Міха́сь Кавы́ль (сапраўднае імя Язэ́п Казімі́равіч Ле́шчанка; 1 сьнежня 1915[a], Покрашава, цяпер Слуцкі раён, Беларусь6 красавіка 2017, Саўт-Рывэр, Нью-Джэрзі, ЗША[1]) — беларускі паэт, празаік, крытык. Псэўданімы: В’юрок, Я. Ляшчына, Я. Маёвы.

Міхась Кавыль
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Язэп Лешчанка
Псэўданімы Міхась Кавыль, В’юрок, Я. Ляшчына, Я. Маёвы
Нарадзіўся 1 сьнежня 1915
Покрашава, Слуцкі павет, Расейская імпэрыя
Памёр 6 красавіка 2017 (101 год)
Саўт-Рывэр, Нью-Джэрзі, ЗША
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, перакладчык, грамадзкі дзяяч
Жанр проза, паэзія
Мова беларуская
Значныя творы «Міжагнёўе»
Творы на сайце Knihi.com

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся 1 сьнежня 1915 году ў вёсцы Покрашава Слуцкага павету (цяпер Слуцкі раён, Беларусь) у сялянскай сям’і. Акрамя Міхася ў сям’і было чацьвёра дзяцей, бацька загінуў у часе Першае сусьветнае вайны[2]. Вучыўся ў Грэскай сямігодцы, пасьля ў Грозаўскай, а потым зноў у Грэскай, якую скончыў у 1930 годзе. У 1930—1933 гадох вучыўся ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме імя Ўсевалада Ігнатоўскага (Менск). 23 лютага 1933 году арыштаваны і асуджаны на 3 гады зьняволеньня па справе «Беларускай народнай Грамады». Пакараньне адбываў на Далёкім Усходзе (4-е аддзяленьне Дальлагу). У 1935 годзе вызвалены. Пасьля вызваленьня вярнуўся дадому, але неўзабаве зьехаў (празь перасьлед НКУС). Жыў у Варонежы (1935—1941), дзе вучыўся ў пэдагагічным інстытуце, працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Камінтэрн», настаўнічаў.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі СССР на Ўкраінскім фронце. У 1942 годзе трапіў у палон, у 1943 годзе выпушчаны на волю, вярнуўся ў Менск. Скончыў прапагандысцкія курсы ў Вустраве пад Бэрлінам, на якіх рыхтавалі будучых кіраўнікоў Саюзу беларускае моладзі, працаваў у аддзеле прапаганды ў Менску.

З 1944 году на эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 году ў ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рывэры. Рэдактар першых трох нумароў газэты «Беларуская трыбуна», потым рэдактар не пазначаўся. У 1950-х году браў актыўны ўдзел у працы Беларускага кангрэсавага камітэту Амэрыкі (БККА). Быў віцэ-старшынём на Першым Кангрэсе беларусаў Амэрыкі (11 лютага 1951 году).

З падвоенага № 27—28 (1983) быў сталым рэдактарам часопісу «Беларуская думка», аднак, праз праблемы са здароўем рэдактарскія функцыі перайшлі да друкара і выдаўца часопісу Ж. Навумчыка.

Сумесна зь Янкам Золакам у 1958 годзе рэдагаваў літаратурна-мастацкі часопіс «Прыйсьце».

Творчасьць рэдагаваць

Друкавацца пачаў з 1929 году, быў сябрам «Маладняка». Друкаваў вершы, прозу, крытычныя артыкулы амаль ва ўсіх эмігранцкіх газэтах і часопісах, выдаў зборнікі паэзіі «Ростань», «Пад зорамі белымі», «Першая рана», «Цяжкія думы», а таксама том выбранага «Міжагнёўе» (1990).

Шырока выкарыстоўваў клясычныя формы верша, першы ў беларускай літаратуры стварыў вянок і карону санэтаў («Цяжкія думы», «Мярэжа», «Чорны лёд»). Тэматыка і праблематыка яго творчасьці найперш зьвязана з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй, мовай, культурай (вершы «Ростань», «Беларусь», «Беларусь б’е ў сэрцы», «Я душу нявыгойна параніў», «Менск», «Сакавіковая ноч», «Дзень той прыйдзе», «Кастусь Каліноўскі», «Бэнгалія», «Край красы», «Случчына», «Пагоня», «Прытокаю Случы», «Случчакі», «Памяці герояў», «Сыны Беларусі», «Слаўны мой род» і інш.).

Напісаны цыкл турэмных вершаў, а таксама вершы, прысьвечаныя рэпрэсаваным беларускім пісьменьнікам, сябрам-пісьменьнікам, зь якімі разам падзяляў пакуты выгнаньня. У глыбока зьмястоўных паэмах «Пад небам Случчыны каханай», «Міжагнёўе», «Непакорныя» апісаў лёс свайго пакаленьня і лёс Бацькаўшчыны.

Займаўся перакладамі, быў рэдактарам часопісу «Беларуская думка», пісаў публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, апавяданьні. У аўтабіяграфічным рамане «Із агню ды ў полымя» паказаў падзеі вайны на акупаванай Беларусі.

Бібліяграфія рэдагаваць

Літаратурныя рэдагаваць

  • Ростань: Вершы. — Рэгенсбург, 1947. — 44 с.[3]
  • На Парнасе // Беларуская інфармацыйная служба. — 1948. — № 21. — 1 верасьня. — С. 3—4.
  • Пад зорамі белымі: Вершы. —Ню-Ёрк: [выдавецтва Злучанага Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту ў Ню-Ёрку], 1954. — 70 с.
  • Першая рана. — Манчэстэр: выдавецтва Беларускага Вызвольнага Руху, 1960. — 41 с.
  • Цяжкія Думы: Санэты. — Саўт Рывэр: выданьне Беларуска-Амэрыканскага Дапамаговага Камітэту, 1961. — 61 с.
  • Лясная казка: [П’еса]. — Саўт Рывэр, 1967. — 6 с.
  • Міжагнёўе: Выбраныя творы. — Нью Ёрк: БІНІМ, 1990. — XXI, 343 с. — (Byelorussian Poets and Writers Series; № 4).
  • Мой шлях. — Grand Rapids, Mi.: «Беларускі Сьвет», 1991. — 10 с.
  • Вершы. / Укладаньне, прадмова, біяграфічны даведнік: Барыса Сачанкі // Туга па радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі : анталёгія. — Менск: Мастацкая літаратура, 1992. — С. 454—479. — ISBN 5-340-02086-6.
  • Міхась Кавыль. Выбранае / Лявон Юрэвіч — укладаньне, прадмова, пасьлямова; Натальля Гардзіенка — камэнтары. — Беласток: Фонд Kamunikat.org, 2023. — 404 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Спадчына: агледзіны). — ISBN 978-83-966576-8-8

Публіцыстычныя рэдагаваць

  • «Дзярлівая птушка» К. Акулы // Беларуская думка. — 1965. — № 8. — С. 8.
  • Казённы дом і казённая дарога // Запісы БІНІМ. — 1992. — № 20. — С. 65—101.
  • Мой адказ Рамановічу [Рыгору Крушыне] // Бацькаўшчына. — 1959. — № 1—2 (437—438). — С. 7[4].

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ У літаратуры, напр. даведніках Гардзіцкага і Маракова, сустракаецца памылковая дата нараджэньня — 1.11.1915, у энцыкляпэдыі «Беларускія пісьменнікі» у 6 т. у 3-м томе таксама памылкова — 1.2.1915 году. Праўдзівую дату 1.12.1915 пацьвярджае ўласнаручна запоўненая М. Кавылём анкета, альманах «Ля чужых берагоў» і зборнік «Міжагнёўе».

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Памёр пісьменнік Міхась Кавыль. Ён пражыў 101 год
  2. ^ Міхась Кавыль, «Мой шлях» // Беларускі Сьвет / Byelorussian World. — Нью-Ёрк: С. 4—12.
  3. ^ Printed with the permission of UNRRA team 906. Технічними засобами вид. С-ки «Украінське Слово». Druk: «Mittelbayerische Zeitung», Regensburg. Вокладка мастака М. Білінськага.
  4. ^ Адказ на артыкул К. Рамановіча «Думкі аб паэзіі»

Літаратура рэдагаваць