Пля́зма (ад па-грэцку: πλάσμα «выляпленае», «аформленае») — у фізыцы і хіміі цалкам ці часткова іянізаваны газ, які можа быць як квазінэўтральным, так і неквазінэўтральным. Плязма часам называецца чацьвёртым (пасьля цьвёрдага, вадкага і газападобнага) агрэгатным станам рэчыва.

Плязмавая лямпа, якая ілюструе некаторыя з найболей складаных плязмавых зьяваў, уключаючы філямэнтацыю. Сьвячэньне плязмы абумоўлена пераходам электронаў з высокаэнэргітычнага стану ў стан зь нізкай энэргіяй пасьля рэкамбінацыі з іёнамі. Гэты працэс прыводзіць да выпраменьваньня са спэктрам, якое адпавядае ўзбуджальнаму газу.

Слова «іянізаваны» азначае, што ад электронных абалонкаў значнай часьці атамаў ці малекулаў адзелены прынамсі адзін электрон. Слова «квазінэўтральны» азначае, што, нягледзячы на наяўнасьць свабодных зарадаў (электронаў і іёнаў), сумарны электрычны зарад плязмы прыблізна роўны нулю. Прысутнасьць свабодных электрычных зарадаў робіць плязму праводзячым асяродзьдзем, што абумоўлівае яе заўважна большае (у параўнаньні зь іншымі агрэгатнымі станамі рэчыва) узаемадзеяньне з магнітным і электрычным палямі. Чацьвёрты стан рэчыва быў вынайдзены Ўільямам Круксам у 1879 годзе і названае «плязмай» Ірвінгам Ленгмюрам у 1928 годзе, верагодна з-за асацыяцыі з плязмай крыві. Легмюр пісаў:

Выключаючы прастору каля электродаў, дзе выяўляецца невялікая колькасьць электронаў, іянізаваны газ зьмяшчае іёны і электроны практычна ў аднолькавых колькасьцях, у выніку чаго сумарны зарад сыстэмы вельмі малы. Мы выкарыстоўваем тэрмін «плязма», каб апісаць гэтую ў цэлым электрычна нэўтральную вобласьць, якая складаецца з іёнаў і электронаў.

Шматлікія філёзафы антычнасьці сьцьвярджалі, што сьвет складаецца з чатырох стыхіяў: зямлі, вады, паветра і агню. Гэтае палажэньне з улікам некаторых дапушчэньняў укладваецца ў сучаснае навуковае прадстаўленьне аб чатырох агрэгатных станах рэчыва, прычым плязме, відавочна, адпавядае агонь[1]. Уласьцівасьці плязмы вывучае фізыка плязмы.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Владимир Жданов Плазма. Кругосвет.  (рас.)

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Плязмасховішча мультымэдыйных матэрыялаў