Максімільян Станіслаў Рыла

польскі езуіт, місіянэр

Максімільян Станіслаў Рыла (па-польску: Maksymilian Stanisław Ryłło; 31 сьнежня 1802, Падароск Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя ― 17 чэрвеня 1848, Хартум, Судан) ― каталіцкі місіянэр на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, філёзаф, археоляг.

Максімільян Станіслаў Рыла
Імя пры нараджэньні Maksymilian Stanisław Ryłło
Дата нараджэньня 31 сьнежня 1802
Месца нараджэньня в. Падароск Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні
Дата сьмерці 17 чэрвеня 1848 (45 гадоў)
Месца сьмерці Хартум, Судан
Кірунак місіянэрства
Асноўныя зацікаўленасьці археалёгія, тэалёгія

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў вёсцы Падароск на Гарадзеншчыне (цяпер у Ваўкавыскім раёне) у зьбяднелай шляхецкай сям’і. У 1817 року скончыў школу ў вёсцы Лыскаў Пружанскага павету, пасьля Полацкую езуіцкую акадэмію, атрымаўшы ступень магістра філязофіі. У 1820 паступіў на мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У сувязі з забаронаю ў Расейскай імпэрыі дзейнасьці езуітаў зьехаў у Рым, дзе ў 1824—1826 і 1830—1834 роках працягнуў навучаньне ў Папскім Грыгарыянскім унівэрсытэце, вывучаючы філязофію і багаслоўе. Атрымаў званьне прафэсара філязофіі. Выкладаў у езуіцкіх школах[1].

Місіянэрская дзейнасьць рэдагаваць

У 1836 выправіўся ў Лібан дзеля вывучэньня магчымасьці аб’яднаньня цэркваў і адкрыцьця каталіцкае акадэміі на Блізкім Усходзе. Як інспэктор Ватыкану, наведаў Малую Азію. У студзені 1837 у Ерусаліме сустрэўся з польскім паэтам Юльюшам Славацкім, пэўны час яны падарожнічалі разам. У красавіку 1837 року Максімільян Рыла наведаў Дамаск, Багдад, Масул і Нінэвію. Нароўні з сустрэчамі з прадстаўнікамі ўсходніх цэркваў ладзіў археалягічныя вышукі.

Напрыканцы 1837 вярнуўся ў Рым, дзе зрабіў падрабязны даклад папу Рыгору XVI пра рэлігійную сытуацыю на Блізкім Усходзе, прадставіў праект моладзевага каталіцкага калегіюму з росьпісам выдаткаў на ягонае ўтрыманьне.

У 1839—1841 ачольваў езуіцкую місію ў Сырыі, заклаў у Бэйруце навучальную ўстанову ― Collegium Asiaticum — з рознымі клясамі, друкарняй і музэем. Там навучаліся болей за 100 юнакоў. У 1875 року ўстанову атрымала статус унівэрсытэту сьв. Язэпа.

У 1841—1843 роках місіянэр на Мальце, дзе стварыў каталіцкую школу для хлопчыкаў. У 1843—1844 прапаведнік на Сыцыліі.

У 1844—1846 — рэктар Рымскага калегіюму (Collegium Urbanum) Кангрэгацыі прапаганды веры. У 1846 папа Піюс IX прызначыў яго апостальскім вікарыем Цэнтральнай Афрыкі ў сталіцы Судану ― месьце Хартум[2].

У 1848 року зьдзейсьніў падарожжа ў Каір і Александрыю. Расейскі падарожнік Ягор Кавалеўскі, які сустракаўся ў Хартуме з Рылам, адзначаў ягоную эрудыцыю, у прыватнасьці, добрае веданьне расейскай літаратуры[3].

Максімільян Станіслаў Рыла памёр падчас місіянэрскай паездкі, пахаваны на мясцовых могілках у Хартуме. У 1899 року рэшткі перанесеныя ў Каір на каталіцкія могілкі.

Навуковая дзейнасьць рэдагаваць

Першы з дасьледнікаў азнаёміўся з рэшткамі старажатнага Бабілёну, падараваўшы музэю Ватыкану калекцыю археалягічных знаходак. У 1837 року абраны ў папскую археалягічную акадэмію і Арыенталягічнае таварыства Францыі[4].

Выдаў камэнтары да кнігі заснавальніка Ордэна езуітаў Ігнацыя дэ Ляёлі «Духоўныя практыкаваньні» («Exercitia Spiritualia»).

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Czerminski T. Maksymilian Ryllo / Towarzystwo Iezusowego. — Krakow: Czcionkami drukarni «Czasu», 1911.
  2. ^ Michael Galea. The Padre Ryllo (анг.) Праверана 2013-02-02 г. Архіўная копія ад 2013-02-13 г.
  3. ^ История Судана (рас.) Праверана 02-02-2013 г. Архіўная копія ад 2013-02-13 г.
  4. ^ Цякала Н. М. Ад Падароска да вярхоўяў Ніла: да 200-годдзя з дня нараджэння Максіміліяна Рыла. — Ваўкавыск: Ваўкавыская цэнтральная бібліятэка, 2002.

Літаратура рэдагаваць

  • Первый исследователь Вавилона // Свіслацкая газета. — Ваўкавыск: 20 траўня 2008.
  • Koscialkowski S. O. Maksymilian Ryllo, T. J. 1802—1848. — Bejrut: 1946.
  • Karol A. Jezuita romantyczny — o. Maksymilian Ryllo. — Krakow: 1992.