Мо́ўная но́рма — сукупнасьць агульнаўжываных моўных сродкаў, абумоўленая гістарычна, а таксама правілы іх адбору і выкарыстаньня, якія прызнаюцца грамадзтвам найбольш прыдатнымі ў канкрэтны гістарычны пэрыяд. Норма зьяўляецца адной з істотных уласьцівасьцяў мовы, якія забясьпечваюць яе функцыянаваньне і гістарычную пераемнасьць за кошт уласьцівай ёй устойлівасьці, якая, у сваю чаргу, не выключае магчымай варыянтнасьці моўных сродкаў і заўважнай гістарычнай зьменлівасьці, паколькі норма прызначаная, з аднаго боку, захоўваць маўленчыя традыцыі, а зь іншага — задавальняць актуальным і зьменлівым патрэбам грамадзтва[1]. Прыватным выпадкам моўнай нормы зьяўляецца літаратурная норма[2].

Моўная норма фіксуецца ў нарматыўных слоўніках і граматыках. Значную ролю ў распаўсюджаньні і захаваньні нормаў граюць мастацкая літаратура, тэатар, школьная адукацыя і СМІ[2].

Моўныя нормы адлюстроўваюць самыя характэрныя рысы нашай мовы, абавязковыя для ўсіх, хто карыстаецца ёю. Дзякуючы нормам дасягаецца адзінства мовы, разуменьне паміж людзьмі ў працэсе моўных зносінаў.

Тыпы моўных нормаў рэдагаваць

  • Лексычныя нормы. Яны патрабуюць ужываць словы, засьведчаныя слоўнікамі; абмяжоўваць выкарыстаньне без стылістычных мэтаў вузкарэгіянальных дыялектызмаў; выключаць са сфэры літаратурнага ўжываньня вульгарныя і жаргонныя словы.
  • Граматычныя нормы. Яны вызначаюць ужываньне формы слова і спалучэньня словаў у словазлучэньнях і сказах.
  • Артаграфічныя нормы. Яны акрэсьліваюць правілы перадачы на пісьме вуснай мовы.
  • Артаэпічныя нормы. Яны патрабуюць аднастайнага вымаўленьня гукаў і іх спалучэньняў у словах.

Літаратура рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Норма языковая // Российский гуманитарный энциклопедический словарь
  2. ^ а б Семенюк Н. Н. Норма языковая // БСЭ