Міхаіл Іванавіч Брусьнёў (па-расейску: Михаил Иванович Бруснев; 25 студзеня [ст. ст. 13 студзеня] 1864, станіца Старажоўская, Кубанская вобласьць, Расейская імпэрыя — 1 ліпеня 1937, Ленінград, Ленінградзкая вобласьць, РСФСР, СССР) — расейскі рэвалюцыянэр.

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям’і кубанскага казака (харунжага).

Вучыўся ў Санкт-Пецярбурскім Тэхналягічным інстытуце, дзе заняўся прапагандай марксісцкіх ідэяў. У 1889 годзе стварыў групу, якая аб’яднала студэнтаў-марксістаў Тэхналягічнага, Ляснога, Горнага інстытутаў ды Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту (група Брусьнёва). У 1891 годзе заарганізаваў першае ў Расейскай імпэрыі сьвяткаваньне 1 траўня. У тым жа годзе пасьля заканчэньня інстытуту пераехаў у Маскву і ўладкаваўся працаваць ў Маскоўска-Брэсцкіх чыгуначных майстэрнях.

Група наладзіла сувязь з рэвалюцыйнымі гурткамі многіх гарадоў, у тым ліку Горадні і Вільні. Актыўным дзеячам групы быў ураджэнец Ліды М. В. Алюшкевіч, які пасьля арышту Брусьнёва ў 1892 годзе зрабіўся адным зь яе кіраўнікоў. Група мела цесныя сувязі з «Гуртком моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай», які складаўся са студэнтаў Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту. Празь яе кіраўніка А. Гурыновіча рабіла захады, каб набыць выданьні групы «Вызваленьне працы» (запрасіла больш за 880 асобнікаў кніг 230 назваў на расейскай, польскай і беларускай мовах).

У красавіку 1892 году быў арыштаваны і пасьля 4 гадоў турэмнага зьняволеньня адпраўлены ў ссылку ў Якуцкую вобласьць у Верхаянск. Застаючыся ў ссылцы, удзельнічаў у працы Расейскай палярнай экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Эдуарда Толя (1901—1903). 9 лютага 1901 году ён выехаў у Казач’е, а адтуль на Новасыбірскія выспы дзеля мэтэаралягічных назіраньняў. Склаў мапу выспы Новая Сыбір. У 1903 годзе капітан шхуны «Зара» Фёдар Матысэн назваў у ягоны гонар выспу ў бухце Ціксі. 14 студзеня 1904 году вярнуўся ў Верхаянск і адтуль выехаў у Пецярбург, дзе далучыўся да сацыял-дэмакратычнай групы «Саюз інжынэраў». У 1907 году быў у ліку выбаршчыкаў ў Дзяржаўную Думу ад «левага блёку».

У 1968 годзе на высьпе Брусьнёва ў памяць аб ім быў узьведзены помнік.

Творы рэдагаваць

  • Бруснев М. И. Возникновение первых социал-демократических организаций (воспоминания). // Пролетарская революция. № 2. 1923.

Літаратура рэдагаваць

  • Шапошников В. К земле неведомой. Повесть о Михаиле Брусневе. Москва. 1985.
  • Чарапіца В. М. Бруснева група. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 2. Мінск. 1994. С. 82.
  • Бруснева група. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 3. Мінск. 1996. С. 270.