Марыя Іяанна Велёпольская

Марыя Іяанна Велёпольская (часам Марыя-Іяанна Велёпольская; па-польску: Maria Jehanne Wielopolska; 16 лютага 1885, Сухадол, Кіеўшчына, Расейская імпэрыя ― памерла ў 1940 альбо ў СССР, альбо ў нямецкім лягеры) ― польская пісьменьніца, драматургіня, публіцыстка і літаратурная крытыца.

Марыя Іяанна Велёпольская
Maria Jehanne Wielopolska
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Maria-Jehanne (Joanna) z Colonna–Walewskich
Нарадзілася 16 лютага 1885
Сухадол, Кіеўшчына, Расейская імпэрыя
Памерла 1940(1940)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Пісьменьніца, публіцыстка
Гады творчасьці 1904-1940
Жанр Навэля, апавяданьне
Мова Польская
Дэбют 1904
Значныя творы Pani El. Cykl nowoczesny (1911), Kryjaki (1913), Faunessy. Powieść dzisiejsza (1913)
Узнагароды
мэдаль Незалежнасьці афіцэр ордэна Адраджэньня Польшчы залаты Акадэмічны ляўр Cross of the 70th anniversary of the January Uprising

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзілася ў шляхецкай сям’і Антона Калённа-Валеўскага і Сабіны Карыткі. Яна не атрымала сыстэматычнай адукацыі, а самастойна авалодвала ведамі па літаратуры, філязофіі, гісторыі, рэлігіі.

У 1902 г. выйшла замуж за шляхціца Конрада Велёпольскага і пасялілася ў Львове, дзе ўдзельнічала ў мастацкім і літаратурным жыцьці польскай грамадзкасьці, наведвала лекцыі ў Львоўскім унівэрсытэце[1].

Была атэісткай, у палітыцы прытрымлівалася сацыялісцкай пазыцыі, што знайшло адлюстраваньне ў шматлікіх артыкулах і аповесьці «Крыякі», дзе крытычна ацэньвалася роля клерыкальных колаў у Студзеньскім паўстаньні. Дзякуючы свайму паходжаньню і творчасьці атрымала мянушку «Чырвоная графіня». Другі раз выйшла замуж за Ежы Стжэмя-Яноўскага[1].

Падчас Першай сусьветнай вайны працавала ў санітарнай службе Першай брыгады польскіх легіёнаў. Была інтэрнаваная ў Вугоршчыну. Увесну 1919 г. падчас украінска-польскай барацьбы за Галічыну была арыштаваная і зьняволеная. Гэта паўплывала на ейнае крытычнае стаўленьне да ўкраінцаў, адлюстраванае ва ўспамінах «Gontowszczyzna. Wspomnienia z rebelii ukraińskiej w Małopolsce Wschodniej» (1925)[1].

Пасьля вайны жыла ў Познані і апублікавала шэраг твораў, якія прынесьлі ёй прызнаньне як пісьменьніцы. У 1928 годзе пераехала ў Варшаву, разьвёўшыся з сваім другім мужам. Актыўна друкавалася ў варшаўскім і познаньскім друку[2].

Яна была прыхільніцай Юзафа Пілсудзкага і пасьля травеньскага замаху на яго практычна кінула пісаць і занялася палітычнай журналістыкай у падтрымку маршала. Яна славілася надзвычай вострым языком[2].

Да ўсяго сымпатызавала жаночаму руху і жаночай эмансыпацыі — вызначала сябе як фэміністка. Аднойчы падчас публічнай акцыі на магіле Невядомаму салдату яна спытала: «А дзе магіла Невядомай маці, той, што нарадзіла салдата і адпусціла яго на вайну?»[3]. Пасьля сьмерці яе часта называлі «прабабкай польскай жаночай рэвалюцыі»[4].

Загінула ў 1940 годзе пры нявысьветленых абставінах. Верагодна, загінула ў савецкім ці нямецкім канцлягеры[5].

Творчасьць рэдагаваць

Дэбютавала ў 1904 годзе з драмай «Сьцярвятнік», пастаўленай аматарскім экспэрымэнтальным незалежным тэатрам. Пасьля гэтага друкавала навэлі і аповесьці[6].

Асаблівую славу пісьменьніцы прынесла аповесьць «Крыякі» (1913). Мастацкую своеасаблівасьць вызначаюць празаічныя зборнікі «Пані Эль. Сучасны цыкаль» (1911), «Туркаўкі» (1915), аповесьці «Фаўнэсы» (1913) і «Фэміна. Мэлядраматычная аповесьць» (1924). У навэлях і аповесьцях пісьменьніца стварала «новую жанчыну»: моцную, ганарлівую, адукаваную, разьняволеную, якая пачувалася на роўных з мужчынам. За свае фэмінісцкія навэлі была прыцягнутая да суду за парнаграфію, блюзьнерства і «камуністычныя тэндэнцыі», а ў Польскім Каралеўстве быў канфіскаваны ўвесь наклад «Пані Эль»[7].

Акрамя мастацкіх кнігаў у даробоку пісьменьніцы ёсьць кнігі дакумэнтальныя: пра Ю. Пілсудзкага «Шляхамі камэнданцкіх турмаў» (1935) і «Маршал у штодзённым жыцьці» (1937) і даведнік па Варшаве «Сталіца Польшчы: даведнік па экскурсіях на адзін, два і тры дні» (1939)[6].

Творы рэдагаваць

  • Sęp, Warszawa 1904.
  • Pani El. Cykl nowoczesny, Kraków 1911.
  • Faunessy. Powieść dzisiejsza, Wydawnictwo Księgarni Literackiej, Kraków 1913.
  • Kryjaki, 1913.
  • Synogarlice. Nowele, Warszawa-Kraków 1915.
  • Kontryfałowe lichtarze u św. Agnieszki. Nowele, Warszawa 1922.
  • Femina. Opowieść melodramatyczna, Poznań 1924.
  • Gontowszczyzna. Wspomnienia z rebelii ukraińskiej w Małopolsce Wschodniej, Poznań 1925.
  • Danina, Przemyśl 1925.
  • Braterstwo ludów. Rzecz o dziele nieświadomości, Wydawnictwo Płomień Książnicy Naukowej w Przemyślu 1926.
  • Trzyaktowa bajka z 1001 nocy o powojennej prozie, Poznań 1927.
  • Józef Piłsudski w życiu codziennym, 1936.
  • Obyczaje towarzyskie, Lwów 1938.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в Słownik Współczesnych Pisarzy Polskich, red. E. Korzeniewska, Warszawa 1964, s. 462-465.
  2. ^ а б Baranowska Agnieszka, Lady Paradox, w: Perły i potwory. Szkice o literaturze międzywojennej, Warszawa 1986, s. 44-71.
  3. ^ Katarzyna Kazimirska, Maria Jehanne Wielopolska – twórczyni postaci „nowej kobiety”, 8 Marca 2022, Zwierciadlo.pl, https://zwierciadlo.pl/kultura/retro/234044,1,umberto-eco--zawsze-w-cieniu-swoich-ksiazek.read
  4. ^ Jaworska Monika, Prababka polskiej rewolucji kobiecej — Maria Jehanne Wielopolska, w: Akant. R.10, nr 12 (2007), s. 22-23.
  5. ^ Człowiek znika bez śladu, [w:] Herminia Naglerowa, Wspomnienia o pisarzach. Londyn. 1960,. с. 66.
  6. ^ а б Мажец, Люцина. (2018). Марія-Йоанна Вєльопольська// Модерністки. Антологія польської жіночої прози міжвоєнного періоду/ укладачі Оля Гнатюк, Катажина Котинська, Івона Борушковська. (українською). Львів: Вид-во Старого Лева. с. 54–55.
  7. ^ Katarzyna Kazimirska, Maria Jehanne Wielopolska – twórczyni postaci „nowej kobiety”, 8 Marca 2022, Zwierciadlo.pl, https://zwierciadlo.pl/kultura/retro/234044,1,umberto-eco--zawsze-w-cieniu-swoich-ksiazek.read