Павал Пернікаў

беларускі праваабаронца і вікіпэдыст

Па́вал Алякса́ндравіч Пе́рнікаў (нар. 1992) — беларускі праваабаронца і вікіпэдыст.

Павал Пернікаў
Род дзейнасьці праваабаронца
Дата нараджэньня 1992 (32 гады)
Месца нараджэньня
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (2015)
Занятак вікіпэдыст, праваабаронец, талентавы мэнэджар, вязень сумленьня
Месца працы мэнэджэр гурта «Bristeil»
Гады дзейнасьці зь 2013 году
Псэўданім Удзельнік:Pr12402
Пасада Сябра ўправы Міжнароднага таварыства правоў чалавека
Бацька Аляксандар Пернікаў
Узнагароды дыплём Прадстаўніцтва ААН у Беларусі (2013)

Сябра ўправы Міжнароднага таварыства правоў чалавека (Нямеччына). Мэнэджэр беларускага музычнага гурта «Bristeil». Зь 2014 году быў рэдактарам Вікіпэдыі, у тым ліку на беларускай мове клясычным правапісам, чый уліковы запіс узламалі ў сьнежні 2021 году[1]. У красавіку 2022 году быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў «дыскрэдытацыі» Рэспублікі Беларусь, у тым ліку праўкамі ў артыкул «Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)» пра сьмерць дэманстранта Генадзя Шутава. З абвінавачаньнем не пагадзіўся і віны на судзе не прызнаў[2].

Жыцьцяпіс рэдагаваць

У 2010—2015 гадох навучаўся на юрыдычным факультэце Берасьцейскага дзяржаўнага унівэрсытэту[3]. У 2013 годзе атрымаў дыплём Прадстаўніцтва ААН у Беларусі за перамогу ў Конкурсе студэнцкіх працаў да 20-годзьдзя Сусьветнай канфэрэнцыі па правах чалавека (Аўстрыя). На той час быў сябрам управы Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня абароны правоў чалавека, якое было Беларускай сэкцыяй Міжнароднага таварыства правоў чалавека (МТПЧ; Нямеччына). 25 жніўня 2014 году стаў рэдактарам Вікіпэдыі як Удзельнік:Pr12402. У верасьні 2014 году наведаў Раду Эўропы (Францыя) ў складзе моладзевай дэлегацыі. У Берасьці меў дачыненьне да сэмінару МТПЧ і школы юных праваабаронцаў. У 2019 годзе склаў справаздачу пра круглы стол наконт дэзынфармацыі ў СМІ. Кіраваў прэс-цэнтрам Беларускай сэкцыі МТПЧ. Быў мэнэджэрам беларускага музычнага гурта «Bristeil»[1].

Рэдагаваньне Вікіпэдыі рэдагаваць

За 2014—2021 гады ўнёс звыш 84 000 правак у артыкулы Вікіпэдыі. Увосень 2021 году рэдагаваў артыкулы пра сродкі масавай інфармацыі Беларусі, журналістаў Генадзя Мажэйку і Кацярыну Барысевіч, музычныя гурты «IQ48» і «Ляпіс Трубяцкі». 27 сьнежня 2021 году зламысьнік атрымаў доступ да яго ўліковага запісу і з 17:10 да 17:52 выдаліў у Вікіпэдыі на беларускай мове клясычным правапісам у 6 артыкулах:

  1. «Аляксандар Лукашэнка» — абзац пра ўведзеныя супраць яго асабістыя санкцыі;
  2. «Вераніка Цапкала» — згадка пра ўзнагароджаньне прэміямі імя Льва Копелева і Фрыца Цокліха;
  3. «Марыя Калесьнікава» — разьдзел пра міжнародную рэакцыю на яе затрыманьне;
  4. «Свабода слова ў Беларусі» — большасьць разьдзелу пра падзеі 2020—2021 гадоў;
  5. «Рэжым Лукашэнкі» — абзац пра рэзалюцыю Кангрэсу ЗША з асуджэньнем фальсыфікацыяў на выбарах 2020 году, рэпрэсіяў супраць мірных дэманстрантаў і прызнаньнем гэтага рэжыму нелегітымным;
  6. «Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)» — разьдзел «Рэакцыі»[1].

28 сьнежня 2021 году ўсе 6 выдаленьняў скасавалі, а ягоны ўліковы запіс заблякавалі праз «захоп уліковага запісу» і «ўзлом пароля»[1].

Перасьлед рэдагаваць

28 сакавіка 2022 году пракуратура Берасьцейскай вобласьці паведаміла пра перадачу ў суд справы супраць Паўла Пернікава паводле артыкула 369-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Яго абвінавацілі ў тым, што з 29 сьнежня 2020 году па 30 красавіка 2021 году ў Вікіпэдыі і на вэб-бачыне Міжнароднага таварыства правоў чалавека (МТПЧ; Нямеччына) «перадаў заведама ілжывыя зьвесткі аб датычнасьці органаў улады Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама да катаваньняў і забойстваў людзей»[1].

7 красавіка 2022 году ў Судзе Маскоўскага раёну Берасьця пракурорка Алена Ціхановіч абвінаваціла Пернікава ў дыскрэдытацыі дзяржаўных органаў Беларусі праз праўкі ў артыкулы на Вікіпэдыі пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай і дэманстранта Генадзя Шутава, а таксама праз артыкул на вэб-бачыне МТПЧ пра катаваньне і забойства дэманстрантаў падчас пратэстаў 2020 году. У прыватнасьці ў віну ставіліся праўкі пры канцы сьнежня 2020 году на беларускай Вікіпэдыі тарашкевіцай у артыкул «Сьпіс загінулых падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі (2020—2021)». Адпаведныя рэдагаваньні тычыліся сьмерці земляка Генадзя Шутава, а ва ўводзінах — непрызнаньня Міністэрствам ўнутраных справаў Беларусі адказнасьці за сьмерць ніводнага дэманстранта. Павал Пернікаў не пагадзіўся з абвінавачаньнем і не прызнаў віны на судзе. Пракурорка Ціхановіч запатрабавала зьняволіць Пернікава на 2 гады калёніі агульнага рэжыму, на якія судзьдзя Яўген Брэган яго і вырак[2].

11 красавіка 2022 году 5 беларускіх арганізацыяў правааборанцаў прызналі Пернікава палітычным вязьнем і заклікалі да неадкладнага вызваленьня Пернікава і іншых беларускіх палітвязьняў[4].

Крыніцы рэдагаваць