Ордэн базылянаў Сьвятога Язафата

грэка-каталіцкі манаскі ордэн

Ордэн базылянаў Сьвятога Язафата (па-лацінску: Ordo Вasilianus Sancti Josaphat), больш вядомы пад назвай Чын Сьвятога Васіля Вялікага (ЧСВВ) (па-лацінску: Ordo Sancti Basili Magni (OSBM)) — каталіцкі ордэн (закон) бізантыйскага абраду, які жыве паводле манаскіх правілаў Сьвятога Васіля Вялікага. Скарочаная назва — базыляны. Закон базылянаў афіцыйна выкарыстоўвае абрэвіятуру OSBM або ЧСВВ.

Сьвяты Язафат (Кунцэвіч), у гонар якога названы Ордэн

Гісторыя рэдагаваць

Ордэн у часы Рэчы Паспалітае рэдагаваць

Ордэн узьнік пасьля заключэньня Берасьцейскае уніі ў 1596 з праваслаўных манахаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітае, якія набылі сваю ордэнскую арганізацыю. Дзейнасьць базылянаў спрыяла пераходу ў каталіцтва ўсходняга абраду праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1607 Язэп Руцкі й Язафат Кунцэвіч пачалі выхаваўчую працу ў падначаленым першаму Віленскім Траецкім манастыры. Для садзейнічаньня гэтаму туды былі запрошаныя манахі-кармэліты, а ў 1621 езуіты. У 1615 Руцкі атрымаў папскі дазвол, каб манахі маглі праходзіць навучаньне ў папскіх сэмінарыях у Вільні, Браневе, Празе, Аламоўцы, Вене, у Грэцкай калегіі ў Рыме. У 1616 быў зарганізаваны першы базылянскі навіцыят у Быценскім Усьпенскім манастыры.

 
Мітрапаліт Язэп Руцкі — заснавальнік Ордэна
 
Брама Віленскага Траецкага манастыра, у якім быў заснаваны Ордэн

У 1617 1-я генэральная капітула (кангрэгацыя), што адбылася ў Новагародку, зацьвердзіла распрацаваны мітрапалітам Руцкім і Язафатам Кунцэвічам статут. Статут быў створаны на падставе правілаў Сьвятога Васіля Вялікага на ўзор статутаў рымска-каталіцкіх ордэнаў і, найперш, — езуітаў. Такім чынам была створаная Віленская (Літоўская) кангрэгацыя Сьвятой Тройцы. Першым протаархімандрытам быў абраны Язэп Руцкі. Кангрэгацыя аб’ядноўвала манахаў пяці падначаленых Руцкаму манастыроў. Яна была зацьверджана ў 1624 Кангрэгацыяй прапаганды веры і ў 1631 папы Урбана VIII у буле Exponi nobis.

Паводле статуту Ордэна ад 1658 протархімандрыт падпарадкоўваўся Рымскаму папу праз уніяцкага мітрапаліта. У склад кіраўніцтва Ордэна апроч протаархімандрыта ўваходзілі правінцыялы, 4 кансультары й сакратар. Вышэйшай заканадаўчай уладай былі кангрэгацыі (генэральныя капітулы), на якіх павінны былі прысутнічаць мітрапаліт, протаархімандрыт, архібіскупы й біскупы, ігумены манастыроў, абраныя прадстаўнікі ад кожнага манастыра. Кангрэгацыі склікаліся не радзей як раз на 4 гады. Найчасьцей яны ладзіліся ў Новагародку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713).

У 1613 для ўмацаваньня Ўніяцкай Царквы папа Павал V дазволіў рыма-каталіцкім манахам пераходзіць з заходняга на ўсходні абрад. У 1635 вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў Ордэну прывілей, паводле якога біскупамі Ўніяцкае Царквы маглі абірацца толькі манахі-базыляны, што значна ўзмацніла пазыцыі Ордэна. Да канца XVIII ст. практычна ўсе грэка-каталіцкія кіеўскія мітрапаліты былі базылянамі. У 1622 у Кангрэгацыі было 13 манастыроў, у 1648 — 39.

