Менская конка

грамадзкі транспарт Менску, які дзейнічаў у 1892—1928 гадах

Менская конка — грамадзкі транспарт Менску, які дзейнічаў у 1892—1928 гадах.

Менская конка
Агульныя зьвесткі
Уласьнік Андрэй Гарчакоў
Месцазнаходжаньне Менск
Колькасьць лініяў 3
Штаб-кватэра дэпо на Пецярбурскай вуліцы
Дзейнасьць
Пачатак дзейнасьці 10 траўня 1892 (131 год таму)
Сканчэньне дзейнасьці 1928 год
Апэратар(ы) акцыянэрнае таварыства
Колькасьць сродкаў руху звыш 20 вагонаў (1897 год)
Даўжыня цягніку 1 вагон
Парамэтры
Працягласьць маршруту 7 км (сярэдзінны маршрут)
Сярэдняя хуткасьць 5 км/гадзіна

Налічвала 3 маршруты: 1) між Берасьцейскім і Віленскім вакзаламі; 2) сярэдзінны працягласьцю 7 км ад Віленскага вакзала да Саборнай плошчы, які ішоў па Пецярбурскай, Каломенскай, Захар'еўскай і Губэрнатарскай вуліцах; 3) ад Раманаўскай Слабады да Залатой Горкі. Пазьней зьявілася адгалінаваньне да бровара Фрумкінай. У выніку Менская конка зьвязвала цэнтар места з вакзаламі і прадмесьцямі. Вагон з 20 сядзеньнямі цягнулі 2-3 кані. На крутым пад’ёме па Гандлёвай вуліцы ад Сьвіслачы да Высокага Рынку запрагалі дадатковых коней. Фурман пастаянна званіў, каб пешаходы ня трапілі пад капыты і колы. Кандуктар забясьпечваў паяжджанаў квіткамі і знаходзіў ім вольныя сядзеньні. Гімназісты і школьнікі па льготных квітках езьдзілі стоячы. Цягам усіх 35 год існаваньня конкі цана праезду складала 3-6 капеек, што было па кішэні для рамесьнікаў, студэнтаў і чыноўнікаў. Дагэтуль рамізьнікі за развоз у экіпажы бралі 15 капеек за паездку па цэнтры, 30 капеек — ад цэнтру да Віленскага вакзала, 55 капеек — з Камароўкі да Берасьцейскага вакзала. Конка хадзіла да 11-й гадзіны вечару. Стайні і вагоннае дэпо месьціліся на Пецярбурскай вуліцы. Хуткасьць складала каля 5 кілямэтраў за гадзіну[1].

Гісторыя рэдагаваць

У 1890 годзе ў Менску пабудавалі 2-і чыгуначны вакзал — Віленскі вакзал, які абслугоўваў Лібава-Роменскую чыгунку. Паяжджанам даводзілася пешшу з торбамі і кайстрамі пераходзіць да Берасьцейскага вакзала, які абслугоўваў Маскоўска-Берасьцейскую чыгунку і месьціўся каля «Таварнай» станцыі. Яшчэ ў 1888 годзе кіраўніцтва будаванай чыгункі прапанавала мескай уладзе пракласьці ведамасную конку між вакзаламі. У адказ улады Менску заключылі пагадненьне аб стварэньні агульнамескай конкі з прадпрымальнікам Андрэем Гарчаковым з Санкт-Пецярбургу. Паводле пагадненьня, конка заставалася ва ўласнасьці створанага ім акцыянэрнага таварыства цягам 25 гадоў. 10 траўня 1892 году па вуліцах Менску пусьцілі першы вагон на рэйках, запрэжаны коньмі. За 5 гадоў да конкі ў Менску зьявіліся конныя амнібусы на 15 чалавек. У 1897 годзе Менская конка мела 91 каня і звыш 20 вагонаў, зь іх 7 адкрытых летніх бяз шкла. У 1899 годзе адбылася безвыніковая стачка фурманаў, якія патрабавалі 8-гадзіннага працоўнага дня і сэзоннага адзеньня. У 1904 годзе зьявіліся абавязковыя прыпынкі. У 1905 годзе ў ходзе рэвалюцыі фурманы конкі пачалі хваляваньні. Тады ўласьнік наняў новых, але менчукі байкатавалі конку. У выніку на працу вярнулі ранейшых работнікаў. У 1912 годзе конка перайшла ў мескую ўласнасьць. У 1918—1921 гадах конка прыпыніла працу ў выніку ўварваньня расейскіх бальшавікоў. 13 кастрычніка 1929 году па маршрутах конкі, якая спыніла існаваньне годам раней, пусьцілі Менскі трамвай[1].

Музэй рэдагаваць

3 сакавіка 2017 году ў Цэнтральным раёне Менску па вуліцы Кірылы і Мятода, д. 6а адчынілі музэй «Менская конка». У музэі разьмясьцілі рэканструкцыю коннага вагона і канторы конкі, а таксама дыяраму дэпо[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Дыяна Серадзюк. Тут калісьці бразгала конка // Зьвязда : газэта. — 19 кастрычніка 2013. — № 198 (27563). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Менская конка (рас.) // Музэй гісторыі горада Менска, 2019 г. Праверана 10 верасьня 2019 г.