Нараў (Падляскае ваяводзтва)

вёска ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводзтва Польшчы

Нараў, або Нарва (польск. Narew, падляск.: Nárva[2]) — вёска ў Польшчы, на рацэ Нарве. Цэнтар сельскай гміны Гайнаўскага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2013 год — 1436 чалавек. Знаходзіцца за 20 км на поўнач ад Гайнаўкі, за 35 км на поўдзень ад Беластоку, на аўтамабільнай дарозе 685.

Нараў
лац. Naraŭ
польск. Narew
Вуліца Адама Міцкевіча
Вуліца Адама Міцкевіча
Герб Нарвы
Першыя згадкі: 1421
Мястэчка з: 1514
Магдэбурскае права: 1529
Мясцовая назва: Nárva
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Гайнаўскі
Гміна: Нараў
Насельніцтва: 1436 чал. (2013)[1]
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: +48 85
Паштовы індэкс: 17-210
Нумарны знак: BHA
Геаграфічныя каардынаты: 52°54′46″ пн. ш. 23°31′15″ у. д. / 52.91278° пн. ш. 23.52083° у. д. / 52.91278; 23.52083Каардынаты: 52°54′46″ пн. ш. 23°31′15″ у. д. / 52.91278° пн. ш. 23.52083° у. д. / 52.91278; 23.52083
Нараў на мапе Польшчы
Нараў
Нараў
Нараў
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Нарва — даўняе магдэбурскае места гістарычнага Падляшша, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Сьвятога Станіслава і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і капліца Сьвятога Вінцэнта, помнікі XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучалася капліца Маці Божай, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII ст.

Гісторыя рэдагаваць

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім рэдагаваць

Каля 1421 году бельскія мяшчане заснавалі на ракой Нарвай паселішча пры Кракаўска-Віленскім гасьцінцы. 27 чэрвеня 1514 годзе Нарва на хадайніцтва Альбэрта Гаштольда, старосты бельскага, атрымала Хэлмінскае права. У 1529 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары надаў месту Магдэбурскае права, пацьверджанае 28 сакавіка 1535 году. Неўзабаве тут збудавалі каралеўскі двор (на дарозе зь Вільні ў Варшаву). У 1545 годзе Нарва атрымала герб: «у чырвоным полі срэбная серна з залатымі рагамі і капытамі»[3]. У XVI ст. у месьце дзейнічалі царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, мяшчане займаліся галоўным чынам рамёствам і сельскай гаспадаркай, а таксама лоўляй рыбы.

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Нарва перайшла да Каралеўства Польскага. Паводле люстрацыі 1576 году, тут было 236 будынкаў, сярод якіх 178 зь зямельнымі надзеламі, працавалі 2 млыны і 14 корчмаў (12 піўных і дзьве мядовыя); сярод рамесьнікаў 12 калёсьнікаў, 2 кавалі, бондар, 7 рыбакоў, 2 шаўца і 2 рэзьнікі. На мяжы XVI—XVII стагодзьдзяў утварылася Нараўскае стараства. Разьвіцьцё места спынілася зь зьнішчэньнямі ў час Паўночнай вайны, у выніку якой з ранейшых 300 пляцаў у Нарве засталося толькі 24.

Пад уладай Прусіі і Расейскай імпэрыі рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Нарва апынулася ў складзе Прусіі, з 1807 году — паводле Тыльзыцкага міру, у складзе Расейскае імпэрыі, у Бельскім павеце Беластоцкай вобласьці. На 1845 год у мястэчку было 108 будынкаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Нарву занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Нарва абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Нараў Бельскага павету Беластоцкага ваяводзтва. У 1934 годзе статус паселішча панізілі да вёскі.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Нарву акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень вёску перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Нарва ўвайшла ў склад БССР, у Беластоцкую вобласьць. З чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 году вёска зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 16 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Нарву Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1975—1998 гадох вёска ўваходзіла ў склад Беластоцкага ваяводзтва.

Насельніцтва рэдагаваць

Дэмаграфія рэдагаваць

  • XIX стагодзьдзе: 1845 год — 725 чал.[4]; 1857 год — 994 чал., зь іх 533 праваслаўныя, 309 каталікоў і 152 юдэі[5]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 963 чал., зь іх паводле веры 307 каталікоў, 237 праваслаўных і 419 юдэяў; паводле нацыянальнасьці (згодна з афіцыйнай польскай статыстыкай) 568 палякаў, 51 беларус і 344 жыды[6]
  • XXI стагодзьдзе: 2013 год — 1436 чал.

Турыстычная інфармацыя рэдагаваць

Славутасьці рэдагаваць

  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX ст.; фрагмэнты)
  • Капліца Сьвятога Вінцэнта (1840—1848)
  • Касьцёл Сьвятога Станіслава і Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[7] (1775, перабудова фасаду ў 1852—1882), званіца (1772)
  • Кіркут (XIX—XX стагодзьдзі; руіны)
  • Могілкі: каталіцкія, праваслаўныя
  • Парафіяльны дом (XIX ст.)
  • Царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа[8] (1882; мураўёўка)

Страчаная спадчына рэдагаваць

  • Капліца Маці Божай (каля 1726, згарэла ў 2000)
  • Сынагога Новая (каля 1915, згарэла ў 1973)[9]
  • Сынагога Старая (пачатак XIX ст., згарэла ў пачатку XX ст.)

Галерэя рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Główny Urząd Statystyczny. Bank Danych Lokalnych. (пол.) Праверана 15 кастрычніка 2015 г.
  2. ^ Pudlaśki nazvy. Narva svoja.org Праверана 15 кастрычніка 2015 г.
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 204.
  4. ^ Krzywicki J. Narew // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 910.
  5. ^ Бобровский П.О. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния. Часть 1. Приложения, Санкт-Петербург: Тип. департамента генерального штаба, 1863, Приложение Н 60 (рас.) Электронная энциклопедия и библиотека Руниверс Праверана 15 кастрычніка 2015 г.
  6. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 19.
  7. ^ NAREW – Parafia Wniebowzięcia NMP i św. Stanisława Biskupa i Męczennika (пол.) Diecezja drohiczyńska Праверана 15 кастрычніка 2015 г.
  8. ^ Parafia Prawosławna w Narwi (пол.) Gmina Narew. Oficjalna strona internetowa Праверана 15 кастрычніка 2015 г.
  9. ^ Synagoga (Narew) (пол.) Wirtualny sztetl Праверана 15 кастрычніка 2015 г.

Літаратура рэдагаваць