З 1720 у адпаведнасьці з рашэньнямі Замойскага сіноду ўсе грэка-каталіцкія манастыры ў Рэчы Паспалітай належылі базылянам. У 1739 згодна з рашэньнямі таго самага сыноду з базылянскіх манастыроў Луцкае, Уладзімерскае, Холмскае, Львоўскае й Перамышальскае япархіяў была створаная Руская (Польская, ці Каронная) Кангрэгацыя Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы. У 1743 на генэральнай капітуле ў Дубне абедзьве Кангрэгацыі (Сьвятой Тройцы і Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы) згодна з брэвэ Бэнэдыкта XIV Etsi dubitare ад 27 сьнежня 1742 былі аб’яднаныя ў адзін Ордэн, які ў сваю чаргу быў падзелены на 2 правінцыі: Рускую (Польскае Каралеўства) і Літоўскую (ВКЛ). Протаархімандрыт мусіў абірацца па чарзе зь дзьвюх правінцыяў. 11 траўня 1744 Бэнэдыкт XIV сваім брэвэ Inter pluris надаў Ордэну новы назоў – «Рускі Ордэн Сьвятога Васіля Вялікага» (па-лацінску: Ordo Sancti Basilii Magni Ruthenorum).

 
Супрасьлеўскі манастыр

У 17441748 у Літоўскай правінцыі існавала 66 манастыроў з 446 манахамі, у Польскай — 122 манастыры і каля 650 манахаў. Апроч таго непасрэдна Кіеўскаму мітрапаліту падначальвалася асобная Супрасьлеўская архімандрыя з 2 рэзыдэнцыямі і 30 манахамі. У 1773 у Літоўскай правінцыі было 72 манастыры (на тэрыторыі сучаснай Беларусі каля 55 манастыроў) і 612 манахаў. Самымі вялікімі базылянскімі манастырамі былі Жыровіцкі, Полацкі, Менскі, Віцебскі, Беразьвецкі, Барунскі, Быценскі, Тараканскі, Антопальскі й іншыя. Існавалі манастыры і ў сучаснай Расеі, у т.л. у Смаленску й вёсцы Вярбілава. Рэзыдэнцыя протаархімандрыта знаходзілася ў Тараканскім манастыры, літоўскага правінцыяла — у Віленскім Траецкім манастыры.

Базыляны актыўна займаліся адукацыйнай дзейнасьцю. У 1613 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза дазволіў ім адчыняць школы са статутам пачатковых і сярэдніх навучальных установаў з выкладаньнем на рускай (старабеларускай ці стараўкраінскай) і польскай мовах. Базыляны распрацавалі сыстэму сьвецкае адукацыі пераважна лінгвістычнага, багаслоўскага й агульнагуманітарнага кірункаў. У XVIII — першай трэці ХІХ стст. самыя вялікія базылянскія школы мелі па 300—500 вучняў. На гэтай ніве базыляны спаборнічалі зь езуітамі, а пасьля забароны апошніх атрымалі ў сваё валоданьне некалькі езуіцкіх калегіюмаў, так што ў канцы XVIII ст. у іх вядзеньні знаходзілася каля дваццаці шасьці вучэльняў. Займаліся базыляны й выдавецкай дзейнасьцю. У іх друкарнях у Вільні, Супрасьлі, Менску, Пачаеве, Львове было выдадзена каля 1080 назоваў кнігаў пераважна на польскай, лацінскай і царкоўнаславянскай мовах. Толькі ў найбуйнейшай друкарні ў Пачаеўскай лаўры было выдадзена каля 300 найменьняў кніг. Каля 40% выданьняў складала сьвецкая літаратура.

 
Манастыр базылянаў у Бучачы

У 1780 на далучаных да Аўстрыйскае й Расейскае імпэрыяў землях былі створаныя яшчэ дзьве новыя правінцыі: адпаведна Галіцкая правінцыя Найсьвяцейшага Збаўцы й Беларуская правінцыя Сьвятога Мікалая.

У кожнай з чатырох правінцыяў Ордэну было па 72 манастыры й больш за 600 манахаў.

Заняпад рэдагаваць

Па меры падзелаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыях, далучаных да Расейскае імпэрыі, базыляны паступова пачалі губляць сваю ордэнскую арганізацыю: кантакты з ордэнскімі ўладамі ў Рэчы Паспалітай не дазваляліся, манастыры былі падначаленыя мясцовым япіскапам. Пасьля канчатковае ліквідацыі Рэчы Паспалітае сытуацыя значна пагоршылася: ад 1802 не абіраліся протаархімандрыты й правінцыялы, ад 1804 не праводзіліся кангрэгацыі, былі спыненыя кантакты з Рымам. У 1801 у Расеі было толькі 85 манастыроў і 732 законьнікі. Ордэн ператвараўся ў групу асобных манастыроў, падначаленых мясцовым уніяцкім япіскапам. Але базыляны яшчэ мелі велізарную маёмасьць, што дазваляла ім займацца выдавецкай і адукацыйнай дзейнасьцю ажно да 1820-х. Аднак сумеснымі намаганьнямі расейскага ўраду, які прыкладаў намаганьні, каб далучыць уніятаў да Расейскае Праваслаўнае Царквы, і часткі белага духавенства, якое імкнулася да ачышчэньня абраду і павелічэньня свайго ўплыву на жыцьцё Царквы, магутнасьць і ўплыў Ордэну базыялнаў былі значна абмежаваныя. У 1828 была прынятая пастанова Грэка-ўніяцкае калегіі, праведзеная на загад імпэратара, аб скасаваньні “лішніх” манастыроў базылянаў, аднак яе фактычнае выкананьне зацягвалася. Паводле ліквідатара Уніі Ёсіфа Сямашкі ў Літоўскай япархіі 62 манахі далі фармальную згоду на пераход у праваслаўе, а большасьць — 95 — адмовіліся. У Беларускай жа япархіі такую згоду далі ўсяго 17 базылянаў, 77 манахаў не пажадалі прымаць праваслаўе. Пасьля Полацкага царкоўнага сабору 1839, паводле якога скасоўвалася Ўніяцкая Царква ў Расейскай імпэрыі за выключэньнем Царства Польскага, манастыры базылянаў былі зьліквідаваныя альбо ператвораныя ў праваслаўныя. Упартыя манахі-базыляны, якія не жадалі выракацца каталіцкай веры, былі пасаджаны ў манастырскіх вязьніцах у Быцені і Таракані на хлеб і ваду, а найбольш уплывовыя і адданыя сваёй Царкве былі пазбаўлены сану, кінуты ў турмы або сасланыя на цяжкія працы як бунтаўнікі. Шмат упартых манахаў-базылянаў дажывала свой век у расейскай глыбінцы, у прыватнасьці ў праваслаўным манастыры ў Курску.

У 1870-я базылянскія манастыры былі зачыненыя таксама і ў Царстве Польскім. Апошнім быў зачынены ў 1875 манастыр у Варшаве.

Лепшым было становішча базылянаў у Аўстрыйскай імпэрыі. У 1802 ім былі пацьверджаныя ўсе іхныя правы й прывілеі. Пазьней, ужо ў Аўстра-Вугоршчыне было 14 манастыроў у Галічыне й 7 у Вугоршычне.

Адраджэньне рэдагаваць

У 1882 папа Лявон XIII Апостальскім пасланьнем Singulare presidium загадаў езуітам правесьці рэарганізацыю (так званая «Дабрамільская рэформа») 14 базылянскіх манастыроў у Галічыне, колькасьць манахаў у якіх складала каля 60 чалавек. У 1896 Сьвяты Пасад зацьвердзіў новую канстытуцыю Ордэну, пасьля чаго той узнавіў сваю душпастырскую дзейнасьць, працуючы ў першую чаргу з украінскімі, русінскімі і беларускімі эмігрантамі. У 1906 была праведзена першая пасьлярэформавая генэральная капітула. Базылянскія місіі й манастыры пачалі зьяўляцца ў Бразыліі (ад 1897), Канадзе (ад 1902), ЗША (ад 1932) і Аргентыне (ад 1934).

 
Базылянскі манастыр у Нікулі (Румынія)

У 1920-я былі рэфармаваныя манастыры ў Вугоршчыне й Румыніі. На генэральнай капітуле 1931 Ордэн быў зноў падзелены на правінцыі, а ягоная галоўная рэзыдэнцыя была перанесеная ў Рым. У 1932 папа Пій XI зацьвердзіў новы назоў Ордэну — Ордэн базылянаў Сьвятога Язафата. Разам з тым, па-ранейшаму, сёньня прынята шырока выкарыстоўваць і традыцыйную назву — Чын Сьвятога Васіля Вялікага, а афіцыйная абрэвіятура гэтага манаскага закону нават засталася старой: ЧСВВ (OSBM). У 1939 Ордэн складаўся з 3 правінцыяў: Галіцкай правінцыі Найсьвяцейшага Збаўцы, Закарпацкай правінцыі Сьвятога Мікалая й Амэрыкана-Канадзкай Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса, колькасьць манахаў вырасла да 650 чалавек. У 1947 былі створаныя новыя правінцыі: Румынская правінцыя Сьвятога Язэпа, Вугорская правінцыя правінцыя Сьвятога Стэфана й Чэхаславацкая правінцыя Сьвятых Кірылы і Мятода.

Пачынаючы ад 1939 базыляны вядуць перадачы на Радыё Ватыкану на ўкраінскай мове.

Пасьля Львоўскага сабору 1946 і забароны Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы дзейнасьць манахаў-базылянаў у СССР насіла нелегальны характар і яны працавалі як сьвецкія. А пасьля ўсталяваньня да 1950 камуністычнае ўлады і ва Ўсходняй Эўропе былі скасаваныя ўсе манастыры базылянаў у рэгіёне (за выняткам Польшчы й Югаславіі), самі ж базыляны падвергліся рэпрэсіям. Многія манахі-базыляне ва Ўкраіне, у Чэхаславакіі, у Румыніі і Вугоршчыне нават загінулі за свае рэлігійныя перакананьні.

Аднак у краінах Амэрыкі Ордэн базылянаў свабодна дзейнічаў і меў 31 манастыр і 250 манахаў. У 1948 Амэрыкана-Канадзкая правінцыя была падзеленая на дзьве правінцыі — Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса ў Канадзе й Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў ЗША, а бразыльская віцэ-правінцыя Сьвятога Язэпа атрымала статус правінцыі. У 1953 быў абраны першы за 150 гадоў протаархімандрыт ордэну. Ім стаў Павал Мыскіў. У 1964 была заснавана правінцыя Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Аргентыне. У 1982 у Польшчы была заснавана віцэ-правінцыя Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы.

Пасьля падзеньня камуністычных рэжымаў ува Ўсходняй Эўропе базылянскія манастыры адрадзіліся ў Румыніі, Вугоршчыне, Славаччыне. Ва Ўкраіне базылянам былі вернутыя 17 манастыроў (у тым ліку у Львове, Івана-Франкоўску, Жоўкве). Адначасова базыляны ўзнавілі сваю місіянэрскую, адукацыйную й выдавецкую дзейнасьць. Ордэн прымае актыўны ўдзел у адраджэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне і распаўсюджваньні яе дзейнасьці ўва ўсходніх рэгіёнах краіны. Адноўленае ў 1994 у Львове выдавецтва «Місіонер» толькі за першыя 6 гадоў (19941999) выдала больш за 250 найменьняў кніг. У мясцовасьці Брухавічы базыляны заснавалі навучальны цэнтар на 150 студэнтаў. 27 чэрвеня 2001 падчас візыту Рымскага Архірэя Яна Паўла ІІ ва Ўкраіну адбылася ўрачыстая бэатыфікацыя 5 манахаў-базылянаў. Сёньня таксама вядзецца бэатыфікацыйны працэс адносна яшчэ некалькіх базылянскіх манахаў.

Базыляны сёньня рэдагаваць

На 2006 у сьвеце налічваўся 601 манах-базылянін, 303 зь іх працавалі ва Ўкраіне. Узначальвае Закон протаархімандрыт Васіль Коўбеч. Ордэн кіруе дзьвюма вялікімі сэмінарыямі ў Бучачы (Украіна) і Прудэнтаполісе (Бразылія). На 2011 існавалі 10 базылянскіх правінцыяў:

  • Правінцыя Найсьвяцейшага Збаўцы ва Ўкраіне (мае 29 манастыроў і рэзыдэнцыяў);
  • Правінцыя Сьвятога Мікалая ў Закарпацьці ва Ўкраіне (4 манастыры);
  • Правінцыя Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Аргентыне (3 манастыры);
  • Правінцыя Сьвятога Язэпа ў Бразыліі (15 манастыроў);
  • Правінцыя Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса ў Канадзе (10 манастыроў);
  • Правінцыя Сьвятога Стэфана ў Вугоршчыне (5 манастыроў);
  • Правінцыя Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Польшчы (4 манастыры);
  • Правінцыя Сьвятых апосталаў Пятра й Паўла ў Румыніі (3 манастыры);
  • Правінцыя Сьвятых Кірылы й Мятода ў Славаччыне (6 манастыроў);
  • Правінцыя Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў ЗША (7 манастыроў).

Прадстаўніцтвы базылянаў існуюць таксама ў Вялікай Брытаніі, Італіі, Летуве, Сэрбіі. У Беларусі базыляны не прысутнічаюць. Некалькі ўраджэнцаў Беларусі былі ў навіцыяце ўва ўкраінскіх базылянскіх манастырах, аднак не затрымаліся.

Статыстыка рэдагаваць

год манахі зь іх сьвятароў абіцелі
1990 405 249
1998 653 307 86
1999 691 300
2002 681 308 93
2004 622 308 91
2005 609 310 93

Мэта рэдагаваць

Мэта дзейнасьці Ордэну, згодна з канстытуцыямі, ёсьць дбаньне пра супольнае жыцьцё дзеля ўласнага асьвячэньня праз выкананьне зарокаў і прыказаньняў любові ды дзеля збаўленьня блізкіх праз пасярэдніцтва дабравешчаньня цераз ладжаньне місіяў і рэкалекцыяў, навуковую й выдавецкую дзейнасьць, душпастырства й працу з моладзьдзю.

Герб рэдагаваць

Герб складаецца з аточанага дугой вогненага слупа, які азначае полымя любові — сымбаль пастаяннага служэньня Богу і бліжняму. Вогнены слуп таксама ёсьць сымбалем Сьвятога Васіля Вялікага. Над вогненым слупом — выява сонца, якое ёсьць сымбалем Збаўцы Ісуса Хрыста. У сонца ўпісаная манаграма Ісуса Хрыста, па-над якім крыж як сымбаль сьледаваньня за Ім. Увесь герб у вянку зь дзьвюх галінак: дубовае й лаўровае. Дубовая галінка сымбалізуе сталасьць і моц у духовым росьце й працы, лаўровая — эсхаталягічную, вечную ўзнагароду для пераможцаў.

Вопратка рэдагаваць

Згодна з Канстытуцыямі, вопратка манаха-базыляніна складаецца з чорнага габіту зь белым каўнерыкам, поясу або рэмяню, мантыі й каптуру, а таксама нагруднага крыжа і парамана. У штодзённым жыцьці, калі манахі выступаюць як супольнасьць, носяць габіт і пояс, а ва ўрачыстыя, паводле звычаю, — таксама мантыю й каптур.

Сьвятыя й блаславёныя з Ордэну рэдагаваць

Базыляны ў царкоўных інстытуцыях рэдагаваць

 
Япіскап Стэмфардзкі Павал Хамныцкі падчас літургіі ва Украінскай катэдры Сьвятой Сям’і ў выгнаньні ў Лёндане

Біскупы:

Ераманахі:

Глядзіце таксама рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • І. М. Дубянецкая, В. Р. Кірэеў. Базыльяне // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
Крыніца: айцец Ісыдар Патрыла, «Католическая энциклопедия»
  • Валерый Пазднякоў. Базыльяне // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Kulczyński J. Monologium Bazyliańskie. Wilno, 1771
  • Коялович М. О. История Базилианского ордена // Христианское чтение 1—4. 1864
  • Петров Н. И. Очерк истории Базилианского ордена в бывшей Польше // Труды Киевской духовной академии. 1870. Т. 2—4; 1871. Т. 1—3. 1872. Т. 1
  • Коялович М. О. История воссоединения западно-русских униатов старых времен. Санкт-Петербург, 1873
  • Pelesz G. Geschichte der Union der ruthenischen Kirche mit Rom. Warszawa, 1878—80,. 2 vol.
  • Guepin A. Un apôtre de l’Union des Églises au XVII siècle: St. Josaphat et l’Église gréco-slave en Pologne et en Russie. Paris, 1892—98. 2 vol.
  • Analecta Ordinis S.Basilii Magni. Ser. 1. Zhovkva, 1924—35; Ser. 2. R., 1949
  • Wojnar M. De regimine Basilianorum Ruthenorum. Roma, 1949
  • Wojnar M. De protoarchimandrita Basilianorum. Roma, 1958
  • Kłoczowski J. Wspólnoty chrześcijańskie. Kraków, 1964
  • Szegda M. Działalność prawno-organizacyjna metropolity Józefa IV Welamina Rutskiego (1613—1637). Warszawa, 1967
  • Ваврик М. К. Очерк развития и состояния Василианского ордена XVII—XX вв. Рим, 1979
  • Pidłypczak-Majerowicz M. Bazylianie w Koronie i na Litwie: Szkoły i książki w działalności zakonu.Warszawa, Wrocław, 1986
  • Нарис історії Василіянського чину святого Йосафата. Рим, 1992
  • Казуля С. В. Чын св. Базыля ў расійскай гістарыяграфіі ХІХ-пач. ХХ стст. // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3.
  • Саверчанка І. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мінск, 1994
  • Новицкая-Ежова А. Орден базилиан и его культурно-просветительская деятельность на украинско-белорусско-литовских землях Речи Посполитой // Славяноведение. 1996. № 2
  • Клімаў С. Базыльяне на землях Вялікага княства Літоўскага ў другой палове XVIII ст. // Беларускі гістарычны агляд. 1996. Сш. 2
  • Catalogus Ordinis Basiliani di S.Josaphat.Roma, 1997
  • Полацкія пакутнікі: збор дакументаў. Полацак, 2000; AnPont 2000
  • Пануцэвіч В. Сьвяты Язафат, архіяпіскап полацкі. Полацак, 2000
  • Конституції Чину святого Василія Великого, Рим 2002.
  • Catalogus Ordinis Basiliani Sancti Iosaphat, Romae 2005.
  • Монастирі Української Греко-Католицької Церкви, Львів 2006.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць