Палац Радзівілаў (Радзівілімонты)

палац у Радзівілімонтах (Беларусь)

Палац Радзівілаў у Радзівілімонтах — помнік архітэктуры клясыцызму. Знаходзіцца ў зруйнаваным стане. Узьведзены Карла Спампані ў 1778—1783 гадах у стылі клясыцызм. У пачатку ХХ стагодзьдзя рэстаўраваны пасьля пажару. Помнік архітэктуры рэспубліканскага значэньня[1].

Гісторыя рэдагаваць

З утварэньнем у 1579 годзе Клецкай ардынацыі яе адміністрацыйным цэнтрам сталі Радзівілімонты. Першая радзівілімонтаўская сядзіба, згодна з інвэнтаром пачатку XVIII стагодзьдзя, мела рэнесансныя рысы. Яна разьмяшчалася за 10 км ад Клецку на адной восі з замкам. У 1750-я гады на зьмену старой сядзібе прыйшоў палацава-паркавы ансамбль, пабудаваны ў формах барока. Палац быў драўляны, з ламаным дахам, адносна невялікі (шэсьць жылых пакояў, зала, дзьве прыхожыя і капліца ў мезаніне). Рэгулярны парк складаўся з ліпавых баскетаў. Сядзіба ўключала шматлікія гаспадарчыя пабудовы: кухню, дом адміністратара, хлявы, сьвірны, сырніцу, гумно, сенавал, вінакурню, кароўнікі і інш[1].

У 1780-я гады Юзэф Радзівіл стварае новы палацава-паркавы комплекс з садам на плошчы каля 60 га. Першапачаткова ён быў задуманы як летняя рэзыдэнцыя. Ансамбль уключаў палац, парк, два аднапавярховыя драўляныя флігелі, мураваную браму, шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Цэнтрам кампазыцыі сядзібы быў новы палац, разьмешчаны зь левага боку ад старога барочнага[1].

Палац будаваўся ў 1780—1783 гадах італьянскім архітэктарам Карла Спампані з удзелам Берса ў стылі клясыцызму[1].

 
Палац Радзівілаў, малюнак пач. XX ст.

У 1909 годзе палац разам з многімі пабудовамі сядзібы згарэў, але потым быў адбудаваны. У Вялікую Айчынную вайну быў ператвораны ў склад. У савецкі пэрыяд палац прыйшоў у заняпад, зараз засталіся руіны[1].

Архітэктура рэдагаваць

Вонкавыя сьцены з дубовага бруса былі абкладзены цэглай і атынкаваны, унутраныя — у асноўным цагляныя. З дрэва зроблены портык з франтонам і іншыя элемэнты, такія як трыгліфы, руст, сандрыкі. Будынак аднапавярховы, прамавугольнік ў пляне мае памеры 50,4х16,8 м. Цэнтральны павышаны аб’ём з мансардным паверхам з боку параднага ўваходу акцэнтаваны чатырохкалённым дарычным портыкам. З тыльнага боку паўкруглы эркер цэнтральнай залы выходзіў да парку. Правае крыло, якое было сплянавана па анфіляднай пляніроўцы і ўключала парадныя памяшканьні заканчвалася паўратондай, у якой знаходзіўся зімовы сад. Сьцены бакавых крылаў мелі дубовую абшыўку, апрацаваную пад каменны руст, што надало будынку манумэнтальны выгляд. Левае крыло, дзе разьмяшчаюцца дробныя жылыя і гаспадарчыя памяшканьні мела калідорную пляніроўку. На другім паверсе над цэнтральнай часткай разьмяшчаліся два жылыя пакоі. Ашалёўка сьцен імітавала мураваную рустоўку[1].

Інтэр’ер рэдагаваць

У афармленьні інтэр'ераў парадных памяшканьняў выкарыстоўваліся калёны, ляпныя вазы, фестоны, гірлянды, мэдальёны, манаграмы, скульптуры. У тэхніцы стука пад ружовы мармур была багата аздоблена капліца. У афармленьні палацавых інтэр’ераў прымаў удзел Антон Смуглевіч, брат вядомага жывапісца Францішка Смуглевіча. Па яго эскізах акрамя жывапісных работ ў палацы, упрыгожаны кафляныя печы і каміны.

Парк рэдагаваць

Фарміраваньне парку пачалося ў пачатку росквіту на тэрыторыі Беларусі рэгулярных кампазыцый, г.з., у апошняй чвэрці XVIII стагодзьдзя[2]. Перад палацам існаваў вялікі партэр. Паралельна палацу праходзіла шырокая ўязная алея, якая была закладзена ў 1875 годзе[2]. З паўночнага і паўночна-ўсходняга бакоў парку знаходзіліся вадаёмы. Асноўны масіў парку, разьмешчанага на паўднёвы захад ад палаца, меў у пляне форму прамавугольніка, да яго з паўднёвага боку прымыкаў сад[1]. Парк адносіцца да ліку лепшых паркаў клясыцызму[2].

Гаспадарчыя пабудовы рэдагаваць

З гаспадарчых пабудоваў захаваліся вінакурня, стайні, кароўнік і сьвіран. Ёсьць меркаваньне, што сьвіран будаваўся адначасова з палацам па праекце Спампані. Будынак прамавугольны ў пляне, аднапавярховы, з бруса, на высокім цокалі. Вылучаецца двух’яруснай галерэяй на слупах. Сьцены з высока разьмешчанымі паўкруглымі вокнамі апрацаваны, як і палац, пад каменны руст[1].

Крыніцы й заўвагі рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  2. ^ а б в А. Т. Федорук «Садово-парковое искусство Белоруссии» 1989 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  612Г000212