Мікола Лобан

беларускі пісьменьнік і мовазнавец

Мікола Паўлавіч Лобан (27 кастрычніка 1911, в. Чапліцы, Слуцкі павет, Менская губэрня — 28 сьнежня 1984) — беларускі пісьменьнік і мовазнавец.

Мікола Лобан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 кастрычніка 1911(1911-10-27)
Памёр 28 сьнежня 1984(1984-12-28)[1] (73 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, пісьменьнік

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся 27 кастрычніка 1911 году ў в. Чапліцы Слуцкага павету Менскай губэрні ў сялянскай сям’і. У 1926 годзе скончыў сямігадовую школу ў Слуцку і стаў працаваць у роднай вёсцы паштальёнам і бібліятэкарам[2].

У 1931 годзе скончыў двухгадовыя пэдагагічныя курсы ў Слуцку . Працаваў настаўнікам у вёсках Пласток, Таль на Любаншчыне (1931—1934), у мястэчку Шацак Пухавіцкага раёну, вёсцы Пярэжыр Рудзенскага раёну. У 1939 годзе паступіў на філялягічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Т. Р. Шаўчэнкі, праз год перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Падчас нямецка-савецкай вайны ваяваў на Волхаўскім фронце. Быў двойчы паранены, дэмабілізаваны ў 1942 годзе. Адзін год выкладаў расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў пасёлку Келераўка ў Казахстане, ізноў вучыўся ў БДУ, які скончыў у 1945 годзе.

У 1944—1967 гадох — навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР, у 1967—1968 гадох — загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя», у 1968—1978 гадох — ізноў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа — загадчык сэктару, навуковы супрацоўнік. Кандыдат філялягічных навук. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1950 году.

Памёр 28 сьнежня 1984 году.

Творчасьць рэдагаваць

Дэбютаваў апавяданьнем у 1930 годзе. Аўтар аповесьці «Іркуцянка» (1953).

У трылёгіі «На парозе будучыні» (1964), «Гарадок Устронь» (1970), «Шэметы» (1981) праз выразныя і каларытныя чалавечыя характары адлюстраваў пераломныя пэрыяды ў гісторыі краіны з пачатку ХХ ст. (рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя, барацьба супраць фашызму падчас нямецка-савецкай вайны). Паказаў вясковае жыцьцё ў яго разнастайных, асабліва сацыяльна-бытавых праявах, перадаў складаныя і супярэчлівыя тэндэнцыі часу, ім створана разгалінаванае, напоўненае ўнутраным драматызмам сюжэтнае дзеяньне, трапна выкарыстана жывая народная мова, экспрэсіўна-выяўленчыя магчымасьці дыялектнага слова, характэрны стрыманы, лаканічна-дзелавы стыль.

Аўтар апавяданьняў, мовазнаўчых дасьледаваньняў, эсэ і крытычных артыкулаў па праблемах пісьменьніцкага майстэрства, псыхалёгіі творчасьці. У 1984 годзе выйшла кніга артыкулаў і эсэ «Пяць раніц тыдня». У 1986 годзе выйшлі выбраныя творы ў трох тамах.

Адзін са складальнікаў «Правілаў беларускай артаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Артаграфічнага слоўніка» (з М. Р. Суднікам, 1948, 1961, 6-е выд. перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), «Расейска-беларускага слоўніку» (1953), «Беларуска-расейскага слоўніку» (1962), кіраваў падрыхтоўкай «Тлумачальнага слоўніку беларускай мовы» ў пяці тамах (1977—1984, рэдактар т. І).

Пераклаў аповесьць М. Горкага «У людзях» (з Э. Агняцьвет, 1952).

Узнагароды рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Менск, Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Лобан Мікола // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Менск, БелЭн, 1992—1995.