Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2012 году

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га скліканьня адбыліся 23 верасьня 2012 году, было абрана 110 дэпутатаў па аднамандатных акругах.

2008
 Сьцяг Беларусі
Парлямэнцкія выбары ў Беларусі 2012 году
23 верасьня 2012 (11 гадоў таму)
Партыя «Белая Русь» Працы і справядлівасьці Камуністычная
Лідэр з Аляксандар Радзькоў Васіль Задняпраны Ігар Карпенка
Папярэдняя колькасьць месцаў 0 0 6
Колькасьць месцаў 63 29 3
Розьніца (месцаў) +63 +29 -3

Перадвыбарчае становішча рэдагаваць

 
Запрашэньне прыняць удзел у выбарах

10 чэрвеня 2012 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк заклікаў да байкоту выбараў празь меркаванае фальсіфікаваньне галасаваньня[1]. 18 чэрвеня А. Лукашэнка прызначыў выбары ў Палату прадстаўнікоў на 23 верасьня[2]. Паводле Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, папярэднія выбары парлямэнта ў 2008 г. і прэзыдэнта ў 2010-ым не адпавядалі абавязкам перад Арганізацыяй па правядзеньні дэмакратычных выбараў. У часе выбараў 2010 г. арыштавалі шэраг вылучэнцаў, адзін зь якіх на 2012 г. заставаўся ў зьняволеньні. Толькі 7 са 110 чальцоў Палаты папярэдняга скліканьня прадстаўлялі партыі. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь адмовіла з 2000 году ў атрыманьні ўліку 4 партыям (Беларуская камуністычная партыя працоўных, Беларуская партыя працы, Партыя свабоды і прагрэсу, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя).

Грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» на чале зь І намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандрам Радзьковым падтрымала 68 вылучэнцаў. Сярод партыяў у выбарах бралі ўдзел: 1) 5 праўладных (аграрная, камуністычная, лібэральна-дэмакратычная, працы і справядлівасьці, сацыяльна-спартыўная), 2) 4 апазыцыйныя (Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», Партыя БНФ). Уласных вылучэнцаў мелі рух «За Свабоду», няўлічаная кампанія «Гавары праўду», арганізацыйныя камітэты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (БСДП«НГ») і Партыі свабоды і прагрэсу.

З 1996 году Эўразьвяз і ЗША не прызнавалі вынікаў ніводнае выбарчае кампаніі, вінавацячы беларускую ўладу ў злоўжываньнях і фальсыфікацыях. Прэтэнзіі заходніх краінаў да беларускіх выбараў зрабіліся прычынай для ўвядзеньня шматлікіх санкцыяў.

Прававыя ўмовы рэдагаваць

 
Мапа зь межамі акругаў

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжваў пакараньне за дзеяньні (абраза, паклёп), «якія дыскрэдытуюць» Рэспубліку Беларусь, і за ўдзел у няўлічаных грамадзкіх рухах. Унесеныя за 2010-2011 гады ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (ВК) папраўкі прадугледжвалі: траціну месцаў у выбарчых камісіях для партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, абскарджаньне дзеяньняў выбарчых камісіяў у судзе, наданьне вылучэнцам магчымасьці ўдзелу ў тэледэбатах. Пры гэтым на падставе артыкула 155 ВК вылучэнцам забаранілі ў тэлевыступах заклікаць да байкоту выбараў[3]. Папраўка ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, унесеная ў студзені 2012 г., касавала забарону падачы судовых скаргаў на дзеяньні выбарчых камісіяў менш як за 7 дзён да выбараў.

