«На Анто́калі» — трохактавая п’еса беларускага драматурга Францішка Аляхновіча, напісаная ў часе яго знаходжаньня ў віленскім астрозе Лукішкі.

На Антокалі
Аўтар Францішак Аляхновіч
Абставіны дзеі Антокаль — прадмесьце Вільні.
Дата прэм’еры 26 сьнежня 1916
Месца прэм’еры Вільня
Жанр камэдыя

Пастанова п’есы адбылася 26 сьнежня 1916 году на падмостках беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні[1].

Апісаньне рэдагаваць

Аўтар стварыў камэдыю спачатку па-польску, а пасьля турмы, у 1915 годзе, перарабіў і пераклаў яе на беларускую мову. Публікацыя п’есы адбылася ў віленскай газэце «Гоман». Аўтар вярнуўся да яе ў 1942 годзе, перарабіўшы некаторыя сюжэтныя моманты[2].

Камэдыя апісвае жыцьцё мяшчанаў прадмесьця Вільні Антокаля. Зь ёю ў творчасьць Францішка Аляхновіча ўваходзіць вялікая тэма — тэма мяшчанства, якая проціпастаўляецца ўжо існай і аднастайнай у тагачасным беларускім тэатры сельскай тэматыцы[3].

Некаторыя дасьледнікі называюць п’есу сынтэзам бытавой камэдыі і вадэвілю праз умоўнае вызначэньне гэтага твору ў літаратурнай крытцы як камэдыі. У апошняй рэдакцыі п’есы (1942) драматург ня даў наконт гэтага ніякіх тлумачэньняў, а ў дзьвюх папярэдніх (1915 і 1940 гг.) абмежаваўся вылучна сцэнічным паняткам — «п’еса са скокамі і танцамі». На сюжэтна-кампазыцыйны плян «На Антокалі», асабліва апошняга варыянта, аказалі ўплыў самыя розныя віды сцэнічнага мастацтва: опэра, апэрэта, балет. Пра гэта сьведчаць уведзеныя ў твор сымбалічныя фігуры, якія выконвалі танец мяшкоў з грашыма, мімічныя і нямыя сцэны[3].

Адлюстроўваючы вобразы мяшчанскага асяродзьдзя (Вінцэнта і Міхаліну Сьліжукоў, іх дачку Зоську, паштовага служачага Радзівіловіча і некаторых іншых), драматург выкрывае тыя жыцьцёвыя фэтышы, якім яны пакланяюцца, якія засланяюць і скажаюць іхнія ўяўленьні аб сапраўдных чалавечых каштоўнасьцях[4].

Сюжэт рэдагаваць

Гаспадар шавецкай майстэрні Вінцэнт Сьліжык і яго жонка Міхаліна з гонарам усьведамляюць сваё маёмаснае становішча ў грамадзтве. Яны мяшчане ня толькі ў сацыяльным дачыненьні, але і паводле духоўных запатрабаваньняў. Гэткай жа вырасла і іх дачка Зоська, якая нібыта шчыра кахала маладога чалядніка Юзюка Жалейку, але без асаблівых пакутаў сумленьня згадзілася выйсьці замуж за пажылога паштовага чыноўніка Ігната Радзівіловіча, як толькі даведалася, што яму з Амэрыкі належыць атрымаць спадчыну ў паўмільёны даляраў. Зоська тлумачыць Юзюку, што калі няма грошай дык і каханьня быць ня можа. З такой жа лёгкасьцю адмаўляецца мяшчанка і ад Ігната, калі высьветлілася, што вестка аб спадчыне аказалася памылковай. На дапамогу дачцы дружна выступаюць бацькі. Яны, не турбуючыся аб прыстойнасьці, выстаўляюць Ігната звычайным ашуканцам, радніцца з кім яны ня маюць права.

Аднак п’еса заканчваецца станоўча. Зоська зноў вяртае сабе Юзюка, а Ігнат, які літаральна празь некалькі хвілінаў пасьля звады зь Сьліжыкамі намовіў сабе жонку Барбару, малодшую сястру Міхаліны.

Гісторыя рэдагаваць

Зьяўленьне п’есы ў друку зьвязана зь дзейнасьцю Камітэту помачы пацярпелым ад вайны, які быў заснаваны братамі Луцкевічамі з пачаткам Першай сусьветнай вайны.

У Вільні нямецкая адміністрацыя мела ўстанову друку «Прэсэнштэле», якая выдавала дзьве нямецкія газэты. У іх падаваліся матэрыялы з гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі акупаваных земляў, таму супрацоўнікі гэтых газэт часта зьвярталіся да I. Луцкевіча як да знаўцы краю па парады. Праз гэтыя знаёмствы ён і дабіўся таго, што «Прэсэнштэле» згадзілася на выданьне беларускай газэты і пакрыцьцё выдаткаў на паперу і друк. Так паявіўся «Гоман». Выходзіў ён два разы на тыдзень — спачатку кірыліцай, а потым і лацінкай. Адказным рэдактарам за «лацінскія» нумары «Гомана» стаў Францішак Аляхновіч. Апрача таго, ён разам з В. Ластоўскім вёў літаратурны аддзел газэты і апрацоўваў для яе мясцовую хроніку. Пры такіх абставінах і пабачыла сьвет п’еса «На Антокалі»[5].

Водгукі рэдагаваць

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» даў высокую ацэнку п’есе Ф. Аляхновіча:

«На Антокалі» — гэта надта добра зробленая мастацкая фатаграфія жыцьця віленскіх жыхароў прадмесьця Антокаля... Аляхновіч, вырасшы ў сфэры нябачнага ўжо для масы, але бесьперапыннага апалячваньня, увайшоў у сваю родную літаратуру з творам без характэрных нашаніўскіх прыкмет і матываў. Ён зусім тут спакойны ад адраджэнцкай мукі, багата паказаў новую ў літаратуры беларускую сфэру, сфэру мяшчанскага жыцьця. Гэта знак, як вырасла адраджэньне[6].

У п’есе Максім Гарэцкі вылучыў «колькі мастацкіх тыпаў, што як жывыя стаяць уваччу». Найперш Ігната Радзівіловіча, які «найлепей паказаны з псыхалягічнага боку»[6].

Бібліяграфія рэдагаваць

Крытыка, рэцэнзіі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 537. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  2. ^ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 539. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  3. ^ а б Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 32. — ISSN 0234-1360.
  4. ^ Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 33. — ISSN 0234-1360.
  5. ^ Уладзімір Ковель. Камедыі з мяшчанскага жыцця. Станаўленне Францішка Аляхновіча як драматурга // Роднае слова. — Мн.: 1998. — № 9. — С. 34. — ISSN 0234-1360.
  6. ^ а б Марціновіч А. Хто ж ён, Францішак Аляхновіч // Сувязь: Літ.-крытыч. арт.. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 6. — 253 с. — ISBN 5-340-01389-8