцтва шляхам уплыву пракрытаў і, у сваю чаргу, пранікненьня рысаў санскрыту ў пракрыты[4].

Тэрміналёгія рэдагаваць

Тэрмін пракрыт зьяўляецца засвоенай лексэмай індаарыйскага паходжаньня і ў літаральным перакладзе мае значэньне простага, народнага маўленьня, супрацьпастаўляючыся літаратурна й рэлігійна ўнармаванаму санскрыту. Акрамя таго, пад словам таксама можа мецца на ўвазе панятак прадмета, які мае натуральнае паходжаньне. Паводле слоўніка брытанскага індоляга й санскрытоляга М. Манье-Ўільямса найбольш частае значэньне слова prakṛta, ад якога ўтворанае беларускае «пракрыт» — «першапачатковы, натуральны, звыклы», што паходзіць, у сваю чаргу, ад prakṛti, «першасная, натуральная, першапачатковая форма чаго-небудзь; рабіць, ставіць напачатку», што супрацьпастаўляецца слову saṃskṛta, «вытанчаны». Традыцыйна пракрыты разглядаліся як больш старажытныя формы ў параўнаньні з санскрытам, аднак зьвесткі індаэўрапэістыкі адносна санскрыту й вэдыйскай мовы сьведчаць пра прыналежнасьць санскрыту да старэйшых этапаў храналягічнага разьвіцьця індаарыйскіх моваў і большую блізкасьць гэтае мовы да рэканструяванае праіндаэўрапейскае мовы, ніж пракрытаў.

Лінгвістычная тэрміналёгія тэрміну пракрыты ў цяперашні час хістаецца. Так, пад гэтым тэрмінам могуць разумець мовы выключна джайнійскіх тэкстаў або ўключаюць у гэты пералік іншыя мовы, напрыклад, палі.

Сучасныя індаарыйскія мовы поўначы Індыі паходзяць ад пракрытаў. Прамежкавай стадыяй між пракрытамі і сучаснымі індаарыйскімі мовамі сталі апабгранша — асобныя ідыёмы, якія эвалюцыянавалі зь сярэднеіндыйскіх моваў і пазьней разьвіліся ў сучасныя індаарыйскія [індыйскія] мовы.

Пад тэрмінам драматургічныя пракрыты ў літаратуры вядомыя пісьмовыя варыянты мовы, якія выкарыстоўваліся ў якасьці моваў пэўнай тагачаснай літаратуры. Ніводны падобны варыянт не вядомы ў гісторыі ў ролі размоўнае мовы, але некаторыя зь іх набылі падобныя функцыі пасьля заняпаду санскрыту[5]. Пад гэтым тэрмінам часьцей за ўсё згадваюцца такія ідыёмы, як шаўрасэні, магадгі й магараштры. Менш вядомымі зьяўляюцца аванці, прасія, баглікі, даксынат’я, сакары, кандалі, сабары, абгіры, драмілі й одры. Кожны з падобных пракрытаў меў выразную герархію ў адпаведнай літаратуры: напрыклад, аванці вядомая як мова пэрсанажаў-ашуканцаў, драмілі — лясных насельнікаў і да т.п.[6] Асаблівую гістарычную ролю мае магараштры (паводле некаторых лінгвістаў — продак сучаснай мовы маратгі), у якой цягам часу адбылося адхіленьне ад традыцыйных граматычных мадэляў санскрыту з мэтаю атрыманьня мажлівасьці шырэйшага выкарыстаньня разнастайных паэтычных стыляў. Новыя ўласьцівасьці граматычнага ладу, сярод іншага, пашырылі мажлівасьці супрацьпастаўленьня ў мове даўжыні галосных[7].

Пісьмовасьць рэдагаваць

Вядомыя надпісы на пракрытах выкананыя, між іншым, пісьмом брагмі (дало пачатак большай частцы сучасных індыйскіх пісьмовасьцяў), а таксама ягонымі позьнімі відамі — начары, тэлінга (цэнтральная Індыя), кгароштгі (паўночна-заходняя, цэнтральная Азія).

Гісторыя рэдагаваць

 
Сур'япраджнаптысутра — астранамічная праца, якая датуецца ІІІ або IV ст. да н.э., складзеная пісьмом дэванагары на джайнійскім пракрыце каля 1500 г.

У сярэднеіндыйскім пэрыядзе адрозьніваюць тры стадыі разьвіцьця пракрытаў: раньняя (палі, раньняя пайшачы, асобныя эпіграфічныя тэксты), сярэдняя (літаратурныя пракрыты: шаўрасэні — паўночна-заходняя Індыя, магадгі — усходняя, магараштры — цэнтральная; джайнійскія пракрыты: ардгамагадгі, джайн-магараштры, джайн-шаўрасэні — граматычна менш унармаваныя й бліжэйшыя да размоўных мясцовых моваў; надпісы I—IV стагодзьдзяў да н.э., пайшачы й чуліка-пайшачы) і позьняя (апабгранша, гл. ніжэй).

Першапачаткова пракрыты былі размоўнымі дыялектамі, якія пазьней зьведалі літаратурную апрацоўку. Як лічыцца, упершыню пракрыты сталі літаратурнымі мовамі пры заступніцтве старажытных індыйскіх цароў, што, аднак, у тыя часы было расцэнена з адмоўнага боку. Найстаражытным з захаваных узорам выкарыстаньня пракрытаў зьяўляецца звод надпісаў імпэратара Ашокі, які кіраваў прыкладна ў сярэдзіне ІІІ ст. да н.э. Пазьней пракрыты вядомыя ў літаратурным выкарыстаньні ў выглядзе будыйскіх і джайнійскіх рэлігійных тэкстаў (палійскі канон тгеравады, тэксты джайнізму), эпасаў і працаў тагачасных індыйскіх мовазнаўцаў[8]. Кожны з пракрытаў паасобку зьвязаны з пэўнай дынастыяй, рэлігійнай і літаратурнай традыцыяй ды рэгіёнам Індастану, што робіць пракрыты своеасаблівымі ўзорамі літаратурных эпох Індыі й Нэпалу.

Лінгвістычныя рысы рэдагаваць

Дыялекталёгія рэдагаваць

Дыялектныя адрозьненьні між асобнымі пракрытамі выяўляюцца ў выглядзе фанэтычных і марфаналягічных асаблівасьцяў. Пракрыты маюць шэраг характэрных рысаў, якія адрозьніваюць іх ад санскрыту. Сярод пракрытаў можна вылучыць палі, які даволі выразна супрацьпастаўлены іншым пракрытам.

Марфалёгія рэдагаваць

Марфалёгія пракрытаў характарызуецца шэрагам агульных асаблівасьцяў, сярод якіх страта сынтэтызму; тэндэнцыя да ўніфікацыі тыпаў асноваў імя й дзеяслову (выявілася ў абагульненьні ўсіх тыпаў да асноваў на галосны і разбурэньні адзінае дзеяслоўнае сыстэмы ў выніку страты асабістых формаў прэтэрыту ў большасьці пракрытаў, іх функцыі сталі выконваць дзеепрыслоўі); неадрозьненьне актыўнага ды мэдыяльнага ладаў; страта парнага ліку; супадзеньне раду склонавых формаў; узмацненьне ўплыву займеннае парадыгмы на іменную.

Фаналёгія рэдагаваць

У фаналёгіі пракрытам уласьцівыя перадусім адсутнасьць складовых санантаў і дыфтонгаў, тэндэнцыя да адкрытага складу, строгія абмежаваньні зычных спалучэньняў (дапушчальныя падвоеныя зычныя, група з гамарганных насавога й змычнага й інш.), зьмена адзіночных зычных у інтэрвакальным становішчы (паслабленьне або зьнікненьне як у магараштры), залежнасьць колькаснае характарыстыкі галоснага ў складзе ад закону дзьвюх мораў.

Граматыка рэдагаваць

Адрознымі рысамі пракрытаў у іх граматычным ладзе сталі тэндэнцыя да аналітызму (гл. вышэй), якая праяўлялася ў шырокім прымяненьні дапаможных словаў для ўдакладненьня склонавых значэньняў, у спалучэньнях дзеепрыслоўяў з дапаможнымі дзеясловамі; ужываньне пры пераходным дзеяслове ў мінулым часе канструкцыі, пасіўнай паводле формы і актыўнай паводле значэньня, пры гэтым дзеепрыслоўе выражала від, род, але не выражала асобу.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Daniels, ст. 377
  2. ^ Woolner, Alfred C. Introduction to Prakrit. — Delhi: Motilal Banarsidass Publ, 1928. — С. 3. — 235 с. — ISBN 9788120801899
  3. ^ Deshpande, ст. 33
  4. ^ Deshpande, ст. 35
  5. ^ Woolner, ст. v
  6. ^ Banerjee, стст. 19-21
  7. ^ Deshpande, стст. 36-37
  8. ^ Woolner, Alfred C. Introduction to Prakrit. — 2 ed. — Delhi: Motilal Banarsidass, 1928. — С. 1-2. — ISBN 978-81-208-0189-9

Літаратура рэдагаваць

  • National Institute of Prakrit Study And Research. Shravanabelagola Karnataka, India
  • Banerjee, Satya Ranjan. The Eastern School of Prakrit Grammarians : a linguistic study. — Calcutta: Vidyasagar Pustak Mandir, 1977.
  • Daniels, Peter T. The World's Writing Systems. — USA: Oxford University Press, 1996.
  • Deshpande, Madhav. Sanskrit & Prakrit, sociolinguistic issues. — Delhi: Motilal Banarsidass, 1993.
  • Pischel, R. Grammar of the Prakrit Languages. — New York: Motilal Books, 1999.
  • Woolner, Alfred C. Introduction to Prakrit. — 2nd Edition. — Lahore, Delhi: Punjab University, Motilal Banarsidass, 1938, 1999.
  • Вертоградова В. В. Пракриты. — М.: 1978.
  • Вертоградова В. В. Пракриты / Отв. ред. Т. Я. Елизаренкова. — М.: Издат. фирма «Вост. лит.» РАН, 2002. — 104 с. — (Языки народов Азии и Африки). — ISBN 5-02-018353-9