Павал Добшынскі

Славацкі фальклярыст

Па́вал До́бшынскі (па-славацку: Pavol Dobšinský; 16 сакавіка 1828, Славашаўцы — 22 кастрычніка 1885, Дрэнчаны) — славацкі эвангельскі сьвятар, фальклярыст і зьбіральнік народнай творчасьці, які дзейнічаў у пэрыяд рамантызму і адносіцца да пісьменьнікаў штураўскага пакаленьня.

Павал Добшынскі
Pavol Dobšinský
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 сакавіка 1828
Славашаўцы, Аўстрыйская імпэрыя
Памёр 22 кастрычніка 1885
Дрэнчаны, Аўстра-Вугоршчына
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, фальклярыст, сьвятар
Мова славацкая[1]

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і эвангельскага параха. Навучаўся ў гімназіях у Рожняве і Мішкальцы. Ад 1840 року навучаўся ў эвангельскім ліцэі ў Левачы.

У 1848—1849 далучыўся да рэвалюцыі, а пасьля змагаўся ў імпэратарскім войску. У 1850—1852 быў памочнікам эвангельскага параха і этнографа ў Левачы, ад якога і пачаў цікавіцца зьбіральніцтвам народнай творчасьці.

Ад 1852 — памочнік рэдактара ў часопісе «Slovenské pohľady», пасьля каплян, у 1858—1861 — прафэсар славацкай мовы і літаратуры ў Банскай Шцьяўніцы. З 1861 — сьвятар у Дрэнчанах.

Быў двойчы жанаты.

 
Родны дом Паўла Добшынскага ў Славашаўцах
 
Памятная дошка ў Дрэнчанах

Творчасьць рэдагаваць

Пісаць пачынаў яшчэ падчас навучаньня ў ліцэі. Ужо ў гэты час складаў вершы ў рэчышчы штураўскай паэзіі. У асноўным гэта былі прыпадабненьні народным песьням, патрыятычныя і алегарычныя творы. Перакладаў таксама вершы замежных аўтараў. У розных часопісах паступова выйшлі ягоны пераклады Байрана, Лямартына, Міцкевіча. Выдаваў рукапісны часопіс «Holubica», часопіс «Sokol», рэцэнзаваў альманахі «Concordia» і «Lipa».

Найбольшы ўнёсак зрабіў у фальклярыстыку. Яшчэ студэнтам займаўся праблематыкаю народнай славеснасьці. Пэрыядычна публікаваў фальклярыстычныя штудыі, якія пасьля ўвайшлі ў кнігу «Úvahy o slovenských povestiach» (1872). Сыстэматычна зьбіраў і запісваў песьні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, гульні, звычаі і павер’і. Перад публікацыяй прыбраў адтуль эратычнасьць і пошасны гумар, дзякуючы чаму гэтая творчасьць (першапачаткова прызначаная для дарослых) стала ўлюбёнай і папулярнай і сярод дзяцей. Разам з Аўгустам Гарыславам Шкулцетым склаў і ў 1858—1861 выдаў сэрыю з 64 казак у шасьці тамох пад назовам «Slovenské povesti». Незадоўга перад сьмерцю выдаў 90 казак у васьмі тамох пад назовам «Prostonárodné slovenské povesti» (1880—1883). Гэтыя складанкі і дагэтуль зьяўляюцца найбольш істотным і рэпрэзэнтатыўным зборам славацкай фальклярыстыкі.

Бібліяграфія рэдагаваць

  • 1858/1861 — «Slovenské povesti. Rožňava — Banská Štiavnica»
  • 1874 — «Zborník slovenských národných piesní, povestí, prísloví, porekadiel, hádanok, hier, obyčajov a povier»
  • 1880 — «Prostonárodne obyčaje, povery a hry slovenské»
  • 1880/1883 — «Prostonárodne slovenské povesti»

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Павал Добшынскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  1. ^ Dobšinský, Pavol // CONOR.SI