Мары́йцы (саманазва: марий, мары, маре, мӓрӹ) — адзін зь фіна-вугорскіх этнасаў, які традыцыйна пражывае ў Расеі ўздоўж рэк Волга й Кама. Прыкладна палова сучасных марыйцаў цяпер пражывае ў Рэспубліцы Марый Эл, існуюць значныя паселішчы таксама ў Татарстане й Башкартастане.

Марыйцы
Колькасьць каля 600 тысячаў
Рэгіёны пражываньня Расея — каля 547 605 чал. (2010)[1]
Казахстан — 4416 чал. (2009)[2]
Украіна — 4130 чал. (2001)[3]
Беларусь — 416 чал. (2009)[4]
Латвія — 277 чал.[5]
Эстонія — 234 (2011)[6]
Мовы марыйская, расейская мовы
Рэлігія расейскае праваслаўе, марыйская традыцыйная рэлігія
Блізкія этнасы іншыя фіна-вугорскія народы

Марыйцы падзяляюцца на тры асноўныя субэтнічныя групы: лугавыя марыйцы, якія пражываюць на левым беразе Волгі, горныя марыйцы (правы бераг ракі) і ўсходнія марыйцы — апошнія пражываюць у Башкартастане; акрамя гэтых найбуйнейшых групаў існуюць меншыя, якія пражываюць навокал рэгіёнаў буйнейшых. Згодна са зьвесткамі перапісу насельніцтва ў Расеі 2002 году 604 298 чалавек вызначылі сваю прыналежнасьць да марыйцаў, зь іх 18 515 адзначылі сваю прыналежнасьць да горных марыйцаў, 56 119 — усходнія. Амаль 60% марыйцаў пражывае ў сельскай мясцовасьці[7].

Этнагенэз рэдагаваць

У раньнежалезным веку ў Волга-Кам’і склалася ананьнінская археалягічная культура (VIII—III стагодзьдзі да н. э.), носьбіты якой зьяўляліся продкамі такіх фіна-вугорскіх народаў як комі-зыране, комі-пермякі, удмурты й марыйцы. Пачатак фармаваньня гэтых народаў прыпадае на першую палову І тыс. н. э.

Рэгіён фармаваньня марыйскіх плямёнаў — правабярэжжа Волгі між вусьцямі рэк Сура й Цывіль ды супрацьлеглае левабярэжжа разам зь ніжнім Павятлужжам. Аснову марыйцаў склалі нашчадкі ананьнінцаў, якія зазналі этнічны й культурны ўплыў позьнегарадзецкіх плямёнаў — продкаў мардвы. З гэтага рэгіёну продкі марыйцаў расьсяляліся ва ўсходнім кірунку да ракі Вятка і ў паўднёвым да паўднёвага ўсходу сучаснай Кіраўскай вобласьці.

Мова рэдагаваць

Асноўныя артыкулы: марыйская мова і горнамарыйская мова

У асяродзьдзі марыйцаў гістарычна распаўсюджаная марыйская мова, якая належыць да фіна-волскае групы фіна-вугорскае галіны ўральскае сям’і моваў. Сучасныя лінгвісты вылучаюць чатыры асноўныя дыялектныя групы — луговамарыйскую, горнамарыйскую, усходнюю й паўночна-заходнюю. Носьбіты луговамарыйскай засяроджаныя ў раўнінах рэк Какшага й Волга, у тым ліку ў горадзе Ёшкар-Ала — сталіцы Марый Эл; горнамарыйская — у асноўным уздоўж правага берагу Волгі; усходняя — на ўсход ад ракі Вятка[8]. Найбуйнейшыя паводле колькасьці носьбітаў дыялектныя групы — лугова- й горнамарыйская, часам лічацца ў якасьці асобных моваў. Гэтыя дзьве дыялектныя групы маюць уласныя літаратурныя стандарты, разьвіцьцё якіх у адасобленым выглядзе пачалося яшчэ ў ХІХ ст.

Паводле зьвестак расейскага перапісу насельніцтва 2002 году марыйскімі мовамі (мовай) валодаюць 487 855 чалавек, у тым ліку луговамарыйскай — 451 033 чал., горнамарыйскай — 36 822 чал., пры гэтым носьбіты луговамарыйскае мовы такім чынам складаюць 92,5% ад носьбітаў усіх марыйскіх моваў. Сярод 604 298 марыйцаў Расеі марыйскімі мовамі валодае 464 341 чал. (76,8%), расейскай — 587 452 (97,2%), што сьведчыць пра шырокае распаўсюджаньне білінгвізму ў марыйцаў[9][10]. З 312 195 марыйцаў у Марый Эл марыйскімі мовамі валодаюць 262 976 чал. (84,2%), у тым ліку луговамарыйскай — 245 151 (93,2%), горнамарыйскай — 17 825 (6,8%), расейскай — 302 719 (97,0%, 2002 г.)[11][12].

Да луговамарыйскіх дыялектаў прымыкаюць гаворкі ўсходніх марыйцаў і паўночна-заходнія гаворкі. Граматычна марыйскія мовы збліжаюцца зь іншымі фіна-вугорскімі мовамі, у фанэтыцы — не ўласьцівы іншым фіна-вугорскім мовам сынгарманізм, асабліва разьвіты ў горнамарыйскай мове; лексычны склад адзначаецца запазычваньнямі арыйскага паходжаньня эпохі да н. э., а таксама булгарскага (з VII ст. н. э.), якія ўзьнікалі ў сувязі з кантактамі з адпаведнымі этнасамі. З VIII ст. — уплыў цюрскіх моваў, з ХІІІ ст. — расейскай, з захаваньнем асноўных фіна-вугорскіх рысаў[8].

Першая пісьмовасьць для марыйскае мовы складзеная на аснове кірыліцы ў XVI ст. зь місіянэрскімі мэтамі, але самі марыйцы ў гаспадарчых мэтах выкарыстоўвалі ўласную знакавую пісьмовасьць — цішце, знакі якой выразаліся на дрэве. У 1775 годзе выходзіць першая граматыка луговамарыйскае мовы, гэтая ж праца лічыцца першым узорам марыйскай пісьмовасьці. У 1837 годзе выходзіць граматыка горнамарыйскай мовы. У часы Расейскай імпэрыі літаратура на марыйскіх мовах у асноўным абмяжоўвалася рэлігійнай галіной, што тлумачылася ўжываньнем місіянэрскае палітыкі ў дачыненьні да марыйцаў. З савецкіх часоў марыйскія мовы зьведваюць палітыку карэнізацыі, а потым — лацінізацыі, якія ў 1930-х гадох былі скасаваныя.

Рэлігія рэдагаваць

Гістарычна сярод марыйцаў практыкаваліся язычніцкія абрады, паводле якіх асоба лічылася цесна зьвязанай з прыродай. Згодна з гэтымі вераваньнямі, прырода служыць крыніцаю дабра, заўсёды дапамагаючы чалавеку ў выпадку, калі ён не выступае супраць прыроды або ня шкодзіць ёй[13]. Марыйскія язычніцкія вераваньні таксама маюць пантэон божышчаў, якія падзяляюцца на пэўныя катэгорыі. Гэтыя звышнатуральныя істоты, згодна зь вераваньнямі, уключаюць у сябе нябесных божышчаў, зь якіх найвядомы — Вялікі Белы Бог (Ош Кугу Юмо) і, у прыватнасьці, багоў агня (Тул Юмо) ды ветра (Мардеж Юмо). Апрача таго, вераваньні ўключаюць уяўленьні пра істотаў, якія маюць паўчалавеча-боскае паходжаньне, кераметаў, якія жывуць ня зямлі. Найбольш шанаваным зь іх лічыцца Чумбылат — божышча, якое ўвасабляе вайсковыя якасьці. Іншую вялікую ролю іграюць сьвятыя гаі, у якіх адбываюцца спэцыяльныя набажэнствы.

Па ўключэньні Іванам Жахлівым марыйскіх зямель у склад Маскоўскае дзяржавы ў XVI ст. пачаўся працэс зварачэньня марыйцаў у праваслаўе. У адрозьненьне ад іншых фіна-вугорскіх народаў Расеі, прыняцьце хрысьціянства ня стала ўсеагульным, і пэўная частка марыйцаў дагэтуль захоўвае язычніцкія вераваньні ў сынкрэтычных формах або ў выглядзе рэспубліканскіх рэлігійных арганізацыяў; паводле прыблізных падлікаў, каля 25—40% сучасных марыйцаў вызнаюць паганства.

Гісторыя рэдагаваць

Лічыцца, што першыя згадваньні пра марыйцаў сустракаецца ў VI ст. н. э. у гоцкага гісторыка Ярдана[14]. Продкі марыйцаў між V і VIII стагодзьдзямі ўзаемадзейнічалі з готамі, пазьней — з хазарамі й Волскай Булгарыяй.

У складзе Расеі рэдагаваць

Між ХІІІ і XV стагодзьдзямі землі марыйцаў знаходзяцца ў складзе Залатой Арды й Казанскага ханства, пры гэтым падчас войнаў між Масквою й Казаньню марыйцы ваявалі на абодвух бакох. Урэшце, у 1552 годзе з заваёваю Казанскага ханства Маскоўскай дзяржавай марыйскія землі сталі часткаю расейскай дзяржавы. Апрача казанскага й маскоўскага пэрыяду гісторыі марыйцаў вядомыя раньнія протафэадальныя ўтварэньні марыйцаў, у часы расейскага панаваньня — шэраг сялянскіх паўстаньняў поруч з прадстаўнікамі іншых народаў Паволжа з мэтаю абароны ўласных маёмасных правоў, якія адбываліся ў 15521557, 15711574, 15811585 гадох (вядомыя як Чараміскія войны — ад старой расейскай назвы марыйцаў черемисы).

Другая Чараміская вайна насіла нацыянальна-вызвольны й антыфэадальны характар, марыйцам удавалася прыцягваць да паўстаньня прадстаўнікоў іншых суседніх народаў. У вайне бралі ўдзел народы Паволжа, Прыўральля, ладзіліся набегі з боку Крымскага й Сыбірскага ханстваў, Нагайскай Арды й Турэччыны. Пачатак Другой Чараміскай вайны зьвязваецца з выправаю крымскага хана Даўлет-Гірэя, што скончыўся захопам і спальваньнем Масквы.

У першай палове XVI ст. некалькі тысячаў марыйцаў перасяляецца на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, шукаючы на тэрыторыі дзяржавы ратаваньня ад мясцовых фэадалаў. У Рэчы Паспалітай марыйцы пасяліліся ва ўкраінскіх ваяводзтвах Кароны, займаліся мескімі рамёствамі й вайсковаю службай. У краіне цягам пэўнага часу ўтварылі ўласную этнічную групу, вядомую як украінскія чамярысы.

СССР рэдагаваць

У часы РСФСР пры Наркамнацы (народы камісарыят па нацыянальнасьцях) была створаная адпаведная марыйская сэкцыя, мэтаю якога стала інтэграцыя марыйцаў у расейскае асяродзьдзе й прасоўваньне савецкае палітыкі сярод марыйцаў. На практыцы гэта спрычынілася да садзейнічаньня па нарыхтоўках хлебу, вярбоўцы салдатаў і рэалізацыі кантролю ўладаў над грамадзкім жыцьцём марыйцаў[15]. 4 лістапада 1920 году ў складзе РСФСР на большай частцы марыйскіх зямель утвораная Марыйская аўтаномная вобласьць, якая ў 1929 годзе ўвайшла ў склад Ніжагародзкае вобласьці, 5 сьнежня 1936 году статус аўтаномнай вобласьці падвышаны да аўтаномнай ССР. 22 кастрычніка 1990 году рэспубліка пераўтвораная ў Марыйскую ССР, 9 сьнежня 1992 году набыла сучасную назву[16][17].

Падчас існаваньня савецкага ладу пачалося масавае засяленьне традыцыйных марыйскіх тэрыторыяў мігрантамі зь іншых тэрыторыяў СССР, у прыватнасьці, расейцамі, што істотна скараціла дзелю марыйцаў у марыйскіх рэгіёнах. У часы кіраваньня Ёсіфа Сталіна зазнала рэпрэсіі вялікая колькасьць мясцовай інтэлігенцыі — настаўнікаў, навукоўцаў, мастакоў, а таксама лідэры рэлігійных арганізацыяў.

Сучаснасьць рэдагаваць

Па распадзе Савецкага Саюзу адзначылася тэндэнцыя да адраджэньня марыйскае культуры, якая, аднак, праз вызначаны час зноў пачала зьведваць заняпад. Так, на думку шэрагу аналітыкаў, сучаснае кіраўніцтва рэспублікі Марый Эл ажыцьцяўляе прыцясьненьне марыйскай ідэнтычнасьці[18][19]. У сваю чаргу, цяперашнія энтузіясты Марый Эл зьдзяйсьняюць адкрыцьцё факультатыўных заняткаў па марыйскае мове[20].

У 1995 годзе прынятая канстытуцыя Рэспублікі Марый Эл, паводле якой дзяржаўнымі мовамі рэспублікі зьяўляюцца марыйская й расейская мовы[21].

Расьсяленьне рэдагаваць

Асноўная частка марыйцаў пражывае ў Рэспубліцы Марый Эл, значныя дыяспары таксама існуюць у іншых рэгіёнах Паволжа. Найбуйнейшая дыяспара марыйцаў — у Башкартастане, больш за 100 тыс. чал.[1], значныя марыйскія грамады таксама пражываюць у памежных з Марый Эл тэрыторыях Кіраўскай, Ніжагародзкай вобласьцяў, а таксама ў іншых рэгіёнах: у Татарстане, Удмуртыі, Сьвярдлоўскай, Пермскай, Чалябінскай, Томскай вобласьцях, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе. Значныя дыяспары марыйцаў — ва Ўкраіне й Казахстане.

Перапіс насельніцтва ў Беларусі 2009 году засьведчыў у краіне наяўнасьць 416 марыйцаў, зь іх 106 чалавек указала ў якасьці роднай мовы мову сваёй нацыянальнасьці, 11 — беларускую[4].

Этнагрупы рэдагаваць

Сучасныя марыйцы падзяляюцца на дзьве асноўныя этнічныя групы — лугова-ўсходнія й горныя марыйцы, кожная зь іх паразьдзяляецца на меншыя этнаграфічныя групы.

Горныя марыйцы традыцыйна зьяўляюцца носьбітамі горнамарыйскае мовы й падзяляюцца на лясных марыйцаў і ўкраінскіх чамярысаў. Пад паняткам лугова-ўсходніх марыйцаў маецца на ўвазе гістарычна сфармаваная сукупнасьць лугавых і ўсходніх марыйцаў, якая падзяляецца на дзьве падгрупы — лугавых і ўсходніх. Апошнія, у прыватнасьці, пражываюць на Ўрале, будучы вядомымі ў рэгіёне прыкладна з XV ст. Асаблівым чынам вылучаюцца паўночна-заходнія марыйцы й група ў іх складзе — вятлускія марыйцы, якія агулам пражываюць на паўночным захадзе Ніжагародзкай і поўдні Кіраўскай вобласьцяў, складаючы ў рэгіёне аўтахтоннае насельніцтва і маючы ўласныя дыялекты. Горным марыйцам і лугова-ўсходнім марыйцам адпавядаюць горнамарыйская й луговамарыйская мовы адпаведна.

Антрапалёгія рэдагаваць

Марыйцы адносяцца да субуральскага антрапалягічнага тыпу, які адрозьніваецца ад клясычных варыянтаў уральскае расы заўважна большай дзеляй мангалёіднага кампанэнту[22].

Імя рэдагаваць

Гістарычна выкарыстоўваліся нацыянальныя марыйскія імёны, аднак праз кантакты зь цюркамі пранікалі цюрскія й мусульманскія імёны, а па прыняцьці часткай марыйцаў хрысьціянства — расейскія варыянты хрысьціянскіх. У сучасных марыйцаў часьцей за ўсё выкарыстоўваюцца расейскія імёны, аднак поруч адзначаецца тэндэнцыя да аднаўленьня выкарыстаньня марыйскіх.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Інфармацыйныя матэрыялы пра канчатковыя вынікі Ўсерасейскага перапісу насельніцтва 2010 году (рас.). Фэдэральная служба дзяржаўнае статыстыкі Расеі. Праверана 27 красавіка 2014 г.
  2. ^ Перапіс насельніцтва 2009 году (рас.). Агенцтва Рэспублікі Казахстан па статыстыцы. Праверана 27 красавіка 2014 г.
  3. ^ Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001. Разьмеркаваньне насельніцтва паводле нацыянальнасьці ды роднае мовы (укр.) Усеўкраінскі перапіс насельніцтва '2001 Праверана 26 красавіка 2014 г.
  4. ^ а б Перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 году. Насельніцтва паводле нацыянальнасьці й роднае мовы (рас.). БелСтат. Праверана 27 красавіка 2014 г.
  5. ^ Разьмеркаваньне насельніцтва Латвійскае Рэспублікі паводле нацыянальнага складу й дзяржаўнае прыналежнасьці (лат.). Упраўленьне па справах грамадзянства ды міграцыі. Праверана 27 красавіка 2014 г.
  6. ^ Rel 2011: Eestis elab 192 Rahvuse esindajaid (эст.) Перапіс насельніцтва Эстоніі 2011 году Праверана 26 красавіка 2014 г.
  7. ^ Усерасейскі перапіс насельніцтва 2002 г. (рас.)
  8. ^ а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
  9. ^ Распаўсюджанасьць валоданьня мовамі ў Расеі, 2002 г.
  10. ^ Валоданьне мовамі насельніцтва найбольш распаўсюджаных нацыянальнасьцяў у Расеі, 2002 г.
  11. ^ Валоданьне мовамі (акрамя расейскай) насельніцтвам асобных нацыянальнасьцяў паводле суб’ектаў Расеі, 2002 г.
  12. ^ Насельніцтва паводле валоданьня расейскай мове й суб’ектаў Расеі, 2002 г.
  13. ^ Шкалина, Г. Язычество народа Мари — феномен европейской культуры. — Этносфера.
  14. ^ В. А. Мочаев. Марийская биографическая энциклопедия. — Йошкар-Ола: Марийский биографический центр, 2007. — С. 152. — 486 с. — 2032 ас. — ISBN 5-87898-357-0
  15. ^ Stephen Blank. The Sorcerer as Apprentice: Stalin as Commissar of nationalities, 1917–1924. — London: Greenwood Press, 1994. — ISBN 978-0-313-28683-4
  16. ^ Закон РСФСР ад 24 траўня 1991 г. «Аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі (Асноўнага закону) РСФСР» (рас.). Вярхоўны Савет РСФСР. Праверана 27 красавіка 2014 г.
  17. ^ Закон Расейскае Фэдэрацыі ад 9 сьнежня 1992 г. N 4061-I «Аб зьменах і дапаўненьнях Канстытуцыі (Асноўнага Закону) Расейскае Фэдэрацыі — Расеі» (рас.) Праверана 27 красавіка 2014 г.
  18. ^ World Directory of Minorities and Indigenous Peoples - Russian Federation : Mari // refworld. — 2008.
  19. ^ Mari people complain of continued persecution by Russian officials // Helsingin sanomat.
  20. ^ Summer School of Mari Language and Culture // MariUver.
  21. ^ Канстытуцыя Рэспублікі Марый Эл, артыкул 15 (рас.). Канстытуцыйны Сход Рэспублікі Марый Эл (1995). Праверана 27 красавіка 2014 г.
  22. ^ Большая энциклопедия народов, М., 2007.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць