Палямон (літоўскі князь)

легендарны князь, пачынальнік Палямонавічаў

Палямо́н — мітычны родапачынальнік легендарнай дынастыі літоўскіх князёў Палямонавічаў.

Уяўны партрэт Палямона, XVIII ст.
Палямон. P. Böse, 1742 г.

Сучасная гістарыяграфія лічыць, што легенду пра Палямонавічаў прыдумалі ў XV—XVI стагодзьдзях з мэтай давесьці паходжаньне найвышэйшай літоўскай шляхты ад рымлянаў і літоўскай дзяржаўнасьці ад рымскай[1]. Яшчэ ў другой палове XV стагодзьдзя Ян Длугаш пісаў, што ў літвы рымскія карані, але не паглыбляўся ў дэталі. Сама легенда пра Палямонавічаў упершыню зьявілася толькі ў другой рэдакцыі беларуска-літоўскіх летапісаў, створанай у 1520-х або 1530-х гадох[2].

Палямон. М. Барвіцкі, 1908 г.

Паводле першай трактоўкі легенды, рымлянін Палямон, сваяк імпэратара Нэрона, ратуючыся ад жорсткасьці імпэратара зь пяцюстамі шляхетнымі сямействамі, прыплыў да вусьця Нёману, а ўжо Нёманам дабраўся да рэк Дубісы і Юрасі. Тут яны пасяліліся, назваўшы гэту зямлю Жамойцю (нізкай зямлёй). Гэтую легенду трохі разьвіў Мацей Стрыйкоўскі, які перасунуў перасяленьне на 452 год і растлумачыў гэта тым, што продкі ліцьвінаў ратаваліся ад зьверстваў Атылы[3].

Палямон з Пагоняй (з радаводу Палубінскіх). А. Тарасевіч, 1675 г.

Паводле другой трактоўкі, у часы жорсткага панаваньня імпэратара Нэрона, які ўласнаручна забіў родную маці і свайго «найвышэйшага доктара» Сэнэку, нейкі рымскі князь Палямон, паплечнік імпэратара, на чале пяцісот чалавек сеў на караблі, кіруючы на захад. Церазь Міжземнае мора ён трапіў да вусьця Нёману, увайшоў у адно зь яго адгалінаваньняў, дзе й пасяліўся. Новыя пасяленцы разам з Палямонам назвалі гэтую зямлю па-славянску Пабярэжная зямля, а па-летувіску — Жамойцкая зямля. Зь цягам часу Палямон і ягоныя людзі засялілі тэрыторыю да правага берагу Вяльлі. Князь Кернус назваў гэтую краіну «Літустуба», ад лацінскіх словаў litus — 'бераг' і tuba — 'труба'. Аднак праз тое, што простыя людзі ня здолелі правільна вымавіць такую назву, гэтую зямлю пачалі называць Літвой[4].

Аўтары легенды даволі дрэнна ведалі геаграфію Вялікага Княства Літоўскага, таму ў ёй сустракаецца мноства геаграфічных памылак і недарэчнасьцяў. Апроч таго, існавалі шматлікія храналягічныя праблемы, а таксама неадпаведнасьць зь некаторымі іншымі крыніцамі. Праз тое, што вялікая частка тэксту датычыцца навакольляў Наваградку, мяркуецца, што легенда магла паўстаць у гэтым месьце[5]. Апроч таго, няма ніякіх довадаў існаваньня Палямона ў якасьці рэальнага сваяка Нэрона.

Легенда пра Палямона даволі шырока разглядалася ў гістарыяграфіі. Да публікацыі «Хронікі Быхаўца» многія аўтары былі пэўнымі ў тым, што легенду склаў Мацей Стрыйкоўскі, хоць Васіль Тацішчаў зважаў на тое, што некаторыя элемэнты легенды сустракаюцца ў шэрагу больш раньніх гісторыкаў[6]. У гістарычнасьці легенды сумняваліся ўжо ў XVIII стагодзьдзі: Мікалай Карамзін пісаў, што зьвесткі пра паходжаньне ліцьвінаў «казачныя й відавочна засноўваюцца на здагадках»[7].

Выявіўшы «Хроніку Быхаўца», Тэадор Нарбут выказваў пэўнасьць ў верагоднасьці легенды, аднак зьняпраўджваў вэрсію пра рымскае паходжаньне ліцьвінаў, лічачы іх нашчадкамі герулаў. Пазьней Ёсіф Ярашэвіч, які выдаў зборную працу з гісторыі Літвы, хоць і прымаў шматлікія палажэньні Нарбута, назваў легенду пра перасяленьне ліцьвінаў з Італіі «сапраўднай байкай»[8]. У сучаснай гістарыяграфіі легенда не разглядаецца як гістарычныя зьвесткі.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^  Rowell, S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295-1345. — Cambridge University Press, 1994. — P. 41. — (Cambridge Studies in Medieval Life and Thought: Fourth Series). — ISBN 9780521450119
  2. ^ Ivinskis Z. Palemonas // Lietuviu enciklopedija. — Boston, Massachusetts: Lietuviu enciklopedijos leidykla, 1953—1966. — Vol. 21. — P. 400—401.
  3. ^ Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. — М.: Наука, 1985. — С. 130.
  4. ^ Латышонак А. Нацыянальнасьць — Беларус. — Беласток — Вільня, 2009. С. 66—67.
  5. ^ Улашчык М. М. Уводзіны ў вывучэньне беларуска-літоўскага летапісаньня. — С. 158—159.
  6. ^ Татищев В. М. История российская. — М., Л.: 1962 Т. I. — С. 290.
  7. ^ Карамзин М. М. История государства Российского. — СПб.: 1842 Т. II, гл. II. — С. 17.
  8. ^ Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. — М.: Наука, 1985. — С. 171—172.