Палата абіралася па 110 аднамандатных акругах на 4-гадовы тэрмін на аснове мажарытарнай сыстэмы, якая дапускала 2 туры галасаваньня. Закон патрабаваў 50%-най яўкі і набору больш за 50% усіх галасоў адным вылучэнцам для прызнаньня выбараў адбыўшыміся ў першым туры. Яўка ў выпадку другога туру між 2 вылучэнцамі з найбольшай колькасьцю галасоў мусіла зьмяншацца да 25%[4].Насуперак патрабаваньню ВК лік улічаных выбарцаў адрозьніваўся ад сярэдняга (64 597) больш як на 10% у 19 выбарчых акругах (16, 30, 36, 39, 48, 53, 55-57, 59, 66, 76, 83, 109).

Падрыхтоўка рэдагаваць

Выбары ладзіліся выбарчымі камісіямі трох узроўняў: цэнтральнай (ЦВК), 110 акруговымі (АВК) і 6344 участковымі (УВК), у тым ліку 40 УВК у дыпляматычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой. 9 жніўня ЦВК прыбраў выбарчы ўчастак са Швэцыі праз адкліканьне беларускіх дыпляматаў[5].

ЦВК працавала на сталай аснове і складалася з 12 асобаў, першую палову зь якіх прызначыў Лукашэнка, другую — Савет рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў камісіі складаў 5 гадоў ад часу прызначэньня 21 сьнежня 2011 году. Прызначаная Лукашэнкам у 1996 годзе старшыня ЦВК пры адмове 29 жніўня 2012 году ва ўліку вылучэнцу зь дзьвюма пагашанымі судзімасьцямі за згон і перабіўку нумароў аўтамабіля заявіла: «Мы павінны прымаць юрыдычна правільнае рашэньне, зь іншага [боку]… можам прыняць такое палітычнае рашэньне». 12 верасьня яна заявіла: «Магу назваць аднаго кандыдата, за якога я б прагаласавала і які мне вельмі падабаецца. Гэта вельмі вядомы спартовец» (Вадзім Дзевятоўскі), які вылучаўся ад праўладнай «Белай Русі»[6]. Усе непрадстаўленыя ў парлямэнце партыі і вылучэнцы выказалі недавер да бесстароннасьці выбарчых камісіяў.

ЦВК засядала ў прысутнасьці назіральнікаў і аднагалосна ўхваляла пастановы, што разьмяшчаліся на яе сайце толькі па-расейску. Прапановы чальцоў ЦВК з правам дарадчага голасу ад 7 партыяў ня браліся пад увагу. Двух такіх чальцоў ад АГП і Партыі БНФ вывялі са складу ЦВК пасьля зьняцьця гэтымі партыямі сваіх вылучэнцаў. ЦВК выдала кіраўніцтва па працы АВК і УВК і зладзіла іх навучаньне.

Мясцовыя выканаўчыя і заканадаўчыя органы прызначалі часовыя АВК (9 ліпеня) і УВК (да 8 жніўня)[7] сумеснымі рашэньнямі. Кожная АВК налічвала 13 чальцоў, УВК — 5-19 паводле ліку ўлічаных на ўчастку выбарцаў. Паводле апошніх паправак у ВК, удзел дзяржаўных службоўцаў мусіў абмяжоўвацца 1/3 месцаў у камісіях. Сярод 1430 чальцоў АВК з праўрадавай «Белай Русі» былі 106 (7,4%), ад 5 палічаных апазыцыйнымі партыяў — 50 (3,5%), хоць вылучылі 194. Сярод 69'945 чальцоў УВК «Белую Русь» прадстаўлялі 4189 (6%), апазыцыйныя партыі — 61 (0,1%)[8], хоць вылучылі 664.

Улік выбарнікаў рэдагаваць

Грамадзяне маглі галасаваць па дасягненьні 18 год. Забарона галасаваньня пры знаходжаньні ў папярэднім зьняволеньні пярэчыла прэзумпцыі невінаватасьці, замацаванай у Артыкуле 26 Канстытуцыі. ЦВК улічыла 7'030'430 выбарцаў. Зводны сьпіс выбарнікаў на вышэйшым за ўчастак узроўні не прадугледжваўся, як і крыжаваная праверка іх паўторнага ўліку. У дзень выбараў дадаткова ўлічылі 19'195 выбарнікаў.

Улік вылучэнцаў рэдагаваць

Права вылучацца ў Палату надавалася грамадзянам з 21 году пры пастаянным пражываньні ў Беларусі. Насуперак Артыкулу 99 Крымінальнага кодэкса закон забараняў вылучацца пры зьнятай судзімасьці. Вылучэньне дазвалялася: 1) ад улічанай партыі, 2) ад працоўнага калектыву, 3) зборам звыш 1000 подпісаў выбарнікаў. Партыям упершыню дазволілі выстаўляць вылучэнцаў у акругах, дзе адсутнічалі іх суполкі.

АВК улічылі 363 з 494 вылучэнцаў[9]. Лідэру руху «За Свабоду» Аляксандру Мілінкевічу ды былому лідэру сацыял-дэмакратаў Анатолю Ляўковічу адмовілі ў рэгістрацыі з-за вялікай колькасьці несапраўдных подпісаў[10]. 7 зьнялі свае вылучэньні. Са 123 атрымаўшых адмову вылучэнцаў 53 падалі скаргу ў ЦВК, пасьля чаго ўлік атрымалі яшчэ 11. З 17 падаўшых скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь вылучэнцаў уліку дамогся яшчэ адзін. У выніку зьняцьця сваіх вылучэньняў яшчэ 81 асобай да выбараў дайшлі 293 вылучэнцы. Па адным вылучэнцы без супернікаў засталося ў 16 са 110 акругаў. У сярэднім па кожнай акрузе было менш за 3 вылучэнцы (2,66)[11].

Агітацыя рэдагаваць

27 жніўня пачаліся тэледэбаты кандыдатаў у дзяржаўных СМІ. Кожнаму кандыдату для выступу было прадастаўлена па 5 хвілінаў этэрнага часу на радыё і тэлебачаньні. Радыёвыступы і тэлевыступы трансьляваліся ў запісе з 18-й да 19-й і з 19-й да 20-й гадзіны адпаведна[12].

Галасаваньне і падлік галасоў рэдагаваць

Паводле папярэдніх дадзеных Цэнтравыбаркаму, яўка склала 74,2%. Найвялікая яўка была адзначана ў Быхаўскай выбарчай акрузе (93%), найменшая — у Сьвіслацкай акрузе №94 у Менску (53,6%):

Вобласьць Сярэдняя
яўка
Акруга з
максымальнай яўкай
Акруга зь
мінімальнай яўкай
Берасьцейская вобласьць 74,2% Баранавіцкая сельская (85,1%) Берасьцейска-Цэнтральная (60,3%)
Віцебская вобласьць 80,7% Віцебская сельская (88,4%) Полацкая гарадзкая (62%)
Гомельская вобласьць 76,6% Хойніцкая (91,8%) Гомельская-Навабеліцкая (56,2%)
Гарадзенская вобласьць 79,2% Дзятлаўская (90,5%) Гарадзенская-Занёманская (69,2%)
Менская вобласьць 76,1% Капыльская (91,1%) Салігорская гарадзкая (61,2%)
Магілёўская вобласьць 79,9% Быхаўская (93%) Бабруйская-Ленінская (67%)
горад Менск 59,2% Васьняцоўская (62,1%) Сьвіслацкая (53,6%)

Паводле дадзеных незалежных назіральнікаў, агучаная Цэнтравыбаркамам яўка моцна завышана, і ў шэрагу акругаў выбары не адбыліся[13][14]. Мяркуецца, што ў шэрагу выпадкаў яўка была завышана падчас датэрміновага галасаваньня, якое складалася з прымусу студэнтаў і працаўнікоў бюджэтнай сфэры да галасаваньня[13]. Акрамя таго, паводле дадзеных праваабаронцаў, незадоўга да зачыненьня ўчасткаў у асноўны дзень галасаваньня некаторыя кіраўнікі ўчастковых выбарчых камісіяў выкрасьлялі частку не прыйшэлых на выбары выбарнікаў, каб агульная колькасьць выбарнікаў на ўчастку стала меншым, а адсотак тых, якія прагаласавалі — большым[13].

Пры гэтым яўку на выбарах незалежна адзін ад аднаго адсочвалі кампанія «Праваабаронцы за вольныя выбары», праект «Назіраньне за выбарамі: тэорыя і практыка» і назіральнікі ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі разам з кампаніяй «За справядлівыя выбары». Паводле словаў сакратара аргкамітэта БХД, лічбы трох незалежных групаў назіральнікаў адрозьніваюцца ня больш чым на тры адсотка[15]. Згодна з дадзенымі назіральнікаў ад БХД і «За справядлівыя выбары», за дваццаць хвілін да канчатка галасаваньня яўка склала 38,7% разам з датэрміновым галасаваньнем[15].

Назіраньне рэдагаваць

26 чэрвеня 2012 году старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідыя Ярмошына абвясьціла аб запрашэньні назіральнікаў АБСЭ[16]. БДІПЧ/АБСЭ пагадзілася адправіць стандартную місію па назіраньні за выбарамі, якая ўключае асноўную групу экспэртаў, 40 доўгатэрміновых назіральнікаў і 270 кароткатэрміновых назіральнікаў.

24 верасьня 2012 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк паведаміў: «Па ўсіх 26 участках ва ўсіх акругах Менску, якія мы кантралявалі — па ўсіх гэтых участках выбары не адбыліся. Прагаласавала ад 24 % выбаршчыкаў (Першамайскі раён) да 47 (Заводзкі раён). А ў цэлым, на астатніх участках прагаласавала ад 29 да 36 %. Аналягічная карціна была ва ўсіх іншых участках горада, якія аб'ехалі нашыя прадстаўнікі. Яшчэ больш уражлівая карціна па краіне. На нашых кантрольных участках у Слуцку прагаласавала ўсяго 15 %. Аналягічнае становішча ў Мастах, Баранавічах, Салігорску, Клімавічах»[17].

Назіральнікі АБСЭ адзначылі неаб’ектыўнасьць пры рэгістрацыі кандыдатаў, паляпшэньне працэсаў датэрміновага галасаваньня і галасаваньня ў дзень выбараў, але таксама — значнае пагаршэньне празрыстасьці падліку галасоў[18]. У АБСЕ таксама зьвярнулі ўвагу на адвольную інтэрпрэтацыю выбарчага заканадаўства і не нэўтральнасьць Цэнтравыбаркаму[18]. Акрамя таго, з прычыны аднабаковага асьвятленьня выбараў у цэнтральных СМІ выбарнікі ня мелі магчымасьці зрабіць усьвядомлены выбар[18]. У цэлым, паводле меркаваньняў арганізацыі, у краіне назіраўся нізкі ўзровень даверу выбарчаму працэсу[18].

Назіральнікі СНД палічылі выбары празрыстымі, адкрытымі і адпаведнымі дэмакратычным нормам, а ўсе недахопы назвалі тэхнічнымі[19].

Вынікі рэдагаваць

Партыя Колькасьць
Вылучыла кандыдатаў Абраных дэпутатаў
Лібэральна-дэмакратычная партыя 93 0
Аб’яднаная грамадзянская партыя 48 0
Партыя БНФ 33 0
Камуністычная партыя Беларусі 23 3
Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» 32 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) 15 0
Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці 19 1
Беларуская патрыятычная партыя 0 0
Беларуская партыя «Зялёныя» 0 0
Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ 0 0
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» 0 0
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды 0 0
Рэспубліканская партыя 0 0
Беларуская аграрная партыя 1 1
Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя 1 0
Партыя свабоды і прагрэсу 0 0
Партыя Беларуская хрысьціянская дэмакратыя 0 0
Беларуская партыя працоўных 0 0
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) 0 0

Днём 23 верасьня незалежная газэта Наша Ніва апублікавала прагноз, якія кандыдаты перамогуць на выбарах (у якасьці крытэра была ўзята прыналежнасьць да «вэртыкалі ўлады»), і ўсе прадказаньні спраўдзіліся[20][21]. Ніводны прадстаўнік апазыцыйных партыяў і незалежных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў не прайшоў. У Навабеліцкай акрузе Гомелю, дзе зарэгістраваны праўладны кандыдат апынуўся ў апале з-за справы пра карупцыю, выбары афіцыйна не адбыліся. 2 сьнежня 2013 году старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідыя Ярмошына паведаміла, што паўторныя выбары па Гомельска-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 мелі прайсьці 23 сакавіка 2014 году адначасна з выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў[22].

Дэпутацкі корпус абнавіўся амаль цалкам — толькі 21 дэпутат ранейшага скліканьня працягне працу[23] (астатнія дэпутаты папярэдняга скліканьня ня сталі высоўваць свае кандыдатуры). Сярод новых дэпутатаў — 30 кіраўнікоў адміністрацыйных структураў (старшыні і намесmнікі старшыняў райвыканкамаў і аблвыканкамаў, начальнікі аддзелаў, камітэтаў і кіраўніцтваў), шэсьць «сілавікоў», 15 прадстаўнікоў установаў адукацыі (галоўным чынам — дырэктары школ, дэканы факультэтаў і рэктары ВНУ і ССНУ), 6 — аховы здароўя (галоўдоктары і загадчыкі аддзяленьнямі), 10 — розных галін прамысловасьці (галоўным чынам кіраўнікі, іх намесьнікі ці кіраўнікі прафсаюзных вочак буйных прадпрыемстваў — Гомсельмаш, Рэчыцкі мэтызны завод, БЕЛАЗ і да т. п.), уключаючы энэргетыку і ЖКГ[23]. Некалькі дэпутатаў прадстаўляюць сельскую гаспадарку, навуку, судовую сыстэму, журналістыку, банкаўскую сфэру, дзяржаўны сэктар у сфэры паслугаў і спорт (Вадзім Дзевятоўскі, срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў у Пекіне па кіданьні молату)[23]. 29 дэпутатаў новага скліканьня — жанчыны[23]. 63 дэпутаты зьяўляюцца сябрамі РГА «Белая Русь»[24]. Пяць дэпутатаў прадстаўляюць праўладныя палітычныя партыі — Камуністычную партыю, Аграрную партыю і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці, усе астатнія — беспартыйныя[25].

Дадатковыя зьвесткі рэдагаваць

  • Нягледзячы на тое, што большасьць выбарчых участкаў разьмяшчаліся ў памяшканьнях школ, усе разьмешчаныя пры ўчастках буфэты абавязалі мець у сваім асартымэнце піва, віно, гарэлку, каньяк і цыгарэты[26][27].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Зянон Пазьняк. Байкот – першы крок да антырэжымнай кансалідацыі грамадзтва // Беларуская Салідарнасьць, 13 чэрвеня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  2. ^ А.Лукашэнка. Указ № 276 ад 18 чэрвеня 2012 г. // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 18 чэрвеня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  3. ^ Выступы кандыдатаў з заклікамі да байкоту ня пойдуць у эфір // Радыё «Свабода», 27 жніўня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  4. ^  (рас.)Политология: Курс лекций. / Н. П. Савко, М. А. Бобер, В. И. Карнацкая, П 50 И. Н. Смальцер.- Мн., БГМУ, 2004, — 256 с.(недаступная спасылка)
  5. ^ Для правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі сфармаваная 6301 выбарчая камісія // Белтэлерадыёкампанія, 9 жніўня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  6. ^ Ярмошына заявіла, што прагаласавала б за кандыдата Дзевятоўскага // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 12 верасьня 2012 г. Праверана 8 лютага 2014 г.
  7. ^ Больш за 84,5 тыс. кандыдатураў вылучана ва ўчастковыя камісіі Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 жніўня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  8. ^ Справаздача па выніках назіраньня за фарміраваньнем участковых выбарчых камісіяў // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 11 жніўня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  9. ^ Сяргей Каралевіч. Кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зарэгістраваныя 362 чалавекі // БелаПАН, 23 жніўня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  10. ^ Зьміцер Панкавец. Лябедзьку і Янукевіча зарэгістравалі, Ляўковіча — не // Наша Ніва, 22 жніўня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  11. ^ Антоніё Мілашоскі. Канчатковая справаздача Місіі БДІПЧ па назіраньню за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі 23 верасьня 2012 г. // Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе, 20 сьнежня 2012 г. Праверана 20 лютага 2014 г.
  12. ^ ЦВК: Выступы кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту, трансьлявацца ня будуць БелаПАН. Наша Ніва (27 жніўня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  13. ^ а б в Пасьля выбараў і байкоту. Жывы рэпартаж. Радыё «Свабода» (23 верасьня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  14. ^ Кастусь Матушыч (24 верасьня 2012) Незалежныя назіральнікі: Мінімум на шасьці ўчастках выбары не адбыліся. Наша НіваПраверана 1 кастрычніка 2012 г.
  15. ^ а б Паводле папярэдніх дадзеных назіральнікаў, яўка на парлямэнцкіх выбарах склала 38,7% БелаПАН. Радыё «Рацыя» (23 верасьня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  16. ^ Назіральнікі АБСЭ будуць запрошаныя на парламэнцкія выбары. Міжнароднае радыё Кітая (26 чэрвеня 2012). Праверана 26 верасьня 2012 г.
  17. ^ Сяргей Навумчык. Пазьняк: ствараць грамадзкі грунт і сілу // Радыё «Свабода», 24 верасьня 2012 г. Праверана 5 жніўня 2020 г.
  18. ^ а б в г Папярэднія высновы і заключэньні Місіі па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі 23 верасьня 2012 г. (pdf) Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе (24 верасьня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  19. ^ Сяргей Каралевіч (24 верасьня 2012) Місія назіральнікаў ад СНД: Парламенцкія выбары ў Беларусі адпавядалі агульнапрызнаным дэмакратычным нормам Грамадзтва. БелаПАН. Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  20. ^ Мікола Бугай (22 верасьня 2012) Вы ідзяце галасаваць? А сьпіс дэпутатаў ужо вядомы. Наша Ніва. Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  21. ^ Мікола Бугай (24 верасьня 2012) Сьпіс дэпутатаў? А мы вам яго яшчэ ўчора публікавалі. Усё сышлося. Сталі яснымі і 4 сумнеўныя акругі. Наша Ніва. Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  22. ^ «Выбары будуць вельмі сур’ёзнымі» // Зьвязда : газэта. — 3 сьнежня 2013. — № 227 (27592). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  23. ^ а б в г Марына Носава (24 верасьня 2012) Больш за ўсё сярод дэпутатаў новага парлямэнта прадстаўнікоў улады і дэпутатаў мінулага скліканьня Грамадзтва. БелаПАН. Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  24. ^ У палату прадстаўнікоў трапілі 63 члены «Белай Русі» БелТА. Наша Ніва (24 верасьня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  25. ^ У новы склад парлямэнта ўвайшлі 5 прадстаўнікоў палітычных партыяў. БелТА (24 верасьня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  26. ^ У пінскіх школах гандлююць півам і гарэлкай Выбары-2012. Праваабарончы цэнтар «Вясна» (23 верасьня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.
  27. ^ У гомельскіх школах, дзе разьмешчаны ўчасткі – п'янства і дзіцячыя канцэрты (фота) Выбары-2012. Праваабарончы цэнтар «Вясна» (23 верасьня 2012). Праверана 1 кастрычніка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць