Ніягарскі вадаспад

вадаспад паміж Канадай і ЗША

Каардынаты: 43°04′41″ пн. ш. 79°04′33″ з. д. / 43.07806° пн. ш. 79.07583° з. д. / 43.07806; -79.07583

Ніяга́рскі вадаспа́д (па-ангельску: Niagara Falls) — агульная назва трох вадаспадаў на рацэ Ніягара, якая аддзяляе амэрыканскі штат Нью-Ёрк ад канадзкай правінцыі Антарыё. Зьяўляецца адной з асноўных славутасьцяў паўночна-ўсходняй часткі Паўночнай Амэрыкі. Рака Ніягара, якая цячэ з возера Эйры, падае з вышыні 50-60 мэтраў. У сярэднім цячэньні рака дзеліцца на два рукавы і падае ўніз двума 50-ці мэтровымі каскадамі.

Амэрыканскія каскады зімой
Амэрыканскія каскады выгляд з амэрыканскага бока

Першы рукаў — гэта «амэрыканскі» вадаспад, які цячэ па тэрыторыі ЗША, каскады якога маюць назву American i Bridal Veil раздзеленыя вузкай выспай Luna Island (51 і 60 мэтраў вышыні, і разам каля 300 мэтраў шырыні). Другі рукаў — «канадзкі» Horseshoe (49 мэтраў вышыні і 900 мэтраў шырыні). Мяжа паміж ЗША і Канадай праходзіць па цэнтру канадзкага рукава. Узьбярэжжа вадаспада забудаванае двума гарадамі з аднолькавай назвай, канадзкі — Ніягара Фолз (насельніцтва 78 000) і амэрыканскі Ніягара Фолз (насельніцтва 55 000).

Турыстычная інфракструктура рэдагаваць

Канадзкі бок вадаспада больш прывабны для турыстаў, бо зь яго адкрываецца від як дакладна на падаючую ваду амэрыканскіх каскадаў, так і на канадзкія каскады, хоць гэтыя віды часткова закрытыя аблокамі маленькіх кропелек вады, якія ўтвараюцца падаючай масай вады. Праз гэтае большая частка турыстычнай інфраструктуры знаходзіцца на канадзкім баку. Для замежных турыстаў няма паслабленьняў на памежным пераходзе недалёка ад вадаспада, таму нават некалькі хвіліннае падарожжа на другі бок, каб забачыць іншы бок вадаспада, патрабуе адмысловай візы адпаведнае краіны.

Вакол вадаспаду ёсьць вялікая колькасьць забаваў для турыстаў, акрамя самога вадаспаду. Сярод іх — невялікі карабель, які падплывае амаль па самыя каскады вады. Таксама варта наведаць і «Пячору вятроў». Уваход у пячору знаходзіцца на высьпе Goat Island, якая раздзяляе галоўныя каскады. Потым пячора вядзе ў скалу на ўзровень 20 мэтраў пад дном ракі. Да забаваў можна аднесьці і казіно, збудаванае на канадзкім баку ў 90-я гады. Уначы вадаспад прыгожа падсьвечаны. Цікавы выгляд і зімой, калі вада ўтварае вялізарныя ледзяшы.

Каля паловы вады вадаспада забясьпечвае працу дзьвюх электрастанцый, на канадзкім і амэрыканскім баках. У залежнасьці ад таго, якая колькасьць вады адводзіцца на электрастанцыі, узровень вады зьмяняецца на некалькі мэтраў на працягу дня.

Гісторыя рэдагаваць

З гледзішча геалёгіі вадаспад адносна малады. Рака Ніягара паўстала каля 12 000 гадоў таму, пасьля сканчэньня апошняга ледавіковага пэрыяду. Спачатку вадаспад знаходзіўся каля сёньняшняга Кўінстана. Менавіта там вада спадала з так званага Niagara Escarpment, ці геалягічнай пліты, якая цягнецца ад Горнага возера на захадзе і далёка ўздоўж паўднёвых берагоў возера Антарыё на ўсходзе. З часоў ўзьнікненьня праз эрозію скалы, вадаспад перамясьціўся на 7 міль уверх па рацэ, ад пачатковага разьмяшчэньня.

Шлях вадаспада — гэта доўгі каньён (Niagara Gorge), які цягнецца на поўнач ад вадаспада, так сама варты турыстычнай увагі.

У наш час эрозія скалы значна запаволілася, дзякуючы некалькім інжэнерным працам, выкананым на працягу 20-га стагодзьдзя.

Навакольныя славутасьці рэдагаваць

У навакольлі ёсьць так сама шэраг месцаў, вартых увагі, сярод ніх:

  • горад Ніягара-он-зэ-Лэйк — першая сталіца Антарыё.
  • Форт Ніягара — самае старое збудаваньне, выкананае французамі ў 1726 годзе.
  • Канал Вэланд — цягнецца ад ракі Ніягара некалькі кілямэтраў на захад, дазваляе караблям абходзіць вадаспад.

Адлегласьць Ніягара Фолз ад Таронта складае 125 км, што займае каля гадзіны язды на машыне.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Ніягарскі вадаспадсховішча мультымэдыйных матэрыялаў