Музэй-дача Васіля Быкава

мэмарыяльны музэй у Ждановічах (Беларусь)

Музэ́й-да́ча Васіля́ Бы́кава — філія Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры, адчынены 19 чэрвеня 2014 року да 90-годзьдзя пісьменьніка. Мэмарыяльны музэй створаны на лецішчы В. Быкава ў Ждановічах-6 (Менская вобласьць, Менскі раён, Ждановічы, вул. Вінаградная, д. 62), якое было бязвыплатна перададзена ўдавой Ірынай Міхайлаўнай Быкавай дзяржаве (стварэньню музэю паспрыяў былы міністар культуры Павал Латушка).

Музэй-дача Васіля Быкава
Філія Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры
Месцазнаходжаньне ЖдановічыБеларусь
Адрас вул. Вінаградная, д. 62
Тэматыка калекцыі Мэмарыяльны музэй
Створаны 19 чэрвеня 2014 г.
Геаграфічныя каардынаты 53°58′14″ пн. ш. 27°27′31″ у. д. / 53.97056° пн. ш. 27.45861° у. д. / 53.97056; 27.45861Каардынаты: 53°58′14″ пн. ш. 27°27′31″ у. д. / 53.97056° пн. ш. 27.45861° у. д. / 53.97056; 27.45861
Музэй-дача Васіля Быкава на мапе Беларусі
Музэй-дача Васіля Быкава
Музэй-дача Васіля Быкава
Музэй-дача Васіля Быкава

Музэй-дача дае ўяўленьне пра дачны побыт творцы ў 1985—1998, пра тое, якім В. Быкаў быў у штодзённым жыцьці. Таксама ў музэі захоўваюцца карціны, створаныя ўласнаручна В. Быкавым; малюнкі; чарнавікі; ліст А. Твардоўскага да Быкава; кнігі з аўтографамі і карціны, падораныя Васілю й Ірыне Быкавым сябрамі.

Музэй працуе з 12:00 да 18:00 зь серады па нядзелю (травень-кастрычнік).

Экспазыцыя рэдагаваць

У хаце, куды В. Быкаў са сваёй жонкай Ірынай Міхайлаўнай прыяжджалі ў вольны час з 1985 па 1998, разьмешчаная мэмарыяльная экспазыцыя: супрацоўнікі музэю імкнуліся пакінуць усё так, як было пры жыцьці Васіля Ўладзімеравіча. Мэбля, прадметы побыту, сувэніры. Карціны, падораныя Васілю Быкаву й Ірыне Міхайлаўне. Сярод іх, напрыклад, працы В. Славука, В. Дударэнкі, Н. Паплаўскай. Усе гэтыя рэчы, як і сам дом у Ждановічах, удава пісьменьніка бязвыплатна аддала дзяржаве ў 2012 року з умовай, што тут будзе створаны музэй.

У гасьцявым пакоі, дзе стаяць крэслы і прайгравальнік, ляжаць кружэлкі зь вершамі Я. Купалы, Я. Коласа, А. Твардоўскага, а таксама з музыкай суседа па лецішчы — Ігара Лучанка.

Маленькая кухня ў традыцыйным савецкім стылі. З адметнага: гародніна, садавіна і ягады на сьцяне — усё справа рук пісьменьніка. Вядома, што мастацкія схільнасьці ў В. Быкава выявіліся яшчэ ў дзяцінстве, калі маляваў для школы насьценгазэты і браў урокі ў вясковага прафэсіянала Бобрыка. Пазьней жа паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню, дзе правучыўся год і быў вымушаны кінуць з прычыны скасаваньня стыпэндыі.

У гаражы пісьменьніка, дзе некалі стаяла белая «Волга», апрача інструмэнтаў, кніг для аўтааматараў, вэлясіпэду Ірыны Міхайлаўны, разьмешчаная экспазыцыя з дасьціпных малюнкаў, зьвязаных з «аўтамабільным» жыцьцём клясыка, а таксама мапа «Дарогі Васіля Быкава», дзе пазначаныя ўсе краіны, у якіх пабываў пісьменьнік, і павялічаныя копіі мапаў, створаных самім В. Быкавым.

У кабінэце Васіля Ўладзімеравіча захоўваюцца кнігі: многія з аўтографамі (іх дарылі пісьменьніку).

Пакой Ірыны Міхайлаўны Быкавай, як і кабінэт ейнага мужа, невялікі. На стале дыктафон тых часоў: Ірына Міхайлаўна — прафэсійны журналіст.

На мансардзе можна пабачыць карціны пісьменьніка: «Дачу», «Бацькоўскую хату» і «Лужыну». Таксама карціну «Восеньскі настрой», якую У. Караткевіч падарыў В. Быкаву на шасьцідзесяцігодзьдзе.

Галерэя рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Музэй-дача Васіля Быкавасховішча мультымэдыйных матэрыялаў