Мікола Чарнецкі (біскуп)

Біскуп, дабраславёны УГКЦ

Блаславёны Мікала́й Аляксандравіч Чарне́цкі, КНА (14 сьнежня 1884, в. Семакоўцы, Галічына, Аўстра-Вугоршчына, цяпер у Гарадэнкаўскім раёне на Івана-Франкоўшчыне, Украіна — 2 красавіка 1959, Львоў) — царкоўны дзяяч Украінскай грэка-каталіцкай царквы, доктар багаслоўя, біскуп, Апостальскі візытатар для вернікаў бізантыйска-славянскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі. Абвешчаны вызнаўцам і блаславёным сьвятамучанікам УГКЦ.

Мікалай Чарнецкі
Миколай Чарнецький
Мікалай Чарнецкі
Сьвяты
Нарадзіўся 14 сьнежня 1884
Памёр 2 красавіка 1959 (74 гады)
Шануецца Каталіцкая царква
Бэатыфікаваны 27 чэрвеня 2001 Папам Янам Паўлам II
Дзень памяці 2 красавіка
Падзьвіжніцтва біскуп, вызнаўца
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Мікола Чарнецкі.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся Мікола Чарнецкі ва ўкраінскай грэка-каталіцкай сям’і сялянаў Аляксандра і Параскевы. Быў старэйшым дзіцём у сям’і, якая акрамя яго мела яшчэ васьмёх дзяцей.

Пачатковую адукацыю і сярэднія класы скончыў у с. Таўмач, затым паступіў вучыцца ў гімназію сьв. Мікалая ў Станіслававе (сёньня Івана-Франкоўск). У гімназіі вылучаўся пабожнасьцю: шмат маліўся, часта хадзіў да споведзі і сьв. Прычасьця, шмат чытаў рэлігійных кніг. У юнацкім узросьце адчуў пакліканьне да духоўнага стану і паступіў у грэка-каталіцкую духоўную сэмінарыю ў Станіслававе.

Дзякуючы падтрымцы грэка-каталіцкага біскупа Рыгора Хамішына 1903 року Мікалай Чарнецкі быў накіраваны на студыі ў Рым, дзе ён цягам шасьці гадоў вывучаў багаслоўе і філязофію ў Папскім Рускім калегіюме сьв. Язафата, створаным пры грэка-каталіцкай царкве сьв. Сяргея і Вакха.

Падчас прыезду з Рыму на радзіму 2 кастрычніка 1909 году Станіслаўваўскі грэка-каталіцкі біскуп Рыгор Хамішын высьвяціў Мікалая Чарнецкага на сьвятара. Пасьля ўрачыстай прыміцыйнай багаслужбы ён вярнуўся ў Рым, каб працягнуць навучаньне. Скончыўшы сваю адукацыю ў Рыме, атрымаў ступень доктара багаслоўя. Увосені 1910 року вярнуўся ў Станіславаў выкладаць філязофію і дагматыку ў мясцовай грэка-каталіцкай сэмінарыі, выконваючы пастырскае служэньне духаўніка сэмінарыстаў.

У пачатку 1918 году сэмінарыю ў Станіслававе наведалі галяндзкія манахі-місіянэры з Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў — а. Ёзаф Схрэйверс і а. Ёзаф Бала. Даведаўшыся пра харызму гэтай манаскай супольнасьці, якая толькі разгортвала сваю дзейнасьць у Галічыне ў бізантыйскім абрадзе, ён вырашыў уступіць у гэтую Кангрэгацыю. У кастрычніку 1919-га а. Мікалай Чарнецкі ўступіў у навіцыят рэдэмптарыстаў у Збоісках паблізу Львова, а праз год, 16 кастрычніка 1920 году, склаў свае першыя манаскія зарокі.

У 1926 року рэдэмптарысты Львоўскай правінцыі адчынілі свой місіянэрскі цэнтар у месьце Ковелі на Валыні з мэтаю пашырэньня сярод мясцовых праваслаўных ідэяў уніі. Ераманаха Мікалая Чарнецкага царкоўныя ўлады накіравалі ў манастыр і царкву рэдэмптарыстаў у Ковель для місійнага служэньня.

Як руплівага прапаведніка-місіянэра і добра адукаванага сьвятара папа Пій XI у 1931 г. прызначыў яго біскупам тытулярным Лебэда і Апостальскім візытатарам для вернікаў бізантыйска-славянскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі (па-за межамі Галіцкай мітраполіі). Яго архірэйская хіратонія адбылася 2 лютага 1931 у Рыме. Сядзібай Апостальскага візытатара была спачатку варшава, а потым манастыр у Ковелі. Як Апостальскі візытатар біскуп Мікалай Чарнецкі неаднаразова наведваў і правіў архірэйскую літургію ў многіх беларускіх ўніяцкіх парафіях і мясцовасьцях Заходняй Беларусі: у Вільні, у Пінску і Янаве, Альбярціне пад Слонімам, у Альпені і Гарадной (Столінскі р-н), у Бабровічах і Целяханах (Івацэвіцкі р-н) і інш.

З прыходам бальшавіцкай улады рэдэмптарыстаў выгналі з Валыні, а разам зь імі і ўладыку Мікалая Чарнецкага. Таму ён быў вымушаны пасяліцца ў манастыры рэдэмптарыстаў у Львове. У верасьні 1939-га мітрапаліт Галіцкі Андрэй Шаптыцкі прызначыў біскупа Мікалая Чарнецкага Апостальскім экзархам Валыні і Падляшша. На падставе паўнамоцтваў, наданых мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму папам Піем Х у 1908 годзе, быў заснаваны Беларускі экзархат Грэка-Каталіцкай Царквы. Часовым кіраўніком Беларускага экзархату ГКЦ мітрапаліт Шаптыцкі прызначыў біскупа Мікалая Чарнецкага. З 9 кастрычніка 1939 па 9 верасьня 1940 ён выконваў абавязкі Апостальскага экзарха для беларускіх грэка-католікаў.

11 красавіка 1945 году біскупа Мікалая Чарнецкага арыштавалі савецкія ўлады. Спачатку трымалі ў турме ў Львове, затым перавялі ў Кіеў. Праз 12 месяцаў у вязьніцах МГБ як «агенту Ватыкана» яму абвясьцілі вырак: 10 гадоў лягкраў у зоне ўзмоцненага рэжыму. Спачатку Мікалая Чарнецкага разам з мітрапалітам ГКЦ Ёсіфам Сьліпым адправілі ў сыбірскае мястэчка Марыінская Кемераўскай вобласьці, а пазьней яго часта пераводзілі з адной зоны ў іншую.

За час свайго зьняволеньня (ад арышту ў Львове ў красавіку 1945 года да вызваленьня ў 1956 годзе) біскуп Чарнецкі адбыў каля 600 гадзінаў допытаў і катаваньняў, пабываў у 30 розных турмах і лягерах. Нягледзячы на фізычныя і душэўныя пакуты, уладыка заўсёды знаходзіў слова суцяшэньня для сукамернікаў, духоўна падтрымліваў іх, кожнага ведаў па імені. Нядзіўна, што да Мікалая Чарнецкага заўсёды цягнуліся няшчасныя, бо ў яго знаходзілі суцяшэньне.

Апошнія гады свайго зьняволеньня Мікалай Чарнецкі правёў у турэмным шпіталі ў Мардовіі. У 1956 годзе стан здароўя яго настолькі пагоршыўся, што лекары нават не пакідалі надзеі на яго выжываньне. Лягернае кіраўніцтва лічыла яго безнадзейна хворым, таму вырашыла адправіць уладыку ў Львоў, каб ніхто ня змог абвінаваціць савецкую ўладу ў сьмерці грэка-каталіцкага біскупа. У Львове давялося адразу легчы ў больніцу, дзе празь нейкі час ён трохі ачуняў. У Львове ўладыка Мікалай працягваў сваё апостальства малітвы і цярпеньня. У адасобленым пакоі, як у кельлі, маліўся і чытаў, духоўна падтрымліваў сваіх субратоў у манастве, рыхтаваў кандыдатаў да сьвятарства, высьвяціў больш за дзесяць сьвятароў. 2 красавіка 1959 году біскуп Мікалай Чарнецкі памёр у Львове.

Бэатыфікацыя рэдагаваць

Працэс бэатыфікацыі пачаты ў 1960 року з увагі на сьведчаньне праведнага жыцьця Мікалая Чарнецкага, у прыватнасьці ягоную вытрываласьць, мужнасьць і вернасьць Хрыстовай веры, выяўленыя ў часе перасьледаваньняў. Працэс завяршыўся 2 сакавіка 2001 року, пасьля чаго справа перададзеная Апостальскаму Стальцу.

24 красавіка 2001 року Папа Ян Павал ІІ падпісаў дэкрэт пра бэатыфікацыю япіскапа Мікалая Чарнецкага як дабраславёнага мучаніка за Хрыстовую веру. 27 чэрвеня 2001 з удзелам Яна Паўла ІІ адбыўся працэс бэатыфікацыі Мікалая Чарнецкага.

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

У роднай вёсцы Міколы Чарнецкага, Семакоўцах, збудаваны храм, асьвечаны ў ягонае імя, а таксама храмы ў Львове, Золачаве, Стрыю, Підгірцах Львоўскай вобл., Ковелі Валынскай вобл.

Ягоным імем названы Вышэйшы духоўны інстытут імя блаславёнага Мікалая Чарнецкага Львоўскай правінцыі Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля УГКЦ.

Літаратура рэдагаваць

  • Енциклопедія Українознавства : Словникова частина : [в 11 т.] / Наукове товариство імені Шевченка; Гол. ред. проф., д-р В. Кубійович. — Париж; Нью-Йорк; Львів: «Молоде життя», 1991—2003.  (укр.)
  • * Леся Межва. Митра упала додолу. Це був поганий знак // Газета по-українськи. — 2015. — 6 січ. — С. 19.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць