Магілёўскі абласны тэатар драмы і камэдыі імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча

Магілёўскі абласны́ тэа́тар дра́мы і камэ́дыі імя Вінцэ́нта Ду́нін-Марцінке́віча — адзіны ў Бабруйску тэатар, месьціцца на вуліцы Сацыялістычная, 105. Названы ў гонар клясыка беларускае літаратуры Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.

Тэатар драмы і камэдыі імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча
Магілёўскі абласны тэатар драмы і камэдыі імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча

Бабруйскі тэатар
Абрэвіятура МАТДК
Дата ўтварэньня 1932 год
Тып Тэатар
Юрыдычны статус Дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Бабруйск, Магілёўская вобласьць
Кіраўніца Вераніка Вінэль
Загадніца трупы Людміла Калодчанка
Сайт www.teatr-bobr.by
Колішняя назва Дзяржаўны расейскі тэатар БССР (да 1935 г.), Бабруйскі абласны драматычны тэатар (да 1947 г.), Бабруйскі перасоўны беларускі драматычны тэатар (да 1962 г.), Бабруйскі музычна-драматычны тэатар (да 1965 г.), Магілёўскі абласны тэатар музычнай камэдыі (да 1970 г.)

Гісторыя рэдагаваць

Гісторыя тэатру ў Бабруйску мае даўгую гісторыю. У 1860-х тут дэбютавала знакамітая расейская акторка Марыя Савіна. Напачатку XX стагодзьдзя ў горадзе працаваў прыватны габрэйскі тэатар. У горадзе неаднаразова­ гастралявала трупа вядомага тэатральнага дзеяча Ўладзімера Кумельскага. У 1932 яе пераўтварылі ў Дзяржаўны расейскі тэатар БССР з базай у Бабруйску. Спэктаклі праходзілі ў памяшканьні клюбу пажарнага дэпо, будынак якога захаваўся дагэтуль. У 1932 ў цэнтры гораду адчыняецца новы тэатральны будынак, першы ў Беларусі з мэханізаванай сцэнай. У 1935 тэатар з Бабруйску пераводзяць у Магілёў. У 1938 ствараецца калгасна-саўгасны тэатар для абслугоўваньня сельскага гледача.

Пасьля вайны ў 1944 тэатар аднаўляе сваю дзейнасьць, і на яго базе неўзабаве ствараецца Бабруйскі абласны драматычны тэатар (пастанова № 918 Рады Народных Камісараў БССР ад 18 сьнежня 1944). Мастацкім кіраўніком яго быў рэжысэр Казімер Стэцкі, зьмяніў яго Мікалай Кавязін. Вось некаторыя назовы спэктакляў тых гадоў: «Урок жыцьця» У.Галаўчынера, «Човеншчыца» М.Пагодзіна, «Праўда добра, а шчасьце лепш» А.Астроўскага, «Дама-нябачнік» П.Кальдэрона, «Падступства і каханьне» Ф.Шылера, «За тых, хто ў моры» Б. Лаўранёва, «Расейскае пытаньне» К.Сіманава.

У 1947 тэатар пераводзіцца ў Горадню. А ў Бабруйску ў будынку, адноўленым у 1949, працуюць гастрольныя тэатры, ладзяцца вечары адпачынку і г. д. У 1956 пастановай № 316 Рады Міністраў БССР засноўваецца Бабруйскі перасоўны беларускі драматычны тэатар. Узначаліў яго Аркадзь Аркадзьеў. Рэпэртуар складаўся ў асноўным з п’есаў сельскае тэматыкі: драматургія М. Заруднага, А. Сафронава, С. Сьвірыдава, П. Васілеўскага. Амаль усе спэктаклі былі пастаўленыя А. Аркадзьевым, але некалькі пастановак клясычных твораў былі зробленыя рэжысэрам-пэдагогам Д. Арловым. Ад часу адкрыцьця ў 1957 спэктаклем паводле п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» тэатар у Бабруйску ўжо не спыняў свае дзейнасьці, толькі мяняў назоў і рэарганізоўваўся.

У 1962 — гэта Бабруйскі музычна-драматычны тэатар, у 1965 — Магілёўскі абласны тэатар музычнае камэдыі, на аснове якога ў 1970 арганізаваны Дзяржаўны тэатар музычнае камэдыі. У 1970 пачалася капітальная перабудова старога тэатральнага будынку.

Галоўнымі рэжысэрамі ў розны час былі Віктар Каралько, Франц Пуховіч, Міхаіл Кавальчык, Вадзім Мухін, Георгій Несьцер, Сяргей Паляшчанкоў, Валер Ласоўскі. Свае пастаноўкі ў тэатры ажыцьцяўлялі рэжысэры У. Шыманскі, А. Каменская, Б. Утораў, У. Унукаў, У. Сьмеян, М. Трухан, У. Баркоўскі, А. Паддубовік, У. Караткевіч, М. Дзінаў, С. Кавальчык, У. Савіцкі, Л. Бархатава, Я. Натапаў, Р. Таліпаў, Л. Монакава і іншыя. Галоўнымі мастакамі працавалі І. Чумакоў, А. Лешчанка, У. Матросаў, С. Антонаў.

У 1977 тэатар пераехаў у ізноў пабудаваны будынак і адкрыў свой тэатральны сэзон спэктаклем «Пінская шляхта» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, імя якога тэатар носіць ад канца 1977. У Бабруйску паўстаў і двойчы праводзіўся фэст нацыянальнае драматургіі імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча (у 1998 і 2001). У тэатры працавалі заслужаныя артысты БССР — Ніна Калаптур, Георгі Лаўроў, Пётар Масьцераў, Ларыса Федчанка, Браніслаў Баеў, Валер Філатаў, Георгі Маляўскі, Анатоль Жук. Тэатар неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародным фэсьце «Клясыка сёньня» ў Днепрардзяржынску (Украіна). У траўні ў 2006 на гэтым фэсьце тэатрам былі атрыманыя 3 узнагароды: за лепшую жаночую ролю другога пляну (Натальля Кашпур), лепшая маладая акторка фэсту (Віталія Лебедзева), дыплём за важкі фундуш у папулярызацыю клясыкі. Наладжаныя творчыя сувязі з тэатрам юнага гледача з Бранску й Калугі, з тэатрамі з Мазыру і Маладэчна, неаднаразова праводзіліся малыя абменныя гастролі.

Ад верасьня 2005 галоўным рэжысэрам тэатру прызначаная Тацяна Дарагабед. Галоўны мастак — У. Навакоўскі.

Рэпэртуар рэдагаваць

Назоў Аўтар Паводле
Уваходзьце, вы памыліліся дзьвермі Надзея Птушкіна Пакуль яна памірала
Ляўра й чатыры Жакі Габрыэль Ару
Тарцюф Мальер
Старэйшы сын Аляксандар Вампілаў
Сцэна ля фантану С.Залотнікаў
Вэстсайдзкая гісторыя Эрнст Леман
Ідылія Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Суцяшальнік удоваў Джузэпэ Марота
Блэз Клёд Манье
Жыцьцё чалавекаў… Нараджэньне Аляксей Слапоўскі
Жаданьне каханьня Эліза Ажэшка Над Нёмнам
Пігмаліён, ці амаль MY FAIRY LADY Бэрнард Шоў
Асьцярожна — жанчыны Парыжу! Андрэй Курэйчык
Жартаўнікі Аляксандар Астроўскі
Пясочны гадзіньнік Пётар Васючэнка
Бездань Аляксандар Астроўскі

Дзіцячыя спэктаклі рэдагаваць

Назоў Аўтар
Прыгоды Васі Няўмыткіна ў краіне Чуланіі Анатоль Маісееў
Таямнічы гіпапатам Уладзімер Ліўшыц, Ірына Кічанава
Чараўнік смарагдавага гораду Аляксандар Волкаў
Незвычайнае качаня Цім Энід Бляйтан
Выхадкі ката Васіля Н. Марчук
Чырвоны капялюш Яўген Шварц
Ян, Яніна й каралева Аварыя Г. Марчук
Пунсовая кветачка Сяргей Аксакаў
Крыштальны чаравічык Тамара Габэ
Дзюймовачка Ганс Хрысьціян Андэрсэн
Навагоднія прыгоды Машы й Віці Павал Фін, Уладзімер Лугавы
Кот у ботах Гайнц Каляў
Мэры Попінз Памэла Трэвэрз
Падарожжа ў краіну Чараўніц Вольга Караткевіч
Дзень народзінаў ката Леапольда Аркадзь Хайт
Ксюша й ейныя сябры Ніна Віленчык
Мароз Іванавіч Уладзімер Адоеўскі
Непаслухмяная запалка Васіль Ткачоў

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць